Нам, народу Рэспублікі Беларусь… 15 сакавіка свой чарговы дзень нараджэння адзначае Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – Асноўны Закон, па якім жыве наша краіна

15 сакавіка свой чарговы дзень нараджэння адзначыць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – Асноўны Закон, па якім жыве наша краіна.
Сёння мы прыгадаем літаральна некалькі яе артыкулаў, якія датычаць кожнага з нас, з дзеяннем якіх мы сутыкаемся штодзень. У якасці каментарыя– некаторыя лічбы і факты, што падштурхоўваюць да роздуму.

Артыкул 45. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя.

Далучыць насельніцтва да здаровага ладу жыцця – адна з галоўных задач, якую вырашае беларуская медыцына. Хваробу лягчэй і танней папярдзіць – гэта факт. Як і тое, што хварэць па сённяшнім часе зусім не танна – і для саміх грамадзян, і для прадпрыемстваў і арганізацый, чые работнікі “бюлетэняць”, і для дзяржавы, якая бярэ на сябе немалую частку фінансавых клопатаў у выпадку нашай з вамі хваробы. Апошняе, у прыватнасці, яскрава пацвярджае непрадузятая статыстыка, якой падзяліліся ў цэнтральнай райбальніцы. Так, кожны бясплатны для пацыента амбулаторны прыём ва ўрача, напрыклад, каштуе бюджэту амаль 69 тысяч рублёў, выклік хуткай дапамогі абыходзіцца ў 306 тысяч, а сярэдні кошт аднаго дня лячэння ў стацыянары – больш як 333 тысячы рублёў. Прычым, калі размова ідзе, напрыклад, пра аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, то ложка-дзень тут абыходзіцца ледзь не ў 5 разоў даражэй, у тэрапіі крыху танней – “усяго” 293 тысячы. Найтаннейшы варыянт – дзённы стацыянар, дзень у якім ацэньваецца ў 31 тысячу рублёў.
Па інфармацыі намесніка галоўнага ўрача ЦРБ Міхаіла Куляшова, 5590 чалавек у раёне маюць права на бясплатнае і льготнае атрыманне лекавых сродкаў (удзельнікі і інваліды Вялікай Айчынанай вайны, інваліды 1-3 груп, дзеці да 3 гадоў, дзеці-інваліды да 18 гадоў, грамадзяне, якія пакутуюць захворваннямі, уключанымі ў спецыяльны пералік, і інш.). На гэтыя мэты сёлета плануецца накіраваць больш за 3,2 мільярда рублёў. 195 хворых на цукровы дыябет забяспечваюцца глюкометрамі і тэст-палоскамі да іх. 176 чалавек маюць права на бясплатнае зубапратэзаванне. На ўсё гэта таксама прадугледжаны бюджэтныя сродкі.
Гаворачы пра медабслугоўванне, проста нельга чарговы раз не прыгадаць пра кардынальныя змены ў абліччы і ўнутраным “змесце” раённай паліклінікі – такі падарунак жыхарам раёна быў зроблены летась. Зразумела, за дзяржаўныя сродкі.

Артыкул 47. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці…

Па інфармацыі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, у нашым раёне пенсіі атрымліваюць 8953 чалавекі. За мінулы год са сродкаў Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва выплачана пенсій на суму больш за 254 мільярды рублёў.
Клопат пра грамадзян шаноўнага ўзросту і тых, каму патрэбны асаблівая ўвага і дапамога, выплатай пенсіі не абмяжоўваецца. На надомным абслугоўванні ў ТЦСАН налічваецца 582 чалавекі. З іх 444– на ўмовах поўнай аплаты (летась, напрыклад, яна складала 120-200 тысяч рублёў у месяц, што, зразумела, не пакрывае ўсіх затрат на яе аказанне), 101 – на ўмовах частковай аплаты. 4 чалавекі абслугоўваюцца бясплатна. Яшчэ 33 вызвалены ад аплаты за надомнае абслугоўванне па рашэнні райвыканкама (ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і іх сем’і, сем’і загінуўшых ваеннаслужачых, былыя вязні фашысцкіх канцлагераў).
Пра дзейнасць аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН “ЛВ” пісаў неаднойчы – справа патрэбная і даволі запатрабаваная. Такія службы створаны па ўсёй краіне і закліканы рабіць жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі больш зручным і змястоўным.

Артыкул 49. Кожны мае права на адукацыю. Гарантуюцца даступнасць і бясплатнасць агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Па вялікім рахунку, усё канкрэтна і зразумела. Расходы на адукацыю ў бюджэце раёна традыцыйна самыя вялікія – амаль 40 працэнтаў ад агульнага аб’ёму бюджэтных расходаў. І гэта зразумела: на клопаце пра падрастаючае пакаленне дзяржава не эканоміць. Хаця спробы пераразмеркаваць гэтыя сродкі з мэтай больш эфектыўнага выкарыстання, безумоўна, вітаюцца.
Апошнім часам шмат увагі надаецца аптымізацыі ў сістэме адукацыі: невялікія вясковыя школы закрываюцца, вучні пераводзяцца ў бліжэйшыя – адрамантаваныя і добраўпарадкаваныя, педагогам прапануюцца вакансіі ў іншых навучальных установах.
Не сакрэт, што такія пераўтварэнні адразу задавальняюць не ўсіх. З аднаго боку, бацькоў, якія хвалююцца за сваіх школьнікаў, можна зразумець, як і настаўнікаў, якія жывуць побач са школай, шмат гадоў аддалі навучальнай установе.
Але ёсць і іншы бок справы, пра які добра ведаюць у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Яго начальнік Святлана Якубоўская нагадала, што сацыяльны стандарт прадугледжвае кошт навучання 13,5 мільёна рублёў на аднаго вучня ў год. У нашым раёне аналагічны паказчык у сярэднім перавышае 24 мільёны рублёў. А, напрыклад, самым дарагім для бюджэту атрымліваецца навучанне ў Свяціцкай сярэдняй школе – 50 мільёнаў на кожнага вучня, Востраўскай – 46 мільёнаў, Мядзведзіцкай – 44,6 мільёна. У стандарты, па словах Святланы Якубоўскай, укладваецца толькі СШ №2, дзе самы нізкі кошт навучання ў раёне (крыху больш за 13 мільёнаў рублёў на вучня) і стандартная напаўняльнасць класаў-камплектаў.
Апошні паказчык і ўплывае на кошт навучання. Адных грошай, у рэшце рэшт, будзе каштаваць вучыць клас, дзе займаюцца 2-3 ці 25-30 (як і прадугледжвае сацыяльны стандарт) вучняў: аднолькавая не толькі вучэбная праграма, але і зарплата і колькасць настаўнікаў, рахункі за ацяпленне і асвятленне кабінетаў і г.д.
У запісной кніжцы Святланы Якубоўскай занатавана: зараз у школах Ляхавіцкага раёна налічваецца 6 класаў-камплектаў, дзе займаюцца па 2 вучні, 7 – па 3, 12 – па 4 вучні. Не дацягвае да паўсотні колькасць вучняў у Свяціцкай СШ, у наступным годзе такі ж лёс чакае і Мядзведзіцкую. Між тым, у першай з названых педагогаў і тэхперсаналу – 36 чалавек, у другой – 41. Больш за
70 мільёнаў рублёў бюджэтных грошай пайшло на ацяпленне і электрычнасць у Мядзведзіцкай СШ толькі за люты. І гэта зусім не дробязі. Немалыя сродкі, якія сёння дзяржава выдаткоўвае на ўтрыманне малаколькасных школ, несумненна, могуць быць выкарыстаны больш эфектыўна: на закупку тэхабсталявання для школ, рамонт і добраўпарадкаванне, новыя камп’ютары, аўтобусы для падвозу школьнікаў і многае іншае.

Артыкул 51. Кожны мае права на ўдзел у культурным жыцці.

У нашым раёне сетка культурных устаноў налічвае 29 бібліятэк (у тым ліку раённыя Купалаўка і дзіцячая), столькі ж клубаў і дамоў культуры, 3 школы мастацтваў з філіяламі. Іх работнікі прыкладаюць усе намаганні, каб далучыць дзяцей і дарослых да свету прыгожага мастацтва, захаваць і прымножыць народную спадчыну, дапамагчы зрабіць вольны час землякоў змястоўным, а адпачынак – прыемным.
Калі мы ідзем на ўрачыстасці са святочнай нагоды ва ўтульную залу нядаўна капітальна адрамантаванага і мадэрнізаванага ГДК ці збіраемся на добраўпарадкаванай гарадской плошчы, то часцей за ўсё нават не задумваемся, што наш адпачынак – чыясьці сур’ёзная работа. Не толькі самадзейных артыстаў, а і тых, хто афармляе сцэну, рыхтуе касцюмы, падтрымлівае чысціню і парадак. Мы разлічваемся з імі (за выключэннем хіба толькі заезджых зорак, на чый канцэрт набываем білет за ўласныя грошы) апладысментамі і добрым настроем. Хаця, канешне, арганізацыя культурнага жыцця таксама не пазбаўлена меркантыльных аспектаў. Па інфармацыі аддзела культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, летась на цякучыя расходы на ўтрыманне дамоў культуры, клубаў і іншых устаноў клубнага тыпу, бібліятэк, школ мастацтваў у раёне зрасходавана больш за 18 мільярдаў бюджэтных рублёў.
Дарэчы, тых, хто адчувае цягу да прыгожага, цікавага і велічнага, жадае пакланіцца гістарычным святыням, з радасцю сустрэнуць у нацыянальных музеях. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Белавежская Пушча, Брэсцкая крэпасць-герой – пабываць тут лічаць справай гонару не толькі беларусы. Білеты ж у большасць нацыянальных музеяў абыдуцца ў даволі сімвалічныя сумы. І гэта пры тым, што на ўтрыманне музейных комплексаў, рэстаўрацыю і падтрыманне экспазіцый у належным стане дзяржава затрачвае вельмі і вельмі важкія сумы.

Гэты невялікі “экскурс” па радках Канстытуцыі з нелірычнымі адхіленнямі, безумоўна, не прэтэндуе на ўсёабдымнасць – мы закранулі далёка не ўсе нашы правы і абавязкі. А, між тым, пра кожны артыкул можна разважаць асобна і доўга. Да тэм, акрэсленых у іх, раёнка звярталася і яшчэ неаднойчы будзе звяртацца. Чытайце “ЛВ”. Ведайце Асноўны Закон сваёй краіны.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *