Зноў тысяча. Зноў «Ляхавіцкі»

З працоўнай перамогай — першай намалочанай тысячай тон збожжа — сямейны экіпаж Алейнікаў віншуе старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч.

СВК “Ляхавіцкі” штогод славіцца хлебным ураджаем. Сёлета ўраджайнасць тут зноў адна з самых высокіх на Брэстчыне – 76,5 цэнтнера з гектара на далёка не самых “бальных” землях. У мінулым нумары “ЛВ” менавіта адсюль пісаў рэпартаж пра адну са знакавых жніўных падзей: першую тысячу тон збожжа новага ўраджаю намалаціў экіпаж у складзе старшага камбайнера Віктара Кардаша і камбайнера Сцяпана Вітко. А літаральна праз дзень у палку раённых тысячнікаў адбылося чарговае папаўненне, і зноў у “Ляхавіцкім”.

Столькі гасцей залацістыя палеткі з трыцікале, што каля Грушаўкі, не бачылі даўно. Заглушыўшы матор, з кабіны камбайна выходзяць загарэлыя пад жнівеньскім сонцам галоўныя героі гэтага дня – лідары сярод сямейных экіпажаў Сяргей і Андрэй Алейнікі – бацька і сын.

З першай сёлета “сямейнай” тысячай хлебаробаў павіншаваў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч.  Падзячныя пісьмы экіпажу і падарункі камбайнерам уручыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай   Вайцешык. Таксама былі сувеніры, вымпелы перадавікоў ад райкама ГА БРСМ і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, канцэрт літаральна на некалькі хвілін ад артыстаў з ГДК – даўжэй нельга, хлеб чакаць не будзе.

Госці з падарункамі і віншаваннямі спяшаліся ў мінулую пятніцу яшчэ па адным “ляхавіцкім” адрасе – на зерняток гаспадаркі. Менавіта сюды сваю тысячную тону зерня перавёз малады вадзіцель Аляксандр Чабатарэнка – лідар у раёне сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы збожжа.

На жніве з ранку да вечара са сваімі працаўнікамі старшыня СВК ”Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко. Хто як не ён – Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі – ведае цану кожнага зярнятка і тое, якой напружанай працай даецца такі важкі ўраджай.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *