Пра някруглую дату і напамін пра памяць

Юбілеі – справа прыемная. Менавіта яны прымагнічваюць безліч клічнікаў і кампліментаў, якія ў канцэнтраваным выглядзе суправаджаюць урачыстасць. А звычайныя дні нараджэння менш гучныя, але не менш дарагія для імянінніка і ягоных блізкіх. Тыдзень назад раёнцы споўнілася 72 гады, і гэта нагода ўспомніць, як усё пачыналася, уявіць кастрычніцкі Машукоўскі лес, дзе ў партызанскім атрадзе імя Лазо выйшаў першы нумар “Совецкага патрыёта”, і тых, хто тады і пазней, на працягу больш сямі дзесяцігоддзяў, меў дачыненне і да “Патрыёта”, і да “Будаўніка камунізму”, і да “Ляхавіцкага весніка” – да падрыхтоўкі і выпуску кожнага нумара раённай газеты. А іх, нумароў, за гэты час выйшла нямнога-нямала – 12280 з улікам сённяшняга. Колькі цікавых сустрэч, незабыўных уражанняў, колькі фактаў занатавана на газетных старонках! Галоўная каштоўнасць раёнкі – яе шматлікія надзейныя прыхільнікі-чытачы. Для іх і пра іх бясконцы і, спадзяюся, цікавы рэпартаж з месца падзей – з нашага жыцця – з нумара ў нумар, ад сустрэчы да сустрэчы, двойчы на тыдзень амаль па шасці тысячах адрасоў.

Шанаваць гісторыю, не забывацца пра свае карані – агульнае для ўсіх перакананне-патрэба. Журналісты ў гэтым правіле не з’яўляюцца выключэннем і нават больш таго. Пашана і ўдзячнасць і жаданне захаваць-зберагчы-перадаць нашчадкам памяць пра годнае мінулае, пра сёння і першым, і дваццаць пятым кадрам у публікацыях, прысвечаных юбілею Вялікай Перамогі. Народжаная ў 1943-м партызанкай, раённая газета адчувае непарыўную сувязь з гэтымі гераічнымі старонкамі гісторыі. І не толькі словам выказвае свае пачуцці да тых, хто набліжаў Перамогу. “ЛВ” вельмі пастараўся, каб сёлета да 9 Мая адзін з помнікаў загінуўшым у барацьбе з фашызмам быў добраўпарадкаваны і абноўлены – той, што стаіць ля шашы ў Дараве.

Матэрыялізаваным клопатам пра памяць можна лічыць і “веснікаўскае” дзецішча – дуброву з радаслоўнай, пасаджаную ў Флер’янове насупраць ажэшкінскага дуба. Усё пачыналася з “Маналога…” (аўтарская рубрыка) “Заверасніла…” (“ЛВ” № 69 за 11 верасня 2010г.). Працытую:

“У кожнага чалавека, мусіць, ёсць сваё любімае дрэва. У кагосьці гэта вішанька, пасаджаная ў дзяцінстве, у кагосьці рабіна пад акном кватэры, з якою першай вітаешся штораніцу, раскрываючы шторы, а каму даражэй за ўсё бярозка, што мільгне перад вачыма на дарозе, ці сасна на беразе Шчары, ці векапомны асілак-дуб, які памятае безліч гісторый і сам ужо стаў гісторыяй…

Дарэчы, такі ёсць і ў нашым раёне. У 1909 годзе Эліза Ажэшка пасадзіла ў Флер’янове дуб, які і сёння, праз стагоддзе, напамінае пра вядомую пісьменніцу, чароўную жанчыну, лірычную натуру…

Дрэвы звычайна перажываюць людзей, якія іх пасадзілі. Вось і ажэшкінскі дуб распасцёр крону высока-высока: сто гадоў для яго – не ўзрост. Але ўсё ж сотня. І можа напаткаць ураган ці маланка, ці проста хвароба – дрэвы ж таксама хварэюць і старэюць, яны таксама, у рэшце рэшт, паміраюць. А чаму б не зрабіць так, каб ажэшкінскае дрэва жыло доўга-доўга, каб яно стала амаль неўміручым? Гэта зусім не складана, і гэта па сілах чалавеку. Нам з вамі, дарагія чытачы, юнакам і дзяўчатам з бээрэсэмаўскімі білетамі, школьнікам, каляджанам, эколагам, лясгасаўцам – усім, хто зацікавіцца ідэяй і яе ажыццяўленнем.

Трэба ўсяго толькі жаданне, цеплыня сэрца і рук, прага захаваць памяць надалей-надалей, усведамленне асабістага дачынення і саўдзелу да бесперапыннага маршруту ў часе ў накірунку “было-ёсць-будзе”. Зусім не складана сабраць жалуды, пасадзіць іх у гадавальнік, вырасціць дрэўцы, якія ў свой час высадзіць алеяй ці скверам. Уяўляеце, дуб, пасаджаны Элізай Ажэшка, шматразова паўторыцца, шматразова напомніць, шматразова нашэпча штосьці з паданняў, штосьці з былін”…

Раёнка сказала, раёнка зрабіла. З дапамогай нераўнадушных людзей – сваіх землякоў. “Ура! Задуманае атрымалася, спраўдзілася: насупраць векавога дуба, пасаджанага Элізай Ажэшка ў 1909 годзе ў фальварку Бохвіцаў у Флер’янове, на адлегласці некалькіх метраў ад яго – нованароджаны парк з пакуль яшчэ танюткіх кволенькіх саджанцаў. Дакладней, паркам ён стане пазней, калі дрэўцы набяруць моц, падрастуць, закучаравяцца кронай. Сёння ж – 100 дубкоў, сярод якіх і прарошчаныя з жалудоў ажэшкінскага, укараняюцца і прывыкаюць да свайго пастаяннага месца жыхарства. Дата нараджэння парку – 21 красавіка 2011 года”, – пісаў “ЛВ” у № 31 за 27 красавіка 2011 года. Узгадаю аптымістычны акорд: “Расці, ажэшкінскі парк! Цябе прыдумала раёнка, а дапамаглі ажыццявіць ідэю нераўнадушныя, улюбёныя ў свой край землякі. Такія мы – ляхавічане!”. Удакладню, у рэалізацыі творчага праекта “ЛВ” “Гісторыя ў асобах”, у той яго частцы, якая датычыць ажэшкінскага дуба і яго працягу, па запрашэнні раёнкі прынялі актыўны ўдзел раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якую на той час узначальваў

Сяргей Баргамон, лясгас, актывісты БРСМ, навучэнцы ЛДАКа. Нельга не ўзгадаць яшчэ аднаго нераўнадушнага ўдзельніка, дзякуючы каму праект ажыццёўлены, – старшыню СВК “Шлях новы” Аляксандра Вашчука: менавіта сіламі сельгаскааператыва падрыхтаваны ўчастак для пасадкі дубкоў, вывезена ламачча з будынка былога дома Бохвіцаў. Кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Генрых Траццяк пасля першых публікацый у раёнцы прыйшоў у рэдакцыю і папрасіў-прапанаваў: вазьміце мяне ў сваю кампанію, каб саўдзельнічаць! Узялі. І разам распрацавалі праект аднаўлення гэтага гістарычнага адраса. Па ініцыятыве рэдакцыі, з актыўным удзелам рэдакцыі, з яе першапачаткам у гэтай справе і з пашанай пра памяць, у якой не павінна быць ні белых, ні чорных плям, як і на сумленні.

А сёння газетчыкі мараць пра працяг і пастараюцца, каб пад кронамі знакамітага дрэва і яго маладзенькіх “нашчадкаў” загучалі вершы і проза сённяшніх літаратараў, спачатку, магчыма, толькі раённых, а потым… Ёсць жа ў Лунінцы “Лунінецкая восень”, чаму б не арганізаваць, напрыклад, “Чытанні ля ажэшкінскага дуба” ў Флер’янове?

…Заканчваецца кастрычнік. Раёнка пачала свой семдзесят трэці віток вакол Сонца. Жыццё працягваецца.

Вольга БАРАДЗІНА.

One thought on “Пра някруглую дату і напамін пра памяць

  • 02/11/2015 в 23:44
    Permalink

    Цудоўная задума і праект “Гісторыя ў асобах”. Як заўсёды, «ЛВ» арыгінальны і па духу, па думках вельмі блізкі людзям. Настолькі, што ідэі весніка пасля разлятаюцца-разыходзяцца ў народ як крылатыя словы , якім кожны спяшаецца чамусьці прыпісаць сваё аўтарства. Мяркую, «культурным» работнікам варта падхапіць чарговую мару-жаданне газетчыкаў. Паверце, раёну неабходна нешта сваё, якое б прыцягнула да нас гасцей не толькі з суседніх рэгіёнаў, але і з замежжа. Раёнцы ж працвітання і заўсёднага натхнення. Не пералічыць, колькі такіх прапаноў-назіранняў увасобіў у жыццё «веснічак».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *