Шкляны “ўраджай”

Ёсць людзі-наватары, для якіх новая справа бы глыток свежага паветра – натхняе і дае сілы. Да такіх адносіцца індывідуальны прадпрымальнік Валерый Пронька, жыхар вёскі Ураджайная, чалавек надзвычай энергічны і працаздольны. Маючы дыплом ВНУ, паспытаў сябе не ў адной прафесіі, нават некалькі гадоў узначальваў сельгаспрадпрыемства ў Ляхавіцкім раёне. А роўна год назад, у мінулым верасні, адкрыў сваю справу па нарыхтоўцы шкла.

– Я не вынайшаў нешта новае. Асновы дзейнасці ў гэтым накірунку “падгледзеў” у адной сталічнай кампаніі, – расказвае Валерый Пронька. – Вось і задумаў стварыць падобнае ў нашым рэгіёне. Справа пайшла.

Пачынаў Валерый Іванавіч са стацыянарнага пункта ў Баранавічах і перасоўнага пункта, які калясіць па дарогах не толькі нашага раёна. Напачатку года да ягонай гаспадаркі дабавіліся яшчэ па адным стацыянарным і перасоўным пункце. А індывідуальны прадпрымальнік на гэтым не плануе спыняцца.

Сёння пад кіраўніцтвам Валерыя Пронькі працуюць 3 работнікі. За дзень у разліку на аўтамабіль нарыхтоўваюць 3 тоны шкла, накручваючы па 250 кіламетраў. Геаграфія паездак выходзіць за межы Брэсцкай вобласці – даязджаюць да Гродзенскай.

Толькі старонні можа падумаць, што грошы самі ў рукі ідуць. Існуе шмат цяжкасцяў і праблем. Каб паспяхова нарыхтоўваць сыравіну (што і робіць Пронька), атрымліваць прыбытак (які, дарэчы, укладваецца ў далейшае развіццё справы), трэба не толькі падабраць зладжаную каманду. Залог поспеху – ва ўменні належным чынам адпрацаваць сістэму, зацікавіць людзей. Насельніцтва своечасова інфармуецца аб графіку работы перасоўнага прыёмнага пункта. І толькі тады нарыхтоўшчыкі выязджаюць за шкляным “ураджаем”. Разлік за здадзенае – на месцы. Але самы галоўны сакрэт поспеху Валерыя Пронькі – паслядоўнасць дзеянняў і вялікая зацікаўленасць у канчатковым выніку. Гэта такі магутны рухавік, з якім не заўсёды могуць канкурыраваць нават некаторыя спецыялізаваныя на нарыхтоўцы другаснай сыравіны прадпрыемствы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Шкляны “ўраджай”

  • 03/09/2015 в 10:09
    Permalink

    Есть у кого поучиться. Наглядный пример решения проблемы сдачи вторсырья.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *