Чытайце добрыя кнігі!

Гэта вераснёўскае свята адзначаюць не толькі работнікі бібліятэк – па прафесійнай прыналежнасці. Па вялікім рахунку яно – свята кнігі, а, значыць, і ўсіх, каму ў жыцці пашчасціла пасябраваць з ёю.
З чаго пачынаецца любоў да кнігі? З казак, што матуля чытала ў дзяцінстве перад сном. З першай самастойна прачытанай старонкі. З верша, што вывучыў на памяць па-за школьнай праграмы. З бібліятэчнай паліцы, на якой утульна размяшчаліся зачытаныя ці не да дзірак прыгодніцкія аповесці…
Для многіх з нас менавіта бібліятэка стала той крыніцай, што выхоўвае, развівае і пастаянна падсілкоўвае любоў да кнігі і чытання, падтрымлівае і задавальняе патрэбнасць у самаадукацыі, робіць адпачынак насычаным і змястоўным. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што гэты пералік можна працягваць яшчэ доўга, бо запыты сённяшніх наведвальнікаў бібліятэкі самыя розныя.
Адпаведна патрабаванням часу і запытам чытачоў, бібліятэкі даўно не абмяжоўваюцца кнігавыдачай і падпіскай на перыёдыку. Дапамагаюць арганізаваць вольны час гараджан і вяскоўцаў аматар-скія аб’яднанні, клубы па інтарэсах і гурткі, створаныя пры бібліятэках. Не першы год у Купалаўцы дзейнічае публічны цэнтр прававой інфармацыі. Наогул, установы бібліятэчнай сеткі Ляхавіччыны аказваюць сваім карыстальнікам 30 відаў платных паслуг – ад ксеракопіі і сканіравання да складання падборак і рэфератаў па неабходнай тэме і афармлення тытульных лістоў тых жа рэфератаў ці, напрыклад, дыпломных работ (паслугі, дарэчы, актуальныя і запатрабаваныя, асабліва сярод студэнтаў).
І ўсё ж бібліятэка часцей за ўсё асацыіруецца з кнігамі, часопісамі, газетамі. У фондах цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна налічваецца больш за 500 тысяч выданняў. Як расказала дырэктар ЦБС Ірына Лагун, за мінулы год фонд папоўніўся амаль 17 тысячамі экзэмпляраў друкаванай прадукцыі (з іх 5 тысяч – кнігі). Асноўная частка набыта за кошт сродкаў раённага бюджэту: на кнігі летась было выдаткавана больш за 18 мільёнаў рублёў, падпіска на перыёдыку “пацягнула” на 111 мільёнаў. І калі з кніжнымі навінкамі сітуацыя даволі напружаная (новыя паступленні, на жаль, не забяспечваюць патрэбы фондаў, сёлета за 8 месяцаў у бібліятэкі сістэмы паступіла 1476 кніг – з разліку 39 экзэмпляраў на кожную бібліятэку), то з падпіснымі выданнямі ўсё даволі прыстойна: увазе чытачоў 251 назва газет і часопісаў (у тым ліку больш за 100 запатрабаваных расійскіх).
Наладжаны ў бібліятэчнай сістэме (яна, дарэчы, налічвае 37 бібліятэк) і ўнутрысістэмны кнігаабмен. Такая арганізацыя работы дае магчымасць сельскім бібліятэкам, фонды у якіх, не сакрэт, значна больш сціплыя, чым у цэнтральнай, пастаянна прапаноўваць сваім чытачам нешта новае і цікавае, у тым ліку з камерцыйнага фонду. Апошні фарміруецца ў асноўным за кошт платных паслуг і ўключае падпісныя выданні, мастацкую літаратуру, галіновыя даведнікі, падручнікі.
Дарэчы, не засталіся без бібліятэчнага абслугоўвання жыхары маланаселеных вёсачак, дзе бібліятэк няма. Па маршруце з 11 населеных пунктаў рэгулярна выязджае бібліобус, укамплектаваны, акрамя кніжнага скарбу, партатыўным камп’ютарам і шматфункцыянальным устройствам.
“Наогул жа, у камп’ютарнай тэхніцы адчуваем істотны недахоп, — дзеліцца набалелым Ірына Лагун: — А камп’ютары бібліятэцы, якая сёння прэтэндуе на статус цэнтра інфармацыйных рэсурсаў, надзвычай неабходныя, каб ісці ў нагу з часам і найбольш поўна задаволіць запыты нашых наведвальнікаў. Праўда, у вырашэнні праблемы ёсць адчувальныя зрухі: у межах дзяржаўнай праграмы аўтаматызацыі бібліятэк камп’ютарызаваны бібліятэчныя ўстановы 9 аграгарадкоў, 8 з іх маюць доступ да інтэрнэту і электронную пошту”.
Між іншым, нягледзячы на ўсе праблемы, з якімі даво-дзіцца сутыкацца ў сваёй рабоце бібліятэкарам, Ляхавіцкая ЦБС з’яўляецца адной з лепшых на Брэстчыне. І ў гэтым ёсць заслуга ўсіх бібліятэчных работнікаў, якія ўкладваюць у справу душу, часцяком не лічацца з уласным вольным часам, праяўляюць цуды творчасці, сваім энтузіязмам шчодра дзеляцца з калегамі і чытачамі. Сярод іх, як адзначыла Ірына Лагун, асабліва вылучаюцца бібліятэкары Русінавіцкай, Тухавіцкай, Конькаўскай сельскіх бібліятэк. У рабоце з падрастаючым пакаленнем найбольш зацікаўленымі праявілі сябе супрацоўнікі Вялікалотаўскай, Ляхавіцкай сельскай (Каранеўшчынскай), Дараўскай, Малагарадзішчанскай СБ.
Сама Ірына Іванаўна любімай працы аддала 43 гады, ужо 28 гадоў кіруе цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай раёна. Яе плённая праца і шчырыя намаганні па развіцці бібліятэчнай сістэмы былі адзначаны шматлікімі працоўнымі ўзнагародамі, у ліку якіх – нагрудны знак “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
Усім работнікам бібліятэк – шчырыя віншаванні з прафесійным святам і ўдзячнасць за неабыякавасць і тую непаўторную атмасферу, што яны ствараюць для сваіх чытачоў. І няхай апошніх будзе больш.
Чытайце добрыя кнігі, землякі. Яны, як калісьці трапна заўважыў вялікі рускі пісьменнік Максім Горкі, – проста свята.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *