Захоўваць вечна, ці Сумленне абавязвае шанаваць

Трымаю ў далонях татавы медалі — “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Вены”, “За ўзяцце Будапешта”, “За абарону Каўказа”, “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”, першы сярод юбілейных “20 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”. Прыгадваю год 1965-ы, калі юбілейная адзнака была заснавана. Тады, у маі, буялі неверагодны бэз і вішні, і як жа многа людзей з ваеннымі ўзнагародамі ў дзявяты дзень апошняга месяца вясны ішлі ў цэнтр Ляхавіч да помніка загінуўшым. Самым маладым франтавікам і партызанам было ўсяго па сорак гадоў.

Сёння ім па дзевяноста. Шаноўны ўзрост шаноўных людзей, якім наканавана было прайсці праз Вялікую Айчынную і стаць пераможцамі. Іх вуснамі сёння гаворыць сама гісторыя, бяспрыкладна гераічная, у якой мужнасць узведзена ў абсалют. Толькі вось рады герояў парадзелі, час ні для каго не робіць выключэнняў…

На грудзях ветэранаў, хто сёння ў жыццёвым страі, днямі зазіхацеў шосты па ліку юбілейны медаль – “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”. Дарагая сэрцу адзнака за подзвіг, сведчанне высокай вартасці, стойкасці і мужнасці, сілы чалавечай, непахіснасці. Яны, звязаныя з вайной узнагароды, бясцэнныя. Хаця калекцыянеры маюць сваё меркаванне наконт гэтага… І як бы ні рэзалі вока, ні ўпіваліся болем у душу радкі накшталт “куплю медалі,..” з’яўляліся яны ў некаторых газетах і інтэрнэце нярэдка. Добрая навіна: днямі на сесіі Савета Рэспублікі быў адобраны законапраект аб увядзенні адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за гандаль дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь, СССР і БССР. З уступленнем закона ў сілу, толькі ўладальнік узнагарод зможа распараджацца імі, захоўваць у сябе ці перадаць на захоўванне родным альбо аддаць у музей.

…Роўна праз два тыдні прыйдзе прыгожы, напоўнены самымі высокімі пачуццямі юбілей. 70 – гэта цэлае жыццё, і такі ўзрост міру нашаму ад нараджэння Вялікай Перамогі. Зямля Брэстчыны памятае ўсю эпапею вызвалення да драбніц, ляхавіцкая – у тым ліку. Вывучаем гісторыю і адкрываем яе нанова. Белых плям, за якімі няведанне, становіцца менш. Напрыклад, у мінулым снежні аж праз 73 гады вярнуўся дадому, у родную зямельку, салдат, які да гэтага лічыўся без вестак прапаўшым, адзін з тых, хто загінуў за Перамогу, – Міхаіл Жытко прызыву 1941-га…

Прыгадаю супрацоўніцу райваенкамата Таццяну Дарашэнка, якая сваім чалавечым, грамадзянскім, прафесійным абавязкам лічыць пошук – і ў невядомых герояў знаходзяцца імёны.

Помнікі над брацкімі магіламі, абеліскі, курганы – у раёне 51 такі адрас. Кожнаму з гэтай паўсотні патрабуецца памяць, клопат нашчадкаў. Да юбілейных урачыстасцяў тут павінен быць абсалютны парадак. Стараюцца валанцёры, нераўнадушныя людзі, моладзь, школьнікі. Рамантуюць, абнаўляюць помнікі на брацкіх магілах дырэктар “БелГранітСэрвісу” Аляксандр Вальчук і яго калегі. Раённая арганізацыя ГА “Белая Русь” палічыла абавязковым асабісты ўдзел у гэтай важнай кампаніі: рамонт помніка ў аграгарадку Падлессе ажыццяўляецца пры яе матэрыяльнай падтрымцы. Наша раёнка, якая нарадзілася ў партызанскім Машукоўскім лесе ў кастрычніку 1943-га пад назвай “Совецкі патрыёт” і па сутнасці была ўдзельніцай Вялікай Айчыннай, вельмі пастаралася, каб адзін з помнікаў – той, што знаходзіцца пры дарозе ў аграгарадку Дарава, – быў абноўлены да юбілею.

Нагодай для гонару з’яўляецца і стос школьных сачыненняў, якія дасланы на адрас “ЛВ” і РК БРСМ удзельнікамі творчага конкурсу “Мужнасцю сваёй у неўміручасць крочылі”. Праўнукі пра прадзедаў”. Але пра гэта – у адным з бліжэйшых нумароў, як і пра шчырыя радкі юных землякоў, што ўзялі ўдзел у акцыі “Пісьмо ветэрану!”.

…Глядзім старыя кінафільмы, плачам над знаёмым сюжэтам “Дзяўчынка шукае бацьку” і над трагічным фіналам, што хаваецца за спакойнай назвай “А світанкі тут ціхія…”. Гартаем сямейныя альбомы, дзе фотаздымкі ваенных гадоў з маладымі прадзядулямі, дзядулямі, бацькамі ў салдацкай форме. У каторы раз выціраем слёзы, калі гучыць у запісе непаўторны бернэсаўскі голас, які спявае пра жураўлёў, ці Шульжэнка – пра сінюю хустачку. На думку прыходзіць простае, як двойчы два: мір – вось што самае галоўнае, а тыя, хто адстаяў яго, – героі назаўсёды. Гэта ўсведамленне-асэнсаванне-веданне трэба захоўваць – вечна.

І яшчэ: самы дасканалы навігатар у жыцці – сумленне. А сумленне абавязвае шанаваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне памяць, памяць, памяць.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *