Намалюю музыку, спяю пейзаж… 11 кастрычніка прафесійнае свята адзначаць работнікі культуры

Пяе баян Якава Мурзіча.

У цудоўны і непаўторны свет музыкі трапляеш як толькі адчыняеш дзверы дзіцячай школы мастацтваў, дзе даўно і творча працуюць музычнае, харэаграфічнае і мастацкае аддзяленні. Сюды на працягу вось ужо больш як паўстагоддзя прыходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі, якім падабаецца спяваць, танцаваць ці маляваць. Прыходзяць, каб датыкнуцца да света мастацтваў. Некаторыя становяцца прафесіяналамі, атрымліваюць званні, гастралююць, а хтосьці вяртаецца ў сваю родную школу ў новай якасці – выкладчыка.

У кожнага мастацтва свая мова: жывапіс гаворыць з дапамогай фарбаў, колераў, ліній; музыка – гукаў і мелодый; танец – рухаў і пластыкі. Правільна скарыстацца ўсімі гэтымі сродкамі вучаць хлопчыкаў і дзяўчынак выдатныя педагогі, якія працуюць тут, – іх 47 чалавек.

Скрыпка, гітара, фартэпіяна, труба, домра, цымбалы, баян, акардэон, саксафон – цудоўнае рознагалоссе інструментаў стварае зладжаны хор. У класе, адкуль гучыць вальс, – фартэпіяна. Пад рукой педагога яно прымушае душу заспяваць. І не дзіўна: за інструментам – майстар. Пра музыку таленавітая піяністка, вопытны і патрабавальны педагог па класе фартэпіяна Людміла Жукава можа гаварыць бясконца. Вось ужо 4 дзесяцігоддзі яна далучае да свету гармоніі гукаў сваіх вучняў, дапамагае развіваць іх музычныя задаткі і здольнасці. Многія станавіліся дыпламантамі розных конкурсаў. Цяпер побач са сваім педагогам Людмілай Жукавай працуюць Алена Шклянік і Лісавета Жытко (дарэчы, пасля музычнага каледжа яна паступіла ў педуніверсітэт імя Максіма Танка на музфак), пакуль вучыцца ў музкаледжы і таленавітая Пелагея Кулікова. Педагог расказвае пра сваіх былых таленавітых вучняў Таццяну Траяноўскую і Людмілу Зубальскую.

Сям’я Жукавых – музыкальная. Два сыны, унучка таксама закончылі школу па класе фартэпіяна, муж у дзяцінстве іграў на скрыпцы. Але прафесіяналам у музыцы стала толькі Людміла Анатольеўна.

– Без музыкі не магу пражыць ні дня. Чайкоўскі, Агінскі, Шапэн, Шуберт, Моцарт, Грыг – іх творы заварожваюць. Як некалі мая бабуля, спяваю ў царкоўным хоры, – расказвае піяністка.  Яна аддае рабоце і дзецям не толькі шмат часу, але і часцінку свайго сэрца. Можа таму эцюды, п’есы, санаты ў выкананні яе вучняў гучаць так шчыра і пранікнёна.

– З якім нецярпеннем усе мы – і юныя музыканты, і выкладчыкі – чакаем справаздачных канцэртаў. Тады прыхо-дзяць бацькі, бабулі і дзядулі. Слухаюць, атрымліваюць асалоду, радуюцца за сваіх дзяцей. Ні з чым непараўнальная атмасфера, – гаворыць Людміла Жукава.

Баяніст-віртуоз, які па-майстэрску валодае гітарай, духавымі і клавішнымі інструментамі, – гэта яшчэ пра аднаго выкладчыка школы мастацтваў Якава Мурзіча. Ён – музыкант і культработнік з амаль што 50-гадовым стажам. Пачынаў інструктарам і па сумяшчальніцтве акампаніятарам у Ляхавіцкім ГДК. З музыкай не развітваўся нават калі нёс тэрміновую службу – іграў у самадзейным армейскім калектыве. З 1972 года – выкладчык, а пэўны час – дырэктар у сваёй роднай музычнай школе, куды яшчэ пяцікласнікам прыйшоў вучыцца іграць на баяне. Сёння, маючы больш за 70 вучняў, з павагай успамінае першага выкладчыка Уладзіміра Шахава. Якаў Асманавіч з гонарам зазначае, што 15 яго вучняў выбралі музычную прафесію і цяпер выкладаюць ці працуюць канцэртмайстрамі. Любіць добрую джазавую, народную, класічную і эстрадную музыку.

– Навучыць іграць на музычным інструменце – палова справы. Важна, каб чалавек адчуваў музыку, разумеў яе душу, характар, мог унікнуць у яе змест, суперажываў разам з кампазітарам – разважае Якаў Мурзіч.

Дарэчы, пад яго кіраўніцтвам калісьці паспяхова выступалі самадзейныя харавыя калектывы, створаныя ў льнозаводзе, райпо, у дамах культуры Сваятычаў і Вострава.

…За прафесіяналізм, адданасць прафесіі, шматгадовую працу Людміла Жукава, як і яе калега мастацкі кіраўнік Навасёлкаўскага СДК Таццяна Пішч, сёлета ўдастоена звання “Чалавек года” ў намінацыі “культура і мастацтва”, а прозвішча Якава Мурзіча занесена на раённую Галерэю славы, такога ж гонару ўдастоена і народная эстрадная студыя “Экспрэс” .

Канешне, не кожны вучань музычнай школы стане Глебавым ці Фінбергам. Але зусім не гэта галоўнае. Важна, каб пачуццё прыгожага суправаджала ўсё жыццё, дапамагала зрабіць яго больш светлым, гарманічным і шчаслівым.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Сетка ўстаноў культуры раёна ўключае 28 Дамоў культуры, клубаў і Дамоў народнай творчасці; цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму, якая аб’ядноўвае 28 бібліятэк; 3 школы мастацтваў з філіяламі; кінавідэасетку, раённы метадычны цэнтр. У іх творча і плённа працуюць больш за 250 культработнікаў, чыя прафесійная задача – ствараць землякам святочны настрой, арганізоўваць іх вольны час. Яны развіваюць таленты і здольнасці дзяцей і дарослых, клапоцяцца пра захаванне культурнай спадчыны і народных промыслаў.
17 самадзейных мастацкіх калектываў Ляхавіччыны (у тым ліку 5 дзіцячых) удастоены званняў “заслужаны”, “народны”, “узорны” .
І сваё прафесійнае свята, якое ў нашай краіне традыцыйна прыпадае на другую нядзелю кастрычніка, амаль усе культработнікі адзначаць на сваім працоўным месцы. Многія, дарэчы, будуць выступаць з канцэртнымі праграмамі на выбарчых участках.

Людміла Жукава – «Чалавек года» ў намінацыі «культура і мастацтва».

Дырэктар Малагарадзішчанскага СДК Валянціна Карповіч (у цэнтры) і яе таленавітыя памочнікі.

Сямейная дынастыя: майстры саломапляцення Алена Русакевіч, Дар’я і Надзея Горка.

Фальклорны клуб «Латаўчанка» Вялікалотаўскага СК.


2 thoughts on “Намалюю музыку, спяю пейзаж… 11 кастрычніка прафесійнае свята адзначаць работнікі культуры

  • 11/10/2015 в 09:05
    Permalink

    Мой настаўнік Якаў Мурзіч. Колькіх натхніў , даў пуцёўку ў свет музыкі.Колькі ў Якава Асманавіча энергіі, празаздольнасці. Дзякуй за ўсё. Сапраўдны мастар і чалавек.

  • 07/01/2016 в 00:16
    Permalink

    Людмила Жукова и Яков Мурзич это мастера своего дела ответственные специалисты .Они многим на начальном жизненном пути дали путевку в жизнь музыки.И я в своё время был учеником у Османовича

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *