Бульба ляхавіцкая

СВК ”Ляхавіцкі” – вядомая бульбаводчая гаспадарка, чыя прадукцыя карыстаецца пастаянным попытам у спажыўцоў. Шчодрыя бульбяныя ўраджаі тут – справа
звыклая. Сёлета, як і заўсёды, пры пасадцы другога хлеба ўлічвалі севазварот, правялі комплекс мерапрыемстваў па доглядзе і ахове. Высаджвалі самыя прадукцыйныя і лепшыя па смакавых якасцях сарты і не толькі беларускай селекцыі: “скарб”, “янка”, “рэд скарлет”, “рока”, “арызона” і іншыя. Ляхавіцкая бульба прыйшлася па смаку не толькі беларускім спажыўцам, яе не першы год з задавальненнем закупляюць у краіны блізкага замежжа.

З кожнага са 180 гектараў бульбяной плантацыі накапалі сёлета па 335,5 цэнтнера клубняў. Дарэчы, у “Ляхавіцкім” ужо справілі дакопкі. Днямі заклалі ў бульбасховішча 600 тон насеннага матэрыялу, яшчэ 400 тон буйных клубняў затарылі ў сеткі, падрыхтавалі на продаж вясной (бульбасховішча разлічана на 1000 тон). Валавы збор склаў 6039 тон, з якіх прадалі ўжо 950 тон.
Яшчэ большая ўраджайнасць бульбы сёлета ў ДП “Нача”: з кожнага з 10 гектараў накапалі па 367 цэнтнераў.
У СВК “Жарабковічы” ўраджайнасць больш як 283 цэнтнеры клубняў з гектара. Бульбасховішчы запаўняюцца ўраджаем, які плануюць часткова рэалізаваць вясной, прадаюць і цяпер. Сёлета ў сельгаскааператыве бульба займае 165 гектараў. А вось у ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” па стане на 15 кастрычніка бульба ўбрана з 87 працэнтаў плошчаў.
Сёлета выдаўся не самы ўраджайны год для кукурузнага зерня. Агульнымі намаганнямі гаспадаркі раёна сабралі 325 тон. А планавалі пад гэтыя мэты выдзеліць 1650 гектараў з агульнага кукурузнага кліна ў 5260 гектараў. Калі б не марудзілі з уборкай кукурузы на зерне ў ЗТАА “БелДан”, то ў раёне гэтая работа была б завершанай.
У цэлым кукурузы на сілас і на зялёны корм скошана 66 працэнтаў ад пасеянага, закладзена 52,5 тысячы тон сіласу. СВК “Ляхавіцкі”, “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, ДП “Нача”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, аграрны каледж завяршылі ўборку гэтай культуры. У СВК “Жарабковічы” ўбрана менш за чвэрць, 58 працэнтаў – у СВК ”Шлях новы”, 10 працэнтаў уборачных плошчаў яшчэ значыцца ў райаграсэрвісе.
Пакуль што надвор’е спрыяе аграрыям, але ж восеньскіх работ яшчэ шмат. Гаспадаркі шчыруюць і на бураковых плантацыях. На 15 кастрычніка ўбрана  74 працэнты салодкага кораня. Лідзіруе СВК “Жарабковічы”: нягледзячы на самыя вялікія плошчы пад буракі (933 гектары), ужо ўбрана 76 працэнтаў пры ўраджайнасці больш за 473 цэнтнеры з гектара. Сельгаскааператыў адправіў на перапрацоўку 33500 тон цукровых буракоў. Бліжэй за іншых да ўборачнага фінішу райаграсэрвіс, дзе пасеяна гэтай культуры ўсяго 200 гектараў. Не пачыналі пакуль капаць караняплоды і  3 фермерскія гаспадаркі, якія чакаюць дапамогу ад сельгаспрадпрыемстваў.
Як паведамілі ў райсельгасхарчы, наш раён лідзіруе ў вобласці па ўраджайнасці  цукровых буракоў (з кожнага гектара збіраецца ў сярэднім па 398 цэнтнераў) і па выкананні дзяржзаказу (адпраўлена на перапрацоўку 49000 тон салодкіх карэнняў).
Як кажуць, кожнай рабоце – свой час. Аднак прыбавіць тэмпаў не пашкодзіць. Акрамя ўборачных клопатаў сельгаспрадпрыемствы павінны рыхтавацца і да будучай вясны: уздым зябліва запланавана правесці на плошчы 11 тысяч гектараў. Пакуль што работа выканана на крыху больш чвэрці плошчаў – шчыруюць СВК “Ляхавіцкі”, “Шлях новы”, ДП “Нача”. Асенняе ворыва абавязковае пад будучыя пасевы льну, цукровыя буракі. У комплексе з выкананнем гэтай работы нарыхтоўка, вывазка і ўнясенне арганікі. Ужо да 1 лістапада ўздым зябліва трэба завяршыць.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *