Хто ў Моталі бывае, той яго не забывае

На гэты раз VII міжнародны кулінарны фестываль “Мотальскія прысмакі”, што праходзіў 7-8 жніўня ў аграгарадку Моталь Іванаўскага раёна, сабраў яшчэ больш удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Ізраіля. Нямала было і гледачоў, якія прыехалі не толькі з розных абласцей Беларусі, але і краін-суседак. Цікавая і насычаная праграма фестывалю ўключала выставы-продажы і дэгустацыю нацыянальных страў, у тым ліку прадстаўленых лепшымі аграсядзібамі Брэстчыны, выставы работ народных умельцаў. Вышыванкі, ільняныя кашулі, нацыянальныя касцюмы, саматканыя карціны, работы майстроў разьбы па дрэве і шмат яшчэ чаго прыгожага, самабытнага можна было ўбачыць і купіць у горадзе майстроў.

Усе свае таленты, арыгінальнасць, творчы падыход прадэманстравалі і ляхавіцкія самадзейныя артысты – удзельнікі народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК (мастацкі кіраўнік Таццяна Пішч). Навасёлкаўскія артысты тройчы выступалі на сцэнічных пляцоўках Моталя: спачатку ў канцэртнай частцы фестывалю, потым наша Лявоніха з “Вечарніцай” удосталь павесялілі гледачоў падчас аўтарскай песенна-гульнёвай праграмы “На базары я была”. На гала-канцэрце навасёлкаўскія артысты спявалі песню “Мы славяне”. За актыўную канцэртную дзейнасць “Вечарніца” атрымала дыплом Іванаўскага райвыканкама і запрашэнне паўдзельнічаць зноў у “Мотальскіх прысмаках”.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *