З чыстым сэрцам

Некалькі месяцаў назад у Ганчарах адкрыўся дом сумеснага пражывання пажылых людзей. Супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пастараліся па магчымасці зрабіць яго ўтульным і камфортным. Сёння тут дружна суседнічаюць 7 чалавек. Што трэба пажылому чалавеку? Увага і добрае слова, не замыкацца ў чатырох сценах і быць сярод людзей – усё гэта навасельцы знайшлі ва ўстанове. Тут рады кожнаму госцю і вельмі ўдзячныя тым, хто іх не забывае, імкнецца зрабіць жыццё больш светлым і радасным.

У мінулы панядзелак сюды завіталі прадстаўнікі міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Сафія”. Валанцёры Гэры і Кэйлін Джон разам з выканаўчым дырэктарам Сяргеем Зубовічам першы раз былі тут летам, і напрыканцы жніўня ў доме з’явіўся халадзільнік і пральная машына, праз некаторы час – прыложкавыя тумбачкі і кухонны гарнітур. Падарункі прыйшліся дарэчы і значна палегчылі працу сацыяльных работнікаў, стварылі больш камфортныя ўмовы для пастаяльцаў дома.

– Нам прыемна не толькі прымаць удзел у шматлікіх праектах, адзін з якіх мы сёння закрываем у Ганчароўскім доме сацыяльных паслуг, але і бачыць яго вынікі, – адзначылі госці.

Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Пішч і жыхары дома сацыяльных паслуг, яго работнікі выказалі словы шчырай удзячнасці валанцёрам.

Дарэчы, дабрачыннасцю займаюцца і многія нераўнадушныя ляхавічане. Дапамогу ганчароўскаму дому аказвалі ПМК-13, ТАА «Трансэлектракамплект», фермерская гаспадарка «Даманскае» і іншыя.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *