”Медуніца” круглы год у Ляхавіцкім раёне

Вёска Набярэжная, вул. Ціхая, 27 – гэты адрас знаёмы многім аматарам адпачынку на прыродзе. Менавіта тут размяшчаецца першая ластаўка агратурыстычнага бізнесу раёна – аграсядзіба “Медуніца”. Аграсядзібы тады з’яўляліся адна за адной, чаму спрыялі вялікія льготы, што дзяржава прапанавала жадаючым займацца гэтым відам дзейнасці. Раскруціцца, праўда, змаглі не ўсе. “Медуніца” – добрае выключэнне.

– Калі амаль 15 гадоў   назад браў участак пад дачу, пра аграсядзібы нічога не ведаў. А потым неяк усё атрымалася само сабой. Зацікавіўся ідэяй, наведаў першыя комплексы турыстычнага бізнесу Брэстчыны і Міншчыны. Вырашыў паспрабаваць. Тым больш, што мясціны вакол маляўнічыя. Жонка задумку падтрымала. Чаму назвалі “Медуніца”? Прыгожая назва гаючай лекавай расліны, – расказвае гаспадар аграсядзібы Аляксандр Панфіла.

За 8 гадоў існавання ў ёй адпачнулі некалькі тысяч чалавек, многія – не аднойчы. Без перабольшвання, тут забываеш пра праблемы і клопаты, адчуваеш на сабе дзіўныя вынікі яднання з прыродай. Пах свежаскошанай травы, дагледжаныя газоны і кветнікі, сажалка, сцяжынка, што вядзе да Шчары.

Любіце шашлыкі ці барбекю? Калі ласка, – абсталявана пляцоўка з мангалам і ўсім неабходным для абеду ці вячэры на свежым паветры. Аддаяце перавагу стравам, прыгатаваным на патэльні? І такія густы ўлічылі ў “Медуніцы” – усталявалі рускую міні-печ на сучасны лад. Кажуць, надзвычай смачнай у ёй атрымліваецца смажанка. Можна прыгатаваць карпа ў смятане, злоўленага ў тутэйшай сажалцы.

Аматары рыбалкі ацэняць мясцовыя зручнасці і перавагі. У якасці ўлову – не толькі карпы, а і карасі, шчупакі, ліні, акуні.

У “Медуніцы” сваім гасцям прапануюць не толькі смачны, але і экалагічна чысты дэсерт – мёд. Ёсць магчымасць паўдзельнічаць у мядовай нарыхтоўцы, галоўнае – трапіць сюды ў сезон.

А што за лазня тут – казка! Папарышся ў ёй – і маладзееш.

Увогуле, у “Медуніцы” паклапаціліся пра аматараў здаровага ладу жыцця. Вясной, летам і восенню – прагулкі на веласіпедзе, ціхае паляванне – збор ягад, грыбоў, лекавых раслін, зімой – катанне на лыжах. Можна паплаваць на лодцы, а можна проста пася-

дзець на лавачцы каля Шчары, памарыць, падумаць, а раніцай убачыць ні з чым непараўнальнае нараджэнне новага дня.

Прыветна запрашае адпачываючых двухпавярховы домік (разлічаны на 12 спальных месцаў), дзе можна арганізаваць і запамінальна адзначыць юбілей, вечарыну, сустрэчу былых аднакласнікаў. Іншай кампаніі знойдзецца месца яшчэ ў адным доміку побач.

Ёсць у “Медуніцы” і бібліятэка, дзе можна знайсці свае любімыя творы. Для тэлеаматараў – спадарожнікавае тэлебачанне і, канешне, камп’ютар. Пра спорт ужо згадвалі. Засталося дадаць, што гаспадары паклапаціліся і пра аматараў настольнага тэніса, більярда, шашак, шахматаў.

Апошнім часам Аляксандр Панфіла, які даўно цікавіцца гісторыяй Ляхавіччыны, прыдумаў яшчэ адну цікавую прапанову: пешыя і веласіпедныя экскурсіі па месцах, звязаных з Першай сусветнай вайной, дзе да нашых дзён захаваліся шматлікія дзоты і доты. І, як сцвярджае Аляксандр, інтарэс да гэтага праяўляюць не толькі замежныя госці (іх таксама нямала пабывала ў “Медуніцы”), але і адпачываючыя з Беларусі.

Пабываўшы ў аграсядзібе, падумалася: усё ж такі невыпадкова яна атрымала назву “Медуніца”. Тут для адпачываючых нібы мёдам намазана.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *