Пад марш Мендэльсона. 15 мая — Дзень сям’і

На плошчы Перамогі, 3 у райцэнтры размясціўся аддзел запісу актаў грамадзянскага стану райвыканкама.

55 пар з пачатку года ў раёне зарэгістравалі шлюб, 21 – у красавіку. Сярэдні ўзрост сёлетніх маладажонаў 31 год у мужчын і 28 – у жанчын. Дарэчы, нямала і тых, хто лічыць, што пасля 40 жыццё толькі пачынаецца і афармляе шлюб у далёка не юнацкім узросце. Сёлета такіх у раёне 21 чалавек. А 3 дзяўчыны выйшлі замуж яшчэ да паўналецця.

Наогул, у аддзел загса людзі звяртаюцца і ў дні радасці, і ў дні смутку. Рэгістрацыя шлюбаў і нараджэнняў дзяцей – невялікі, але самы прыемны ўчастак дзейнасці работнікаў аддзела. Акрамя гэтага, у кола іх абавязкаў уваходзяць рэгістрацыя ўсынаўлення, устанаўлення бацькоўства, перамена прозвішча, скасаванне шлюбу, выдача даведак, пасведчанняў і іншых дакументаў, што ўтрымліваюць звесткі з запісаў актаў грамадзянскага стану, і іншае.

Начальнік аддзела загса Людміла Палтарак і галоўны спецыяліст Вольга Новік стараюцца галоўныя і светлыя падзеі жыцця землякоў зрабіць непаўторнымі і запамінальнымі. Па жаданні маладых шлюбная цырымонія можа быць арганізавана, акрамя залы загса, у Доме культуры і ў любы дзень тыдня. Прыемна, што некаторыя нашы землякі выбіраюць вядзенне цырымоніі на роднай беларускай мове.

Асаблівая ўвага надаецца сем’ям-юбілярам. У мінулым годзе работнікі аддзела правялі ганаровую рэгістрацыю ізумруднага вяселля сям’і Якава і Джаміліі Міскевічаў, рубінавага – сям’і Соф’і і Станіслава Марчыкаў.

Радасць і шчасце – нараджэнне дзяцей. З пачатку года 113 разоў  «прылятаў бусел» на Ляхавіччыну. Штогод у раёне, па словах Людмілы Палтарак, рэгіструюцца і двойні. Сёлета шчаслівымі бацькамі першынцаў Яраслава і Станіслава сталі Надзея і Мікіта Гусакі. Самае папулярнае імя, якое даюць бацькі сваім дачушкам, – Дар’я і Паліна, Вікторыя і Ульяна. Хлопчыкаў часцей называюць Максімамі, Аляксандрамі, Міхаіламі, Паўламі і Станіславамі.

Каштоўны скарб аддзела – архіў, у якім захоўваюцца запісы са жніўня 1944 года. Па іх можна прасачыць не толькі сямейную гісторыю ляхавічан, але і раённую дэмаграфію. Ёсць тут і запісы касцёльных і царкоўных метрык. Дарэчы, у загсе ўстаноўлена аўтаматызаваная камп’ютарная сістэма і ўсе запісы актаў грамадзянскага стану вядуцца не толькі ў папяровым, але і ў электронным варыянце.

Вось такая незаменная служба, куды хоць аднойчы ў жыцці звяртаецца кожны чалавек.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *