Дапамога падШЭФная

Памятаю, як у школьныя гады з нецярпеннем чакалі сярэдзіны верасня, каб на тыдзень-другі адарвацца ад школы і дамашніх заданняў на бульбяных палетках. Гэта быў своеасаблівы запамінальны рытуал. З вечара бацькі рыхтавалі ”сухі паёк”, а раніцай, ”узброіўшыся” ядой, вядром і рабочымі пальчаткамі, мы спяшаліся на школьны двор, адкуль на аўтобусе ехалі капаць бульбу ў калгас “Ляхавіцкі”. Па дарозе спявалі, гаманілі, ды і на полі, акрамя работы, хапала часу на смех і абмеркаванне апошніх падзей з жыцця класа і школы. А якое ж было задавальненне пасля працы сесці ў кружок і падсілкавацца на свежым паветры. І яшчэ прывезці дамоў кошык ці вядро адборнай бульбы. А літаральна праз некалькі тыдняў у школу прыязджаў калгасны касір і выдаваў кожнаму грошы, заробленыя ўласнымі рукамі. Трывала засталася ў памяці многіх так званая бульбяная сесія і падшэфная дапамога калгасам і саўгасам ва ўборцы бульбы, цукровых буракоў, морквы падчас вучобы ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах.
Гады ідуць, але па-ранейшаму сувязь шэфы-падшэфныя даволі цесная, а супрацоўніцтва ўзаемавыгаднае. Узяць хаця б на прыкладзе нашага раёна. Паміж сельгаспрадпрыемствамі Ляхавіччыны і школамі наладжаны ўзаемавыгадныя сувязі. Школьнікі дапамагаюць вясной збіраць каменне на палях, летам, па магчымасці, на жніве, а восенню па традыцыі без рабят цяжка ўявіць бульбяныя палеткі, уборку морквы ці збор яблыкаў.
А што ж шэфы? Яны таксама ў даўгу не застаюцца. Напрыклад, не першы год існуюць моцныя партнёрска-сяброўскія адносіны, якія можна без перабольшвання лічыць эталонам, паміж Дараўскім дзіцячым садам-сярэдняй школай і СВК “Дарава”. Рабяты — жаданыя памочнікі на сельгасработах, а сельгаскааператыў штогод дапамагае гэтай установе адукацыі падрыхтавацца да новага навучальнага года (будматэрыяламі і г. д.), бясплатна раз, а то і два на год возіць рабят на экскурсіі па Беларусі. Сёлета падарункам да 1 верасня стала дывановае пакрыццё, неабходныя электратавары.
Тое ж самае можна сказаць і пра СВК “Шлях новы”. Для Навасёлкаўскай САШ і мясцовага дзіцячага сада сельгаспрадпрыемства робіць нямала: фінансуе экскурсіі, дапамагае сельгаспрадукцыяй для школьнай сталовай, а сёлета разам з сельвыканкамам падарылі ноутбук. Клапоціцца не толькі пра Жарабковіцкую САШ, але і Падлескі ДС-САШ, а таксама і гарадскія школы СВК “Жарабковічы”.
Не адказвае ў дапамозе школам і СВК “Ляхавіцкі”. Гаспадарка спансіруе падрыхтоўку навагодніх ранішнікаў і іншых святаў, дапамагае ў набыцці апаратуры і г.д.
Сёлета КУСГП “Нача” і СВК “Канюхі” аплацілі экскурсіі для хлопчыкаў і дзяўчынак з Начаўскай САШ.
Падарункі (каляровыя прынтары) атрымалі Альхоўская САШ і Малагарадзішчанскі ДС-САШ ад ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс”.
Дзякуючы СВК “Ордэна ”Знак Пашаны” Кастрычнік” фільтры для ачысткі вады цяпер ёсць у Федзюкоўскім ДС-САШ, дапамагае гэта гаспадарка і Зубелевіцкай БШ.
Новыя стэнды з’явяцца ў Вост-раўскай САШ дзякуючы СВК “Востраў-Агра”.
Фермерская гаспадарка “Даманскае” ў мінулым го-дзе паставіла ў сталовую САШ №2 бульбу, моркву, буракі. Да 1 верасня гэтай навучальнай установе шыкоўны падарунак зрабіў СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” — музычную апаратуру коштам амаль 4 мільёны рублёў.
ПМК-13 за ўласныя сродкі адрамантавала кабінет у гімназіі.
Не застаецца ў баку ад школьных спраў і райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. У рамках рэспубліканскай акцыі “Прафсаюзы – дзецям”, прымеркаванай да Дня ведаў, райкамам прафсаюза, прафкамамі і наймальнікамі была аказана матэрыяльная дапамога школам, мнага-дзетным і няпоўным сем’ям для набыцця тавараў для школы амаль на 11 мільёнаў рублёў.
1,5 мільёна рублёў для 10 мнагадзетных сем’яў Ляхавіччыны, у якіх бацькі працуюць на прадпрыемствах АПК, выдзеліў Брэсцкі абласны камітэт галіновага прафсаюза.
Многім школам пашанцавала на шэфаў, а шэфам — на падшэфных. Тым больш, што некаторыя выпускнікі пасля атрымання спецыяльнасці ў ВНУ ці ССНУ вяртаюцца ў родныя гаспадаркі ўжо ў якасці маладых спецыялістаў.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *