Даказана: “Лепшы смак” – у ляхавіцкай малочкі

Старшыня арганізацыйнага камітэта Андрэй Кірыенка (у цэнтры) уручыў дыпломы пераможцаў дырэктару малочнага завода Вячаславу Жукоўскаму і яго калегам.

Смачная, карысная, натуральная, лёгкая, апетытная — далёка не поўны пералік эпітэтаў, што можна пачуць ад спажыўцоў у адрас прадукцыі СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. Пра выдатны смак ляхавіцкай малочкі сведчыць яе запатрабаванасць і ў вясковых магазінах, і ў гіпермаркетах. А якасць і бяспеку яскрава пацвярджаюць шматлікія перамогі ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, удзел у прэстыжных выставах. На рахунку завода – прэміі ўрада і аблвыканкама за дасягненні ў галіне якасці, не адзін дзясятак дыпломаў і гран-пры.

Але работнікі прадпрыемства не лічаць, што дасягнулі ўсяго, і не збіраюцца спачываць на лаўрах былых заслуг і поспехаў, пастаянна ўдасканальваюць якасць прадукцыі і пашыраюць яе асартымент. І прадаўжаюць калекцыяніраваць… перамогі.

На гэты раз 5 відаў прадукцыі Ляхавіцкага малочнага завода “засвяціліся” (ды яшчэ з якім поспехам!) на буйнейшым харчовым форуме Усходняй Еўропы “ПРОДЭКСПО-2015”, які праходзіў напрыканцы лютага ў Маскве. Удзельнічалі ў ім прадстаўнікі з больш як 60 краін свету. У праграме форуму – і аўтарытэтны конкурс “Лепшы смак” (адзіны міжнародны конкурс прадуктаў харчавання на постсавецкай прасторы, дзе пераможцаў выбіраюць спажыўцы), які яшчэ назвалі “народным”. Кожны прадукт пакаштавалі ад 150 да 200 чалавек і вынеслі свой “вердыкт” – падабаецца ці не, наколькі больш за іншы. Прычым, як адзначыў старшыня арганізацыйнага камітэта міжнароднага конкурсу дэгустацыі “Лепшы смак” Андрэй Кірэенка, удзельнікам галасавання не былі вядомы ні назвы прадукцыі, ні кампаніі-вытворцы (усе ўзоры зашыфраваны пад нумарамі), таму ўсе прадпрыемствы знаходзіліся ў абсалютна роўных умовах. Хаця, па словах старшыні арганізацыйнага камітэта, многія расіяне, пачуўшы пра дэгустацыю беларускіх прадуктаў, адразу гаварылі: можна ставіць вышэйшы бал, нават не каштуючы.

Вынікам удзелу ў конкурсе СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” сталі 2 залатыя і 2 бронзавыя медалі, а таксама дыплом.

Першае месца ў сваіх намінацыях атрымалі ёгурт абястлушчаны з напаўняльнікам “персік” і смятана 26-працэнтнай тлустасці, трэцяе месца — крэм тварожны ўзбіты пастэрызаваны салодкі з напаўняльнікам “пламбір” і масла салодка-сметанковае несалёнае “Сялянскае” з масавай долей тлушчу 72,5 працэнта. А крэм тварожны пастэрызаваны з напаўняльнікам “вішня-шакалад” удастоены дыплома. Усе фіналісты атрымалі права маркіраваць прадукт-пераможцу знакам “ Лепшы смак” у рэкламных мэтах.

Як зазначыў дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Жукоўскі, перамога – заслуга ўсяго калектыву, кожнага на сваім працоўным месцы.

Пад апладысменты прысутных Андрэй Кірэенка ўручыў дыпломы за перамогу дырэктару Ляхавіцкага малочнага завода Вячаславу Жукоўскаму і начальніку вытворчасці Людміле Скараход.

—Такая перамога ў цяперашніх няпростых эканамічных умовах і пры ўзрастаючай канкурэнцыі асабліва важная і важкая. Яна – паказчык стабільнай работы. Завод выпускае натуральную, смачную прадукцыю. Каб апраўдаць давер спажыўцоў, мы абавязаны штодзень надаваць пытанням якасці прадукцыі найпершую ўвагу, — падкрэсліў дырэктар прадпрыемства.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Даказана: “Лепшы смак” – у ляхавіцкай малочкі: 1 комментарий

  • 12/03/2015 в 12:50
    Permalink

    Очень рада за наших. ляховичских! Достойная награда. Кстати. моя бывшая однокурсница была на этой выставке. С каким восторгом она рассказывала про вкусняшки от ляховичского молочного завода!. Она тоже дала ёй самый высокий бал. Я и мои внуки любят крем творожный со вкусом пломбира. И вобще, продукция очень по вкусу похожа на домашнюю. Браво!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *