Дарагі наш ветэран. На Ляхавіччыне жывуць 32 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны

На жаль, з кожным годам усё менш тых, хто прайшоў выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны, хто набліжаў доўгачаканую Перамогу. Дзякуючы неўміручаму подзвігу сённяшніх ветэранаў і тых, хто загінуў у гады вайны, памёр пасля яе ад ран і хвароб, многія пакаленні нашчадкаў, усе мы жывём у свабоднай і міралюбівай краіне. Памяць пра герояў вайны, бязмежная ўдзячнасць ім палаюць у сэрцах мільёнаў людзей у знак глыбокай павагі да подзвігу прадзедаў, дзядоў, бацькоў. Па ўсёй краіне, у тым ліку ў нашым раёне, устаноўлены абеліскі, помнікі, дзейнічаюць музеі, экспазіцыі і пакоі баявой славы… Дзякуючы кінастужкам, кнігам, пажоўклым старонкам газет часоў вайны (сярод іх – і “Совецкі патрыёт”), сённяшнім СМІ і, безумоўна, самім ветэранам, наша моладзь ведае, каму абавязана шчасцем мірнага жыцця.

На Ляхавіччыне (па стане на 1 сакавіка) жывуць 32 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку 11 удзельнікаў, 12 інвалідаў вайны, 7 работнікаў тылу, 2 – прыфрантавыя ўчасткі чыгунак і аўтамабільных дарог, 29 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, 7 інвалідаў з дзяцінства па наступствах вайны.

У нашай краіне клопат пра ваенных ветэранаў – справа дзяржаўнай важнасці. Прэзідэнт краіны падпісаў указ аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ў сувязі з 70-годдзем Вялікай Перамогі інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, былым вязням фашысцкіх канцлагераў, членам сем’яў ваеннаслужачых, партызан, падпольшчыкаў, загінуўшых у гады вайны, работнікам тылу. Рашэннем Ляхавіцкага райвыканкама ветэраны Вялікай Айчыннай вайны таксама дадаткова атрымаюць матэрыяльную дапамогу і каштоўныя падарункі. Па ўсёй краіне, у тым ліку ў нашым раёне, ветэранам уручылі юбілейныя медалі “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”.

Спецыяльна створаная ў раёне камісія знаёміцца з бытавымі ўмовамі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, каб пры неабходнасці аказаць ім дапамогу ў вырашэнні самых розных праблем. Для гэтага прыцягваюцца сродкі мясцовага бюджэту і Фонда сацыяльнай абароны. Як паведаміла загадчыца сектара сацыяльнай падтрымкі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Катраль, сёлета з пачатку года са сродкаў Фонда сацыяльнай абароны выдаткоўваліся грошы па заявах удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны на пракладку водаправода, рамонт агароджы, пячнога ацяплення.

Здароўе ветэранаў, канечне, не самае трывалае – узрост шаноўны. Таму без дапамогі медыкаў ніяк. Спецыяльныя брыгады ў складзе тэрапеўта, стаматолага, акуліста, ЛОР-урача рэгулярна праводзяць надомнае медыцынскае абследаванне. Як паведамілі ў райбальніцы, з пачатку года абследаваны амаль усе ўдзельнікі і інваліды вайны, пяцёра атрымалі неабходнае стацыянарнае лячэнне ў камфортных палатах райбальніцы. Пад пастаянным кантролем здароўе ветэранаў і ў сельскіх медыкаў.

Не пакідаюць без увагі шаноўных людзей школьнікі. Традыцыйнымі і запатрабаванымі сталі ўрокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, экскурсіі па месцах баявой славы. Цімураўцы, валанцёры не толькі напярэдадні святаў, а пастаянна дапамагаюць ветэранам у хатніх справах, проста прыходзяць пагаварыць, паслухаць успаміны, падбадзёрыць і стварыць добры настрой.

Рабяты з усіх школ раёна ўключыліся ў агульнарэспубліканскую акцыю “Вянок славы”: з лютага па май вырабляюць вянкі з разнастайных матэрыялаў. Вучні разам з настаўнікамі рыхтуюць сваімі рукамі падарункі: паштоўкі, кісеты. Вянкі будуць ускладзены да помнікаў вызваліцелям, а падарункі ўручаць ветэранам. Школьнікі дасылалі фотаздымкі на конкурс “Перамогі незгасальнае святло”. А работа юнага фатографа з цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Дзяніса Кароліка “Яны ішлі дарогамі вайны” заняла 3-е месца ў рэспубліканскім конкурсе. У конкурсным фінале ў межах акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” за перамогу пазмагаюцца экскурсаводы з Тухавіцкай, Тальмінавіцкай школ, СШ № 2. Запамінальнымі не толькі для падрастаючага пакалення, але і для запрошаных гасцей, сярод якіх на пачэсным месцы — ветэраны вайны, сталі экскурсіі па школьных музеях .

Не застаюцца ў баку ад слаўнай даты культработнікі – арганізоўваюць сустрэчы, ушанаванні, віншаванні.

Падарунак да юбілею Перамогі падрыхтавала і райпо. Хутка стартуе акцыя, падчас якой у магазінах плануюцца скідкі на харчовыя і прамысловыя тавары пры прад’яўленні пасведчання ўдзельніка вайны.

Як расказаў начальнік Ляхавіцкага вузла электрычнай сувязі Анатолій Лукашэвіч, з 7 па 11 мая ўсе ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны — абаненты Белтэлекама – змогуць бясплатна карыстацца міжгародняй тэлефоннай сувяззю ў межах Беларусі. Да таго ж яны атрымаюць у якасці падарунка сэрвісныя тэлефонныя карты наміналам 16000 тарыфных адзінак, з дапамогай якіх можна бясплатна званіць са стацыянарнага тэлефона.

ПСУП “Аўтацэнтр “Вікторыя” на працягу года праводзіць бясплатны тэхагляд транспартных сродкаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, і падатак на ўтрыманне дарог ветэраны аплачваюць у памеры 50 працэнтаў.

Канешне, матэрыяльная дапамога з’яўляецца важнай часткай агульнадзяржаўнага клопату. Але ёсць яшчэ і іншы бок. Простыя ўвага і клопат, словы падтрымкі і ўдзячнасці значаць для ветэранаў вельмі і вельмі многа. І калі кожны з нас проста павіншуе шаноўнага чалавека з ваеннымі ўзнагародамі са святам, пажадае здароўя і шчасця, гэта таксама будзе падарункам ад шчырага сэрца.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *