Спартыўную сесію — на выдатна

Нярэдка ўніверсіяду называюць студэнцкай алімпіядай. З чаго і вынікае, што найперш трэба стаць уладальнікам студэнцкага білета, і толькі пасля разлічваць на ўдзел у спаборніцтве. Але білет усяго ўмова, пропускам жа на старт служыць выключна высокае спартыўнае майстэрства. Ёсць універсіяда сусветная, праводзяцца ўніверсіяды па асобных відах спорту. Адна з такіх – рэспубліканская па самба – нядаўна завяршылася пад Мінскам.
Для здачы спартыўнай сесіі ў алімпійскім спарткомплексе “Стайкі” сабраліся барцы-студэнты фактычна ўсіх ВНУ краіны. У ліку іншых самбістаў, каманду вядучага тэхнічнага ўніверсітэта краіны прадстаўляў і наш зямляк, трэццякурснік БНТУ Уладзіслаў Цярпіцкі. Навуку быць моцным, спрытным, умелым і церплівым у любой з сітуацыі Цярпіцкі пачынаў засвойваць у Ляхавіцкай ДЮСШ у трэнера-выкладчыка Віктара Богуша. Апошні і падзяліўся з “ЛВ” прыемнай навіной. Рэспубліканскую ўніверсіяду самбістаў Улад выйграў, стаў лепшым сярод барцоў самай цяжкай – 100 кілаграмаў – вагавай катэгорыі. Для гэтага спатрэбілася“прайсці” чатырох сапернікаў. Уладзіслаў Цярпіцкі трэніруецца пад кіраўніцтвам Заслужанага трэнера СССР і Беларусі, уладальніка 8 дана дзюдо Сямёна Гуманава. Сямён Абрамавіч – адзін з заснавальнікаў беларускага дзюдо, доўгі час у якасці трэнера развіваў адзінаборства ў тагачасным БПІ, правапераемнікам якога БНТУ і з’яўляецца.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *