Складальнікі аптымістычнай дэмаграфіі

Надзвычай аптымістычны і красамоўны факт: на працягу апошніх 5 гадоў Брэстчына ў краіне – сярод лідараў па нараджальнасці і колькасці мнагадзетных сем’яў. Далёка не апошнюю ролю ў гэтым, безумоўна, адыгрывае дзяржаўная падтрымка мацярынства і дзяцінства.

Дзякуючы рэалізацыі праграм па сацыяльнай падтрымцы розных катэгорый грамадзян, за апошнія гады ў нашай краіне зроблены сур’ёзныя крокі па вырашэнні многіх дэмаграфічных праблем. Як вынік – павялічваецца працягласць і паляпшаецца якасць жыцця беларусаў, узрастае нараджальнасць.

У Беларусі дзейнічае цэлая сістэма выплат і дапамог сем’ям у сувязі з нараджэннем дзяцей і іх выхаваннем. Толькі за 8 месяцаў 2015 года ў нашым раёне на гэтыя мэты накіравана каля 4 мільярдаў рублёў дзяржаўных сродкаў. Больш як палова гэтай сумы – выплата штомесячнай дапамогі па доглядзе дзіцяці да трох гадоў (дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што і сама магчымасць такога працяглага водпуску з аплатай – сур’ёзная падтрымка для маладых бацькоў і практыкуецца далёка не ва ўсіх краінах свету). Акрамя таго – аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці (ва ўпраўленні па працы яе атрымліваюць непрацуючыя грамадзяне, індывідуальныя прадпрымальнікі, работнікі камерцыйных мікраарганізацый і г.д., астатнія – па месцы працы); аднаразовая выплата жанчынам, што сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміна цяжарнасці; дапамогі па доглядзе за дзіцём-інвалідам і дзецьмі старэйшымі за 3 гады. Сёлета, акрамя іншых дзяржаўных “бонусаў”, 3 сям’і ў нашым раёне атрымалі аднаразовыя выплаты, прадугледжаныя пры нараджэнні блізнят (сёння гэта дапамога складае 6,3 мільёна рублёў на сям’ю).

Нельга не згадаць і пра тое, што сем’і з дзецьмі карыстаюцца шэрагам ільгот – падатковых, жыллёвых і г.д., пры матэрыяльных цяжкасцях маюць права на атрыманне адраснай сацыяльнай дапамогі, у тым ліку, і бясплатнага дзіцячага харчавання. Многія маладыя сем’і за апошнія гады з дапамогай ільготных крэдытаў пабудавалі кватэры ў жылым мікрараёне па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры.

Не дзіўна, што пры такой дзяржаўнай падтрымцы нашы землякі ўсё часцей рашаюцца на стварэнне вялікай сям’і. Сёння на Ляхавіччыне налічваецца 344 мнагадзетныя ячэйкі грамадства, у якіх выхоўваецца 1082 дзіцяці ва ўзросце да 18 гадоў. Толькі сёлета статус мнагадзетных прысвоены 34 сем’ям.

Вялікая сям’я, у першую чаргу, – надзвычай вялікая адказнасць для бацькоў. Але і дзяржава бярэ на сябе важкія матэрыяльныя абавязацельствы па яе падтрымцы. Згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей” з 1 студзеня 2015 года ў нашай краіне ўведзены новы від доўгатэрміновай падтрымкі мнага-дзетных сем’яў – сямейны капітал. Пры нараджэнні ці ўсынаўленні трэцяга або наступных дзяцей сем’ям аднаразова прадастаўляюцца безнаяўныя грашовыя сродкі ў суме 10 тысяч долараў, якія размяшчаюцца на дэпазітным рахунку ў банку. Сямейны капітал можа быць выкарыстаны на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, а таксама фарміраванне накапляльнай пенсіі маці ці мачахі ў поўнай сям’і, аднаго з бацькоў у няпоўнай сям’і. Але толькі пасля дасягнення дзіцём 18-гадовага ўзросту. Датэрмінова гэтыя сродкі можна накіраваць на платныя медыцынскія паслугі, пералік якіх вызначаны Міністэрствам аховы здароўя. Такая праграма падтрымкі мнагадзетных сем’яў разлічана на 5 гадоў – з  1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года.

З пачатку года ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама за назначэннем сямейнага капіталу звярнуліся 22 сям’і. У большасці з іх нарадзілася трэцяе дзіця, у пяці – чацвёртае, а ў адной – пятае!

Яшчэ адна сёлетняя заканадаўчая навацыя дала магчымасць 51 сям’і з нашага раёна атрымліваць дапамогу на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Выплаты за 8 месяцаў перавысілі ўжо 190 мільёнаў рублёў. Зразумела, гэтыя грошы зусім не лішнія, калі ў сям’і, дзе выхоўваюцца дашкаляты і школьнікі, мама знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску з малышом.

Акрамя грашовых выплат, мнагадзетныя, няпоўныя, неўладкаваныя, а таксама сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды, маюць магчымасць атрымліваць у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва псіхалагічныя і юрыдычныя кансультацыі, гуманітарную дапамогу, падарункі да святаў і г.д. Дзвюм сем’ям ТЦСАН бясплатна аказвае паслугі няні.

Усе гэтыя і многія іншыя праяўленні дзяржаўнай увагі і клопату, якія ў нашым грамадстве даўно сталі звыклымі, – гэта важкі ўклад не толькі ў сённяшні дабрабыт канкрэтных сем’яў, але і ва ўпэўнены заўтрашні дзень краіны. І яскравае сведчанне таго, што сям’я, яе інтарэсы і каштоўнасці ў Беларусі займаюць адно з галоўных месцаў сярод дзяржаўных прыярытэтаў.

Дзіяна ТРЫСЦЕНЬ,

намеснік старшыні райвыканкама.

Лічбы і факты

Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці – з 1.08.2015 г. яе памер на першае дзіця – 16,6 млн. рублёў, на другое і наступныя – амаль 22 млн. рублёў.
● аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміна цяжарнасці – 1,6 млн. рублёў.
● штомесячная дапамога па доглядзе за дзіцём да 3 гадоў на першае дзіця – 2,3 млн. рублёў, на другое і наступных дзяцей – 2,67 млн. рублёў.

One thought on “Складальнікі аптымістычнай дэмаграфіі

  • 08/10/2015 в 10:04
    Permalink

    Забота государства помогла многим семьям почувствовать себя уверенней. Многодетность становится модной. На таких мам уже смотрят не с удивлением,а даже с завистью.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *