Сястрынскі статус. У Ляхавіцкай ЦРБ вызначалі лепшую медсястру /фота/

Лепшая медсястра па выніках конкурсу – Ганна Вайцяк.

Урачыста і святочна было 12 мая, у Міжнародны дзень медыцынскай сястры, у актавай зале цэнтральнай раённай бальніцы, дзе вызначалі лепшую сястрычку. Традыцыйны па часе правядзення, сёлета конкурс адрозніваўся ад ранейшых. У Год моладзі за ганаровы тытул змагаліся не вопытныя майстры медыцынскай справы, а 10 спецыялістаў, якія прыступілі да выканання сваіх прафесійных абавязкаў у леташнім жніўні.

Заключным этапам іспытаў, што падсумаваў набытыя канкурсанткамі на працоўных месцах веды і ўменні, стаў дзень іх прафесійнага свята. Акрамя таго, медсёстры дэманстравалі свае творчыя здольнасці.
Падчас так званай візітоўкі маладыя спецыялісты апавядалі, а некаторыя нават у вершаванай форме, пра асаблівасці сваёй работы, дзяліліся, чаму медыцына стала для іх пры-званнем, расказвалі пра рысы, якія вызначаюць людзей у белых халатах.
Практычныя іспыты нагадвалі пісьмовы залік, на якім лабаранткі, акушэркі і медсёстры спяшаліся даць правільны адказ. Падчас дамашняга задання канкурсанткі прадэманстравалі журы і калегам, што яны не толькі выдатныя спецыялісты сваёй справы, але цудоўныя рукадзельніцы і майстрыхі.
Галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў агучыў вынікі прафесійнага спаборніцтва. Першае месца журы прысудзіла медсястры пра-
цэдурнага кабінета хірургічнага аддзялення Ганне Вайцяк. Другое месца заняла фельчар-лабарант клініка-дыягнастычнай лабараторыі ЦРБ Любоў Свірыдэнка. Замкнула тройку лідараў акушэрка Тухавіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Анастасія Валадзько. Прыз глядацкіх сімпатый старшыня прафсаюзнага камітэта ЦРБ Васілій Гарбачоў уручыў акушэрцы аглядавага кабінета паліклінікі Ганне Ткач, а ўсім прэтэндэнткам на ганаровы тытул – падарункі.
У гэты дзень гучалі віншаванні і цёплыя словы ў адрас медыцынскіх работнікаў. Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень пажадала людзям у белых халатах здароўя і дабра, прафесійных поспехаў і адзначыла, што быць медсястрой – вялікая адказнасць.
Уладзімір Усцюшкоў уручыў граматы і падзячныя пісьмы.
Галоўная медыцынская сястра райбальніцы Ала Туркіна падкрэсліла, што, акрамя добрасумленнасці і добразычлівасці, яе калегам уласцівы фізічная вынослівасць і пастаяннае прафесійнае самаўдасканаленне.
Святочны настрой і музычныя віншаванні дарыла медыкам народная эстрадная студыя “Экспрэс”.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Галоўная медсястра райбальніцы Ала Туркіна (у цэнтры) з удзельніцамі конкурсу.

Тройка лідараў

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *