Веды для ўсіх. 1 верасня за парты ў Ляхавіцкім раёне селі 2896 хлопчыкаў і дзяўчынак

На Брэстчыне з 2009 па 2015 год уведзены ў эксплуатацыю новыя сярэднія школы ў вёсках Гвозніца Маларыцкага раёна, Вулька-2 Лунінецкага раёна, Здзітава Бярозаўскага раёна, школы-сад у вёсках Альгомель і Альшаны Столінскага раёна, СШ № 1 у паўднёва-заходнім мікрараёне г. Брэста. Уведзены дзіцячыя дашкольныя ўстановы ў гарадах Брэст, Пінск, Баранавічы, Іванава, а таксама ў вёсцы Лінова Пружанскага раёна і ў вёсках Рэмель і Рубель Столінскага раёна, Клейнікі Брэсцкага раёна. Да 1 верасня гэтага года наваселле справілі вучні новай сучаснай школы ў Пінску.

За кошт бюджэтнага фінансавання вялося будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у гарадах Брэст, Пінск, Кобрын, Столін і Іванава, у Баранавіцкім і Пінскім раёнах. Сістэма адукацыі Брэстчыны ў пастаянным развіцці, у тым ліку і Ляхавіччыны.

Абноўленыя і адрамантаваныя сустрэлі школы і дзіцячыя сады раёна пасля лета сваіх выхаванцаў. Гімназія, 12 СШ, 4 вучэбна-педагагічныя комплексы сад-школа, 16 дашкольных і 2 пазашкольныя ўстановы, цэнтры – сацыяльна-педагагічны, карэкцыйна-развіваючага навучання, сучасных сродкаў навучання, 3 дамы сямейнага тыпу, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, 2 фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, лагер “Чайка” – такая сёння адукацыйна-спартыўная прастора Ляхавіччыны. Створаны выдатныя магчымасці для вучобы і развіцця дзіцячых здольнасцяў.

Сельскія ўстановы адукацыі раёна выглядаюць не горш за гарадскія – такія ж утульныя і светлыя класы, спрыяльныя ўмовы для творчай работы настаўнікаў і вучняў, сучаснае абсталяванне, вучэбныя дапаможнікі і электронныя сродкі навучання. Якасць адукацыі ў сельскіх школах не саступае ўзроўню гарадскіх. Па выніках сёлетняга цэнтралізаванага тэсціравання самы высокі бал (97) па беларускай мове атрымалі вучні гімназіі і Жарабковіцкай СШ, 93 балы па біялогіі і 80 па хіміі ў школьнікаў Тухавіцкай, 87 балаў па рускай мове – гімназіі і Крывошынскай СШ. З гэтай жа вясковай школы і максімальны ў раёне вынік ЦТ па нямецкай мове – 89 балаў. І гэта заканамерна: адукацыя і выхаванне падрастаючага пакалення – сфера заўсёднай ўвагі і клопату дзяржавы.

За апошнія гады выгляд і “начынка” ўстаноў адукацыі кардынальна змяніліся, у многіх з іх праведзены маштабныя рамонтныя работы, не гаворачы пра пастаянны касметычны рамонт памяшканняў. Так, абноўлены фасады і дахі гарадскіх школ, заменены вокны і пакладзены асфальтавыя дарожкі ва ўсіх дзіцячых садах райцэнтра, у дзіцячых садах № 2 і № 4 зроблены бягучы рамонт харчаблокаў. СШ № 2  “паглядае” новымі вокнамі, адрамантаваны школьная бібліятэка і музей. Каля 4 мільярдаў абышоўся бюджэту нядаўні капітальны рамонт Крывошынскай СШ.

Усе школы раёна абсталяваны сістэмай відэаназірання і пажарнымі апавяшчальнікамі. Пашанцавала вучням СШ № 1 – кабінет фізікі перажыў другое нараджэнне: устаноўлены новае абсталяванне, мэбля, інтэрактыўная дошка, камп’ютар і іншае.

Гімназія можа пахваліцца не толькі сучасным кабінетам фізікі, але і лінгафонным, а таксама наяўнасцю кропак Wi-Fi. У самым разгары капітальны рамонт спартыўнай залы. Наперадзе – замена вокнаў у Малагарадзішчанскім дзіцячым садзе-школе.

Мультымедыйныя ўстаноўкі, сучасныя камп’ютарныя класы ёсць у кожнай школе раёна, у пяці – інтэрактыўныя дошкі. Гімназія акрамя стацыянарнага камп’ютарнага класа можа пахваліцца і “мабільным” – выкарыстанне ноўтбукаў дазваляе разнастаіць вучэбны працэс і стымуляваць цікавасць рабят да вучобы.

Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама закупіў камп’ютарнай тэхнікі на 280 мільёнаў рублёў, на 172 мільёны – спартыўнага інвентару, і гэта толькі частка зробленага да навучальнага года дзеля і для рабят.

1 верасня за парты ў нашым раёне селі 2896 хлопчыкаў і дзяўчынак. Навучаюць іх 752 педагогі. Не менш першакласнікаў хваляваліся і маладыя настаўнікі, якія прыступілі да сваіх абавязкаў у гарадскіх школах, Ліпскай і Востраўскай СШ.

– Дасягненні і напрацоўкі сістэмы адукацыі раёна, поспехі вучняў радуюць і не даюць спыніцца на дасягнутым. Мінулы год быў надзвычай ураджайным на перамогі – імёны нашых таленавітых землякоў гучалі не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы, – адзначае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская.

З верасня па ўсёй краіне ў старэйшых класах уводзіцца профільнае навучанне. У 10-х класах пяці школ раёна беларуская і руская, англійская і нямецкая мовы, грамадазнаўства, хімія і біялогія, фізіка і матэматыка выкладаюцца на павышаным узроўні. Пры гэтым разам з профільным навучаннем захоўваецца і базавы ўзровень. Прадугледжаны і факультатыўныя заняткі прафесійнай накіраванасці. Напрыклад, у СШ № 2 арганізавана работа педгруп. Школы раёна не першы год цесна супрацоўнічаюць з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі.

У сістэме адукацыі працягваецца працэс аптымізацыі. І гэта правільна і эканамічна абгрунтавана. Навучанне аднаго вучня на працягу года ў нашым раёне абыходзіцца дзяржаве больш за 23 мільёны рублёў (нядаўна прыняты рэспубліканскі сацыяльны стандарт – 9,5 мільёна рублёў). У трох школах раёна сёлета колькасць вучняў менш за 50, а напаўняльнасць у некаторых класах складае 3 чалавекі. У такой сітуацыі аптымізацыя непазбежна. Закрыццё з гэтага навучальнага года трох малакамплектных дзіцячых садоў дазволіла сэканоміць мясцоваму бюджэту за 4 месяцы 525 мільёнаў рублёў. Сродкі, па словах начальніка аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама, пойдуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дашкольных устаноў раёна, павышэнне заработнай платы выхавальнікаў.

Пры закрыцці малаколькасных устаноў адукацыі ні ў якім разе не парушаюцца правы работнікаў і дзяцей. Прадумваюцца ўсе пытанні, якія пры гэтым узнікаюць. Да месца вучобы дзеці дабіраюцца ў школьных аўтобусах, якіх у аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама 16. Кожны год аўтапарк абнаўляецца, вось і сёлета папоўніўся двума.

Дзяржаўная матэрыяльная дапамога для падрыхтоўкі дзяцей да школы была аказана 270 мнагадзетным сем’ям, акрамя гэтага прадугледжана патанненне школьнага харчавання па заяве бацькоў малазабяспечаных сем’яў. Дарэчы, усе сельскія школьнікі і вучні пачатковых класаў гарадскіх школ абеды атрымліваюць бясплатна.

У 2010 годзе да адзінага ў раёне дома сямейнага тыпу прыбавіліся яшчэ два. Навасельцам не давялося думаць пра набыццё мэблі і тэхнікі: катэджы былі здадзены “пад ключ” – пра ўсё паклапацілася дзяржава. Сёння ў трох ДСТ выхоўваюцца 20 дзяцей. Дзяржаўнымі льготамі гэтыя рабяты вызвалены ад абавязковай аплаты за падручнікі. У двух з дамоў сямейнага тыпу гэтым летам зроблены касметычны рамонт, на які сродкі выдаткоўваліся з раённага бюджэту.

Галоўная задача дарослых – шчаслівае дзяцінства хлопчыкаў і дзяўчынак. А шчаслівыя дзеці – у будучым паспяховыя юнакі і дзяўчаты, наша заўтра.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *