Любімая кветка – яблыневая. Самыя запамінальныя падзеі, якія папярэднічалі Дню моладзі, узгадвае першы сакратарЛяхавіцкага райкама БРСМ

Самыя запамінальныя падзеі, якія папярэднічалі Дню моладзі, узгадвае першы сакратар райкама БРСМ Тамара Пракап’юк. Канешне, абвяшчэнне 2015-га Годам моладзі ды яшчэ ў юбілейны год Вялікай Перамогі і для мяне, і для ўсіх сяброў па БРСМ – падзея ўрачыстая, ганаровая і адказная. Ёй падпарадкаваны нашы намаганні, творчасць, ідэі і справы.

Пачатак года быў азнаменаваны 42 з’ездам БРСМ, які адбыўся 19-20 студзеня ў фармаце адкрытага дыялогу “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня”. Самыя яркія ўражанні – ад выступлення на форуме Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, ад той высокай ацэнкі, якую ён даў пераемніку камсамола – Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі, ад пастаўленых перад намі маштабных задач, ад дзяржаўнай падтрымкі. Са з’езда мы вярнуліся натхнёныя, з жаданнем быць максімальна карыснымі сваёй Радзіме, сваім землякам.

З самай шчырай пашанай і ўдзячнасцю да тых, хто адстаяў мір і заваяваў Вялікую Перамогу, мы рыхтаваліся да слаўнага юбілею, сімвалам якога па ініцыятыве БРСМ стала яблыневая кветка. Ганарымся, што атрымалася так пранізліва чула, прыгожа, сімвалічна. Цяпер гэта назаўсёды мая самая любімая кветка. Мы наведалі кожнага ветэрана, які пражывае на тэрыторыі раёна. Нашы валанцёры не пакінулі без сваёй увагі ні аднаго абеліска. У вёсцы Ураджайная бээрэсэмаўцы сумесна з навасёлкаўскімі школьнікамі пасадзілі парк у гонар 70-годдзя Перамогі. Лічу вельмі важным саўдзел з рэдакцыяй “Ляхавіцкага весніка” ў арганізацыі і правядзенні творчага конкурсу “Мужнасцю сваёй у неўміручасць крочылі. Праўнукі пра прадзедаў”. А яшчэ РК БРСМ удзельнічаў у абласным конкурсе сацыяльнай рэкламы, прысвечанай слаўнаму юбілею.

Пад асаблівым патранажам БРСМ знаходзіцца творчая моладзь раёна. Ганарымся, што ў рэспубліканскіх конкурсах “Новыя імёны Беларусі” і маладых выканаўцаў эстраднай песні ў Маладзечне ляхавічанін Андрэй Цямчык быў сярод лепшых. Ганарымся і ўдзелам у праекце БРСМ “100 ідэй для Беларусі” і тым, што навучэнка ЛДАКа Дар’я Басаковіч з работай па тэме “Новае жыццё музея” ўдзельнічала ў абласным этапе конкурсу. Гучна заявілі пра сябе нашы юныя землякі, у тым ліку гімназісты Ніно Квернадзэ (дыплом І ступені ў рэспубліканскім конкурсе даследчых работ) і Дзмітрый Ракашэвіч (стаў уладальнікам прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў). І гэта не адзінкавыя прыклады.

Вызначу аптымістычны факт: штогод у раён накіроўваюцца па размеркаванні маладыя спецыялісты. А гэта значыць, што дабаўляецца ў нашым асяроддзі творчасці, дзёрзкіх планаў, прыгожых мараў і спраў. Медыкі, педагогі, спецыялісты сельскай гаспадаркі, работнікі гандлю, іншых галін народнай гаспадаркі ўліваюцца ў дружны атрад раённай арганізацыі БРСМ. Літаральна днямі-тыднямі чакаем чарговага папаўнення. Пераканана, што яно будзе актыўным і нераўнадушным.

Асобна — пра будатрадаўскі рух. Яго гісторыя ў нашым раёне дае падставы для гонару. А сёлета з 20 ліпеня ўсё той жа лдакаўскі “Флагман” у складзе 20 чалавек – самых лепшых навучэнцаў установы — пачне сваё будатрадаўскае лета на рамонце інтэрната ў каледжы. І яшчэ. Сёлета ўпершыню не адзін, а тры педагагічныя студэнцкія атрады створаны для працы ў аздараўленчым лагеры “Чайка”. Першы атрад разам з першай зменай летніка на месца прызначэння прыбыў.

Як ніколі актыўныя сёлета валанцёрскія атрады БРСМ: іх увага і клопат прысвячаюцца дзецям-інвалідам, ветэранам. Займаюцца і добраўпарадкаваннем райцэнтра. Упершыню прымалі ўдзел у абласным злёце валанцёрскіх атрадаў. У пэўнай ступені апошняя падзея паўплывала на ўздым актыўнасці нераўнадушных юных ляхавічан.

Сёння членскія білеты грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” маюць 1197 нашых землякоў. Вельмі хачу, каб іх стала больш.

Запісала Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *