Перад падарожжам у звонкае лета. Аддзел адукацыі, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама загадзя паклапаціўся пра карысны і бяспечны вольны час рабят

Вучэбны год робіць апошнія крокі, а дарослыя плануюць адпачынак і занятак дзяцей на канікулах. Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама загадзя паклапаціўся пра карысны і бяспечны вольны час рабят.

670 школьнікаў раёна будуць аздараўлівацца ў лагерах з дзённым знаходжаннем пры ўстановах адукацыі і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Педагогі прадумваюць для іх цікавыя праграмы адпачынку, якія, акрамя пазнавальна-забаўляльных мерапрыемстваў і конкурсаў, прадугледжваюць абавязковыя спартыўныя, а таксама экскурсіі і паходы. Важным складальнікам добрага адпачынку з’яўляецца паўнацэннае харчаванне хлопчыкаў і дзяўчынак.

Бацькоўская даплата за 18-дзённую пуцёўку ў лагер пры школе для дзяцей 6-10 гадоў складае 50000 рублёў, 11-13 гадоў – 115900 рублёў; пры ДЮСШ у залежнасці ад узросту дзяцей – ад 56000 рублёў да 196400 рублёў. У гарадскіх школах у чэрвені хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць сумясціць працу з адпачынкам. Бацькоўская даплата ў працоўным лагеры – 100000 рублёў.

Перад заездам дзяцей прыхарошваецца, добраўпарадкуецца летнік “Чайка”. Увесь апошні месяц вясны работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, школ тут чысцяць і фарбуюць, абкошваюць тэрыторыю і высаджваюць кветкі, выконваюць іншыя работы. Сярод абновак летніка – новы санітарны блок.

Адкрые сезон у “Чайцы” спартыўная змена фізкультурна-аздараўленчага профільнага лагера “Колас”, які перамясціўся сюды з Ляхавіцкай ДЮСШ. З 5 чэрвеня для 80 хлопчыкаў і дзяўчынак на працягу дзевяці дзён тут будуць праходзіць вучэбна-трэніровачныя заняткі па розных відах спорту, якія дапоўняць змястоўны адпачынак. Другая, трэцяя і чацвёртая змены працягам па 18 дзён прымуць усіх рабят, якія жадаюць набрацца сіл і энергіі ў гэтым папулярным прыгожым куточку. Закрыюць летні сезон зноў спартсмены.

Аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем “Эўрыка” і “Выратавальнік” другі год размяшчаюцца ў Жарабковіцкай СШ. У “Эўрыцы” школьнікі 7- 8 класаў змогуць паглыбіць веды па беларускай і замежнай мовах, весела і цікава адпачыць. Праграма абаронна-спартыўнага “Выратавальніка” – для тых, хто бачыць сябе ў будучыні выратавальнікам ці міліцыянерам.

Турыстычныя прыгоды ў профільным перасоўным палатачным лагеры “Рабінзоны” пачнуцца ў чэрвені. Рабінзоны будуць падарожнічаць па раёне, адточваць тэхніку турызму і навыкі паходнага жыцця, вывучаць гісторыю роднага краю.

Педагогі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў прышкольных лагерах і “Чайцы” збіраюцца разнастаіць вольны час рабят творчымі і цікавымі справамі.

Усяго ў раёне за 3 месяцы плануецца аздаравіць у лагерах з кругласутачным знаходжаннем 535 школьнікаў. Да 29 мая ўсе месцы адпачынку павінны атрымаць пашпарты гатоўнасці да сезона.

А бацькам, дзеці якіх на канікулах будуць знаходзіцца дома, неабходна загадзя паклапаціцца пра іх бяспеку і здароўе. Пастаянна трымаць іх у полі зроку, ведаць, чым яны займаюцца і дзе знаходзяцца.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *