Навеянае кастрычнікам. «ЛВ» правёў апытанне

У гісторыі кожнай краіны, кожнага народа ёсць падзеі, якія можна назваць лёсавызначальнымі. Сярод такіх і Кастрычніцкая рэвалюцыя. 98 гадоў прайшло з таго часу, але памяць пра падзеі 1917-га беражліва захоўваецца нашчадкамі. 7 лістапада ў суверэннай Беларусі – чырвоны дзень календара. З чым у нашых землякоў ён асацыюецца – тэма чарговага апытання “ЛВ”.

Мікалай ЮРУЦЬ,  у мінулым работнік апарата райвыканкама:
– 7 лістапада асабіста для мяне быў і застаецца святочным днём. Назаўсёды ў памяці – дэманстрацыі і парады, калі людзі розных узростаў, прыгожа апранутыя, з транспарантамі, цэлымі калектывамі і сем’ямі ў святочных калонах праходзілі па галоўнай вуліцы нашага райцэнтра на плошчу, дзе ладзіўся мітынг.
Маё юнацтва непарыўна звязана з камсамолам, нараджэнне і ідэі якога сфарміравала рэвалюцыя. Камсамольцы заўсёды рыхтаваліся да свята, якое раней адзначалася два дні – 7 і 8 лістапада. Вакол панаваў цудоўны настрой, усе віншавалі адзін аднаго.  Гісторыю трэба ведаць. І таму абавязкова ў свой час раскажу пра гэты дзень, “Аўрору”, Зімні сваім унуках. Няхай толькі падрастуць.

Святлана ПАЛЬЧЫК, настаўніца  гісторыі Жарабковіцкай СШ:
–Для мяне, гісторыка, 7 лістапада, а па старым стылі 25 кастрычніка 1917 года – дата, якая стала днём нараджэння новай эпохі. Хутка пасля рэвалюцыйных падзей на палітычнай карце свету з’явілася краіна новай фармацыі – СССР, у якім адной з 15 братніх рэспублік была і БССР.  Цяпер у школах толькі па адным уроку адведзена гэтай тэме ў падручніках па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі. Трэба, каб сённяшнія школьнікі ведалі, што менавіта ў 1917 годзе на легендарным крэйсеры “Аўрора” служыў наш зямляк М. Шклянік, а ў штурме Зімняга ўдзельнічаў ураджэнец вёскі Галавачы Ф. Сакун, у кнізе “Памяць. Ляхавіцкі раён” занатаваны ўспаміны ўдзельніка кастрычніцкіх падзей 1917 года Івана Кухарчыка з Зарытава. Для мяне важна, што падлеткі цікавяцца гісторыяй і нават спрабуюць даваць сваю ацэнку тым ці іншым палітычным падзеям.

Аляксандр РУСІН, старшыня раённай  арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў:
– З 7 лістапада ў мяне, як, мусіць, і ў любога ваеннага чалавека асаблівая асацыяцыя. У гэты дзень у 1941 годзе адбыўся гістарычны парад на плошчы ў Маскве. Тады прама адтуль маршам салдаты і афіцэры пайшлі ў акопы на абарону Масквы і вытрымалі, выстаялі пад магутным націскам фашысцкіх армій. Можна сказаць, што менавіта тады пачаўся пераломны момант у Вялікай Айчыннай вайне, 70-ю гадавіну Перамогі ў якой сёлета мы ўрачыста адзначылі.
Калі служыў, неаднойчы прымаў удзел у парадах. Гэта ні з чым не параўнальнае адчуванне ваеннай магутнасці вялікай дзяржавы. І сёння беларуская армія – сіла, якая трывала стаіць на варце міру.

Ганна ПАНАСЕНЯ, навучэнка аддзялення  ветэрынарнай медыцыны ЛДАКа:
– Мне 18 гадоў. Як раней святкаваўся гэты дзень, ведаю ад сваіх родных. Калі пачула выступленне члена Камуністычнай партыі Беларусі дырэктара  СШ №1 Наталлі Кулак, зацікавілася, захапілася ідэямі і напісала заяву аб уступленні ў партыю. Нядаўна стала камуністкай. Прачытала нямала літаратуры пра падзеі, якія адбываліся ў далёкім 1917 годзе. Сёння палітолагі і гісторыкі адзначаюць, што ў рэвалюцыі шмат супярэчнасцей. Аднак менавіта рэвалюцыя стала пачаткам ліквідацыі масавай непісьменнасці, мільёны людзей атрымалі магчымасць вучыцца. Будаваліся заводы, электрастанцыі, школы, бальніцы, развівалася вытворчасць. Адзіны шматнацыянальны Савецкі Саюз даў адпор фашысцкай навале – перамог у Вялікай Айчыннай вайне. Гэтым нельга не ганарыцца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *