“Забуксавалі” па дарозе ў зіму

Подых блізкай зімы ўжо адчуваецца ў начных замаразках. А гэта значыць, што сельгаспрадпрыемствы раёна павінны быць гатовы да пераводу жывёлы за зімова-стойлавае ўтрыманне. На кожнай ферме вядуцца ці ўжо завершаны падрыхтоўка памяшканняў, рамонт абсталявання.

Аднак такі малюнак не ўсюды. На фермах СВК “Тальмінавічы” зімы пакуль не чакаюць. На аграгарадской МТФ яшчэ не да зімоўкі. Загадчыца фермы паехала на сесію, і калектыў застаўся без кіраўніка. Спадзяванне на маладога спецыяліста Уладзіслава Шэйку, які згадзіўся прыняць абавязкі загадчыка фермы. Справіцца са сваёй работай і стараецца кантраляваць штодзённы працэс дойкі і кармлення жывёлы асемянатар Алена Бортнік. Аднак надоі знізіліся, менш малака адпраўляецца на перапрацоўку. Падрыхтоўка да зімы наогул адышла на другі план: на МТФ няўцепленыя вокны, выгулы завалены гноем. Акрамя дойнага статка, тут яшчэ і 130 цялят да шасцімесячнага ўзросту, памяшканне для якіх таксама пакуль непадрыхтавана. З таго, што трэба было зрабіць унутры кароўніка, – толькі пабеленыя сцены…

У Гайнінцы на ферме ўтрымліваецца 450 кароў і каля 200 цялят. Жывёлаводы стараюцца падтрымліваць у памяшканнях належны санітарны стан: пабялілі сцены, прыбіраюць праходы. Сёння тут толькі плануецца будаваць выгулы для жывёлы. У паілках падцякае вада, як патлумачылі жывёлаводы, трэба мяняць паплаўковае прыстасаванне… Да работы ў “экстрэмальных” умовах халадоў рыхтуюцца і даяркі. На жаль, няма тут абсталяванага пакоя, дзе можна было б пераапрануцца ці сагрэцца кубачкам гарачага чаю.

Але нават такія ўмовы работы лепшыя, чым на гашчынскай ферме, загадчык якой Міхаіл Бурбіцкі ў роспачы: набліжаецца шостая зіма, калі ферма будзе працаваць на прывазной вадзе. Кожны дзень трактар робіць па 3 рэйсы ў Старыя Буды, каб напаіць статак, мыць абсталяванне. Сёлета сітуацыя павінна была, нарэшце, вырашыцца: статак часова пераведзены ў Старыя Буды, а ў Гашчыне пачалі рамонтныя работы. Прабілі свідравіну, выкапалі траншэю, нават трубы завезлі. І на гэтым усё заглохла. Старшыня сельгаскааператыва Мікалай Варажун падлічыў, што не хапае 40 мільёнаў рублёў для завяршэння работы. Хаця гэтую суму ўжо некалькі разоў можна было сэканоміць на паліве, якое расходуецца на дастаўку вады на ферму.

Гэта не ўвесь спіс праблем: у памяшканні дзіравы дах, што датычыць вокнаў, то, як мяркуе загадчык фермы, іх можна… закласці цэглай; да ўсяго і электраправодку трэба мяняць. Мікалай Варажун абяцае жывёлаводам, што да зімы ўсё будзе зроблена: нарэшце знайшоў будаўнікоў, якія згадзіліся выканаць работы з адтэрміноўкай аплаты. Але пакуль на ферме зацішша. На двары канец кастрычніка…

Пытанне да кіраўніцтва СВК: чаму ў ХХІ стагоддзі тут раздолле зжыўшым сябе “тэхналогіям” і метадам гаспадарання з усімі выніковымі выдаткамі?

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *