У Зоркі – двойня. Патлумачыць прычыну гэтага спецыялісты СВК “Жарабковічы” не могуць, але іменна на Сваятыцкай малочнатаварнай ферме Ляхавіцкага раёна каторы год у кароў нараджаюцца двойні.

Патлумачыць прычыну гэтага спецыялісты СВК “Жарабковічы” не могуць, але іменна на Сваятыцкай малочнатаварнай ферме ўжо каторы год у кароў нараджаюцца двойні. Загадчыца МТФ Тэрэза Несцяровіч расказала, што летась па 2 цяляці нарадзілі 7 кароў, сёлета ўжо 6 рагуль прынеслі двойні. У мінулым годзе 3 двойні былі і на Зарытаўскай МТФ, на астатніх, як звычайна: ад кожнай каровы, якая расцялілася, – адно цяля.

На думку галоўнага заатэхніка гаспадаркі Леаніда Новіка, многае залежыць ад работы ветфельчара-асемянатара Аляксандра Зянько, які вядзе строгі ўлік расцёлаў кароў, сочыць за іх рэпрадукцыйным здароўем.
У сельгаскааператыве створана група спецыялістаў па аднаўленні статка, у складзе якой ветурач-гінеколаг, заатэхнік, фельчары-асемянатары, работай якіх кіруе заатэхнік-селекцыянер Ніна Рачкоўская. Адна з галоўных задач групы — дабіцца як мага большага прыплоду статка. Летась на 100 кароў і цялушак у сельгаскааператыве атрымана 107 цялят. Фарміраванне высока-прадукцыйнага статка – шлях да атрымання высокіх надояў. 37 рагуль на фермах гаспадаркі даюць па 7 тысяч кілаграмаў малака, ёсць 2 “васьмітысячніцы”, ад 239 кароў надойваюць па 6 тысяч кілаграмаў малака. На ўліку кожнае цяля, атрыманае ад высокапрадукцыйных кароў.
Сёлета, пасля ўводу ў дзеянне першай чаргі новага комплексу ў Жарабковічах, малочны статак папоўнілі 320 цялушак, да канца года запланавана ўвесці яшчэ 600 высокапрадукцыйных жывёлін.
Работа па аднаўленні статка станоўча адбіваецца і на надоях малака. Сёння ў гаспадарцы надойваюць ад кожнай каровы па 15 кілаграмаў. Канешне, гэта далёка не той вынік, які могуць дасягнуць у СВК “Жарабковічы”. Гуліцкая МТФ лічыцца самай старой і найменш уладкаванай не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне. Але ад кожнай каровы штодзень тут надойваюць па 23 кілаграмы малака вышэйшага гатунку. А вось гэта якраз тлумачыцца проста: на Гуліцкай МТФ працуе вельмі згуртаваны калектыў даярак і жывёлаводаў. Яны з адказнасцю адносяцца да любой справы, якая датычыць паспяховай работы іх фермы.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *