Правілы прафілактыкі

З пачатку года пракуратура Ляхавіцкага раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі органамі праводзіла комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне законнасці і правапарадку, паляпшэнне крымінагеннай сітуацыі, павышэнне ўзроўню прафілактычнай работы, абарону правоў і законных інтарэсаў насельніцтва, грамадства і дзяржавы.

Нягледзячы на прынятыя меры, у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года сёлета ў першым паўгоддзі адзначаны рост колькасці зарэгістраваных злачынстваў з 92 да 95.

Хаця каэфіцыент злачыннасці ў раёне адзін з самых нізкіх у вобласці, трывогу выклікае рост крадзяжоў (з 33 да 38), забойстваў (з 1 да 2), прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Кожны трэці крадзёж учынены раней судзімымі, таму прафілактычнай рабоце з данай катэгорыяй асоб пракуратура раёна ў другім паўгоддзі будзе надаваць павышаную ўвагу.

Падчас праверак выканання заканадаўства па прафілактыцы правапарушэнняў былі выяўлены недахопы ў арганізацыі работы саветаў грамадскіх пунктаў, што дзейнічаюць на тэрыторыі асобных сельсаветаў. РАУС і сельвыканкамам неабходна больш актыўна праводзіць інфармацыйна-асветніцкую антыалкагольную работу сярод насельніцтва.

У першым паўгоддзі па матэрыялах РАУС узбуджана 4 крымінальныя справы па фактах пагрозы забойствам і ў сувязі з прычыненнем цялесных пашкоджанняў членам сям’і. Разам з тым, дзейнасць міліцыі і сельвыканкамаў па папярэджанні падобных злачынстваў недастатковая, не заўсёды яны валодаюць інфармацыяй пра канфлікты ў сем’ях, своечасова прымаюць меры па ізаляцыі скандалістаў у ЛПП. У сувязі з выяўленымі парушэннямі пракуратура раёна ўнесла 3 прадстаўленні, 36 службовым асобам аб’яўлена афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона.

Шырока выкарыстоўваецца такая форма абароны інтарэсаў грамадзян, прадпрыемстваў і арганізацый як зварот з іскавай заявай у суд. Сёлета пракурор накіраваў у суд 23 іскавыя заявы на агульную суму больш як 600 мільёнаў рублёў, адна – у эканамічны суд і 4 заявы аб узбуджэнні загаднай вытворчасці на суму 957 мільёнаў рублёў.

Нагляд за выкананнем заканадаўства – адзін з асноўных напрамкаў пракурорскай дзейнасці. У першым паўгоддзі праведзена 25 праверак дзяржаўных органаў, арганізацый, суб’ектаў гаспадарання. Праверкі паказалі, што па-ранейшаму дапускаюцца парушэнні працоўнай дысцыпліны, заканадаўства, накіраванага на захаванасць уласнасці, і інш.

Праводзяцца праверкі выканання патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1. Устаноўлена, напрыклад, што арганізацыі і прадпрыемствы раёна прымаюць пэўныя меры па выкараненні п’янства, але часта дзейнасць камісій па барацьбе з п’янствам носіць фармальны характар – на пасяджэнні не запрашаюцца асобы, схільныя да злоўжывання спіртных напіткаў.

Выяўляюцца і парушэнні тэхнікі бяспекі, аховы працы. Так, у ДП “Нача” не забяспечана выкарыстанне паверанага прыбора для правядзення агляду на ступень алкагольнага ап’янення, не вядзецца спецыяльны журнал і іншае.

Арганізацыі раёна не заўсёды прымаюць неабходныя меры па спагнанні шкоды, якая была нанесена наймальніку залішнімі грашовымі выплатамі, падзяжом жывёлы (ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, УАЗ “Ляхавіцкая ЦРБ” і іншыя).

Пракуратурай раёна па выніках праведзеных у першым паўгоддзі праверак унесена 14 прадстаўленняў аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць, вынесена 12 прадпісанняў, 23 пратэсты на акты, якія супярэчаць дзеючаму заканадаўству. Афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці паўторнага парушэння заканадаўства 44 асобы. Па актах, складзеных пракурорам, 2 юрыдычныя асобы і 11 фізічных прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, 29 – да дысцыплінарнай, 15 фізічных асоб – да матэрыяльнай адказнасці на суму больш як 47 мільёнаў рублёў, 5 юрыдычных асоб – на суму больш як 6 мільёнаў рублёў.

Сяргей ДЗЯЖКО,  пракурор раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *