Твая бяспека ў тваіх руках. 7 ліпеня ў Ляхавіцкім раёне прайшоў чарговы Дзень аховы працы

Лепш недабраць пэўную колькасць прадукцыі, чым дзеля вытворчага поспеху ахвяраваць здароўем людзей. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч падчас знаёмства з арганізацыяй аховы працы на некаторых прадпрыемствах раёна падкрэсліў, што абавязковае патрабаванне да працы – яе бяспека.

Спачатку ўдзельнікі семінара (кіраўнікі, інжынеры і спецыялісты па ахове працы прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў) наведаліся ў ДП “Нача”, каб пазнаёміцца з санітарна-бытавымі ўмовамі, створанымі для механізатараў. У гэтым сельгаспрадпрыемстве лічаць немэтазгодным траціць вялікія грошы на набыццё дарагіх дапаможных прылад для бяспечнага рамонту машын і механізмаў: усё неабходнае зрабілі сваімі рукамі. Напрыклад, драўляныя калодкі для абмежавання руху колаў, якія для зручнасці пераносу забяспечылі надзейнымі брызентавымі рамянямі. Свае ўмельцы зварылі металічныя падстаўкі і многае іншае. Без вялікіх затрат зроблены душавыя, бытавы пакой, гардэробны. Бяспечнай рабоце садзейнічае парадак, наведзены як у майстэрні, так і на мехдвары: выдзелены спецпляцоўкі для захоўвання машын і механізмаў, металалому і адпрацаваных шын, нідзе нічога не валяецца, кожная дэталь на сваім месцы. Зімой у мехмайстэрні цёпла (мясцовыя кулібіны змайстравалі сістэму ацяплення). Уласнымі сіламі абсталяваны кузня, зварачны і такарны цэхі.

Дырэктар ДП “Нача” Мікалай Тарлюк адзначыў ініцыятыву інжынера па ахове працы Русланы Купрыш. Яна хоць і не вельмі даўно на гэтай пасадзе, але настойліва дабіваецца таго, каб кожны работнік прытрымліваўся тэхнікі бяспекі. У падмогу – кабінет па ахове працы, дзе праводзяцца інструктажы і заняткі – не дзеля “галачкі”. Галоўны інжынер гаспадаркі Аляксандр Рак перакананы, што і плакаты, і стэнды, і інструктажы па тэхніцы бяспекі працуюць тады, калі ўдаецца данесці да кожнага работніка: бяспека залежыць ад яго самога.

Некалькі гадоў назад на кансервавым заводзе адбыўся няшчасны выпадак. Работніца з-за няўважлівасці дрэнна закрыла аўтаклаў, атрымала апёкі. Пра гэтае здарэнне нагадаў дырэктар прадпрыемства Леанід Лейчанка. Ён прапанаваў удзельнікам семінара пазнаёміцца з умовамі працы, створанымі на старэйшым у раёне прадпрыемстве: душавыя, бытавыя пакоі, для інвентару, санвузлы і гардэробныя – усё тут абсталявана згодна санітарных патрабаванняў. Захаванне правіл тэхнікі бяспекі на заводзе лічаць вельмі важным і абавязковым пытаннем. Дырэктар перакананы, што кантроль павінен быць строгім, нават жорсткім ва ўсіх падраздзяленнях вытворчасці.

Аб’ектам увагі ўдзельнікаў раённага Дня аховы працы стала і райпо. Калектыў налічвае 327 чалавек розных прафесій: прадаўцы, грузчыкі, хлебапёкі, вадзіцелі, рамонтнікі, экспедытары. За 5 месяцаў года на паляпшэнне ўмоў працы прадпрыемства зрасходаваны істотныя сумы. У прыватнасці, абсталяваны кабінет па ахове працы, які, па словах інжынера па АП Уладзіміра Грыгаровіча, дзейнічае эфектыўна. Належным чынам аформлена дакументацыя, наглядная агітацыя. Тут заўсёды можна змераць ціск, а раніцай штодзень работнікі праходзяць агляд з выкарыстаннем алкатэстара. І ўсё ж, як было адзначана, выпадкі парушэння працоўнай дысцыпліны здараюцца: алкатэстары фіксуюць забароненыя праміле. З такімі работнікамі спыняюцца працоўныя кантракты і дагаворы.

Удзельнікі раённага мерапрыемства трапілі і на спецвыставу, арганізаваную Баранавіцкім камбінатам супрацьпажарных работ, прадстаўнік якога рэкламаваў сродкі аховы і пажаратушэння, расказваў пра меры перасцярогі на вытворчасці. КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” прапанавала варыянты спец-адзення, якое можна заказаць для работнікаў розных катэгорый і вытворчасцей.

Падвядзенне вынікаў мерапрыемства пачалося з заўвагі, адрасаванай старшыні праўлення райпо Васілію Некрашэвічу адносна стану актавай залы, куды запрасілі ўдзельнікаў. Па сутнасці, гэта наглядны прыклад неўладкаванага бытавога памяшкання: сцены патрэскаліся, сыплюцца тынкоўка і фарба – даўно патрэбен рамонт.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса праінфармаваў пра праведзеныя ў раёне мерапрыемствы па ахове працы. За першае паўгоддзе на гэтыя мэты зрасходавана 6,6 мільярда рублёў, у тым ліку на паляпшэнне ўмоў працы – 4,3 мільярда. Сур’ёзна клапоцяцца пра сваіх работнікаў на малочным заводзе, у ПМС, цэнтральнай раённай бальніцы, камунгасе, лясгасе, а найменш затрачана сродкаў у КУСП “Ліпнянка”, “Востраў”, “Тальмінавічы”, ПМК-17. Колькасць траўмаў на вытворчасці зніжаецца. Гэтаму садзейнічаюць і прафілактычныя рэйды мабільнай групы райвыканкама з абавязковым

удзелам яе сакратара, галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалая Бурбуця. З пачатку года зафіксавана 776 выпадкаў парушэнняў, выдадзена 53 рэкамендацыі, выкананне якіх пад кантролем.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч адзначыў, што мэтанакіраваная работа павінна прыносіць эфект. У раёне абсталяваны 24 спецыяльныя кабінеты з дакументацыяй, нагляднымі дапаможнікамі і інструкцыямі. Важна, каб яны працавалі, а не трымаліся “пад ключом”, на выпадак праверак. Для гэтага на пасадзе інжынера па ахове працы павінны быць людзі падрыхтаваныя, а не выпадковыя.

Засяроджвалася ўвага і на тым, што неўзабаве пачнецца жніво. Яно патрабуе асаблівай увагі кіраўнікоў і спецыялістаў па ахове працы і, зразумела, кожнага ўдзельніка. Трэба быць пільнымі ва ўсім: вызначыць месцы адпачынку, ведаць і захоўваць правілы тэхнікі бяспекі пры рабоце камбайнаў, перавозцы жатак, рамонце механізмаў і г.д. Асобныя патрабаванні – да працы непаўналетніх.

На завяршэнні сустрэчы старшыня райвыканкама выканаў традыцыйную місію –   узнагародзіў спецыяльнымі дыпломамі пераможцаў спаборніцтва, дзе летась праводзілася найбольш эфектыўная работа па ахове працы. Іх атрымалі УП “Ляхавіцкае ПМС”, СВК “Жарабковічы”, ТАА ”Бляшаначны завод “Інтэрлак”.

У семінары прыняў удзел начальнік міжраённага аддзела абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Канстанцін Турыбрын.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *