Крымінал. Здарэнні Ляхавіцкага раёна

«Градусныя” гонкі

У раёне праводзіцца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на барацьбу з незаконным абаротам алкагольнай прадукцыі. Вынікі першага тыдня ўражваюць: толькі ў вёсцы Канюхі міліцыянеры знайшлі і знішчылі 260 літраў брагі, у Рагачах – 60, у райцэнтры – 35 літраў. Прычым вытворцы атруты на продаж усё тыя ж і неаднойчы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Не пазбегнуць яе і на гэты раз. У працяг алкагольнай тэмы: з пачатку чэрвеня за з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане затрымана больш за 40 жыхароў раёна  (5 жанчын).

П’яным быў і вадзіцель, які ўчыніў дарожна-транспартнае здарэнне. Днём 22 чэрвеня жыхар Тухавічаў, 1978 года нараджэння, без вадзіцельскіх правоў, недалёка ад аграгарадка Востраў выбраў няправільную скорасць, не справіўся з кіраваннем, выехаў на сустрэчную паласу руху, з’ехаў у кювет, дзе машына перакулілася. У выніку ДТЗ пасажырка атрымала цялесныя пашкоджанні. Справа перададзена ў раённы аддзел Следчага камітэта.

Замок  не перашкода

…РАСК узбуджана крымінальная справа адносна невядомага, які з гаража вынес бензакасу і бензапілу на агульную суму 8 мільёнаў рублёў. Шукаюць і злодзея, які з хлява ў Сакунах украў 25 курэй.

Макавы дурман

З 1 чэрвеня па 15 верасня на тэрыторыі раёна праходзіць аперацыя “Мак” па выяўленні і знішчэнні дзікарослых зараснікаў канапель і маку. Ужо выяўлена 7 такіх “міні-плантацый”. На гаспадароў чатырох з іх складзены адміністрацыйныя пратаколы, што прадугледжваюць, згодна арт. 16.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь на кожнага. Яшчэ тры макавыя “ўчасткі” – безгаспадарчыя.
Пільнае вока рэдакцыі выявіла ў самым цэнтры Ляхавіч на гарадской клумбе раслінную «персону нон грата» (ёсць фотапацвярджэнне). Як і належыць законапаслухмяным грамадзянам, праінфармавалі аб гэтым міліцыю. «Міні-макавы» пейзаж ліквідаваны, ва ўсякім разе, на гэтым месцы.

Са зводкамі знаёмілася Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *