У поўны голас

Сённяшняя моладзь адрозніваецца ад сваіх равеснікаў мінулых часоў. Яна слухае другую музыку, адкрывае для сябе новых пісьменнікаў, у яе смелыя прыхільнасці ў модзе і г. д. Але калі гаварыць пра такія якасці, як маральнасць, духоўнасць, працавітасць, то з перакананнем заяўляю: яны ўласцівы сучасным юнакам і дзяўчатам. Пераемнік камсамола – БРСМ – аб’ядноўвае ў сваіх радах, па сутнасці, будучыню краіны. Моладзь гатова бескарысліва дапамагаць тым, хто мае патрэбу ў яе дапамозе. Прыклад – бээрэсэмаўскі валанцёрскі рух “Добрае сэрца”. Яго атрады “Міласэрнасць” ЛДАКа, “Данка” СШ № 2, “Пошук” гімназіі заявілі пра сябе ў нашым раёне добрымі справамі. Яны аб’ядналі нераўнадушных юных землякоў, якія сталі сябрамі і памочнікамі для ветэранаў вайны і працы, дзяцей-інвалідаў, наводзяць парадак на тэрыторыях палацава-паркавых ансамбляў, ля брацкіх магіл, задумваюць і ажыццяўляюць іншыя карысныя справы.

У моладзі свае рахункі з вайной. Вялікая Айчынная для іх – не проста сюжэт кінафільма ці аповесці. Яны – праўнукі герояў, якія здабылі мір, і свята захоўваюць памяць пра подзвіг. Напярэдадні 9 мая сёлета юнакі і дзяўчаты актыўна ўключыліся ў агульнарэспубліканскія акцыі “Пісьмо пераможцу” і “Кветкі Вялікай Перамогі”. Сімвалам слаўнага юбілею стала яблыневая кветка, і з гэтым сімвалам ляхавіцкая моладзь наведвала сваіх шаноўных землякоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай. З павагай да гераічнага мінулага пасадзіла юбілейны сквер у вёсцы Ураджайная. І гэта не адзінкавая маладзёжная ініцыятыва ў гонар юбілею Перамогі.

Асобна скажу пра студэнцкія атрады: яны і сёння, як, дарэчы, і на пачатку сваёй гісторыі, запатрабаваныя. Сёлета ў нашым раёне была арганізавана работа 18 такіх фарміраванняў: 1 будаўнічы (18 чалавек), 10 сельскагаспадарчых (149), 3 педагагічныя (26), 3 экалагічныя (55), сэрвісны (10). Гэта не толькі магчымасць моладзі зарабіць, але і змястоўна, цікава правесці вольны час, адчуць сваё далучэнне да карысных спраў. А яшчэ выхаванне адказнасці, дысцыплінаванасці і многіх іншых якасцяў. Сёння мы выступаем за падтрымку работадаўцаў, якія запрашаюць на працу студатрады. Дарэчы, цяпер беларускія студэнты могуць працаваць у іх круглы год, прычым, усе жадаючыя. Хаця першачарговае права на месца ў студатрадзе за тымі рабятамі, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці БРСМ.

Маладзёжная палітыка ў Беларусі сведчыць пра давер дзяржавы да падрастаючага пакалення, пра ўсебаковы клопат пра яго. Менавіта моладзь з’яўляецца тым “мастком”, па якім сённяшні дзень краіны пераходзіць у будучыню. Магчымасць вучыцца, атрымаць адукацыю і прафесію, першае месца працы, развіццё здольнасцей і талентаў, клопат пра маладую сям’ю – гэтыя і іншыя прывычныя рэаліі працуюць штодня. Дзяржава ўсямерна падтрымлівае моладзь. Добры вопыт набыты ў гэтым напрамку і ў нашым раёне. Над маладымі спецыялістамі шэфствуюць вопытныя, якія і падкажуць, і падтрымаюць. Выпускнікам ВНУ давяраюць адказныя ўчасткі работы. Асобна – пра рашэнне іх бытавых праблем: сёлета, напрыклад, 6 маладых медыкаў і педагогаў, якія размеркаваны і працуюць у нашым раёне, атрымалі ў карыстанне арэнднае жыллё, яшчэ 8 з тых, хто стаяў на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, гэта пытанне таксама вырашылі.

Канешне, юнакі і дзяўчаты – народ імклівы, ім хочацца хутчэй і ўсё. Замест настольнай кнігі ў іх інтэрнэт. А сусветная павуціна – гэта не толькі плюсы, але і небяспека. Таму важна, каб моладзь правільна і разумна выкарыстоўвала магчымасці сеткі. А гэта ў многім залежыць ад поглядаў і прыярытэтаў, якія фарміруюцца школай, сям’ёй, грамадствам.

Абсалютная большасць нашых юных землякоў – людзі нераўнадушныя і актыўныя. У добрым сэнсе ім да ўсяго ёсць справа. Вось і цяпер тыя з іх, каму ўжо споўнілася васямнаццаць, рыхтуюцца да выбараў, некаторыя ўваходзяць у склад участковых камісій, зарэгістраваны наглядальнікамі. Галоўнае – разуменне і асэнсаванне: кожны голас – мой у тым ліку – вырашальны. І моладзь заяўляе пра сябе ў поўны голас.

Мікалай ДАБРЫЯНЕЦ,

начальнік аддзела ідэалагічнай работы,

культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *