Добры дом у Ганчарах Ляхавіцкага раёна

Зноў напоўніўся галасамі будынак былога дзіцячага сада ў вёсцы Ганчары. Ідэя стварэння ў нашым раёне дома сумеснага пражывання для пажылых грамадзян і інвалідаў узнікла даўно. Разглядаліся розныя варыянты, вывучыўся вопыт работы аналагічных устаноў у іншых рэгіёнах краіны. Галоўная ўмова — каб людзям было камфортна і не адзінока. У мінулы чацвер адбылося ганчароўскае наваселле на Паркавай, 2. Да чатырох тутэйшых жыльцоў са святочнай нагоды завіталі шматлікія госці. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч лічыць важным, каб чалавек не адчуваў сябе пакінутым. Вячаслаў Сельмановіч і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Пішч перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку. Благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко адслужыў малебен, асвяціў памяшканні і падарыў навасельцам ікону. Культработнікі мясцовага СДК сумесна з удзельніцамі ўзорнага ансамбля эстраднай песні “Пунцовыя агеньчыкі” падрыхтавалі канцэрт.

Дом сумеснага пражывання разлічаны на 8 пастаяльцаў. Пакуль тут уладкаваліся 4 мужчыны з Мінічаў, Гарадзішча, Мядзведзічаў, Начы. У кожнага свой лёс, свае прычыны перабрацца сюды: хтосьці застаўся адзін, другі не можа ці не хоча жыць разам з дзецьмі ці ўнукамі, іншаму цяжка самастойна абслугоўваць сябе. Важна, што ім у гэтым доме вельмі падабаецца. “Тут добра. Такія смачныя стравы гатуюць і вельмі пра нас клапоцяцца. Шчыры ім дзякуй”, — гаворыць 85-гадовы Фёдар Захаравіч. “І з суседам мне пашанцавала, адразу знайшлі з ім агульныя тэмы”, — далучаецца да размовы Міхаіл Іванавіч.

У пакоях жывуць па двое, ёсць аднамесны і трохмесны. Устаноўлены новыя ложкі, куплены матрацы, неабходныя пасцельныя прыналежнасці, посуд, абавязкова – аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Сацыяльныя работнікі гатуюць ежу, прыбіраюць, мыюць бялізну — клапоцяцца пра сваіх падапечных, якія грошы на набыццё прадуктаў, аплату камунальных паслуг і сацыяльнага работніка выдаткоўваюць з уласнай пенсіі. Пры жаданні можна схадзіць у магазін, які насупраць. І, канешне ж, добры бонус — свежае паветра і цудоўныя пейзажы.

Супрацоўнікі ТЦСАН (менавіта яны рамантавалі, прыбіралі) добра папрацавалі і стварылі камфортныя ўмовы для тутэйшых жыльцоў. Як расказала Галіна Пішч, звярталіся з просьбай аб дапамозе да прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў. Адгукнуліся райпо, ТАА “Трансэлектракамлект”, “Ібіра” ТДА “Карвента”, фермерская гаспадарка “Даманскае”, заводы “Металапластмас”, “Інтэрлак”, раённая арганізацыя таварыства Чырвонага Крыжа. У актавай зале лічбавы тэлевізар — падарунак ад Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, зроблены падчас нядаўняга “сацыяльнага дэсанту” ў наш раён.

Кіраўнік раёна ўпэўнены, што наваселле ў Ганчарах—толькі першая ластаўка ў такім дабрачынным пачынанні: плануецца адкрыццё аналагічных устаноў у іншых вёсках і аграгарадках раёна.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *