ЗАТ «Белпрампрыбор». Выніковыя і комплекс, і сенажаць

Галоўны аграном ЗАТ «Белпрампрыбор» Віктар Канецпольскі.

На раённых “Дажынках” галоўны аграном ЗАТ “Белпрампрыбор” Віктар Канецпольскі свяціўся радасцю – такога важкага коласу, як сёлета, на жніўных палетках прадпрыемства не было ніколі: 64 цэнтнеры на круг з улікам паправачнага каэфіцыента. Дастойна папрацавалі камбайнеры, вадзіцелі на адвозцы зерня, работнікі зернетакоў. Але ж без важкага слова агранамічнай службы намалот у 5390 тон наўрад стаў бы магчымым. Большая частка сёлетняга ўраджаю пайшла на “хлеб”, пэўная – на корм жывёле.

Ёсць чым пахваліцца прадпрыемству і ў нарыхтоўцы травяністых кармоў: назапасілі па 23 цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. А камбайнер Аляксандр Дубіна перамог у раённых спаборніцтвах на нарыхтоўцы травяністых кармоў.

“Белпрампрыбор” – адно з двух свінагадоўчых прадпрыемстваў раёна. І адно з самых эфектыўных у краіне. Сёлета да мінулагодняга валу ўжо дадалі 410 цэнтнераў свініны. Сярэднясутачныя прывагі адной галавы складаюць 767 грамаў. За апошнія 2 гады падзеж і выбракоўка маладняку на комплексе зменшыліся ў 3,5 раза, а сярэднясутачныя прывагі павялічыліся больш чым на 50 працэнтаў. Па выніках работы ў 2014 годзе “Белпрампрыбор” заняў першае месца сярод сотні свінагадоўчых комплексаў рэспублікі па сярэднясутачных прывагах і восьмае па вытворчасці свініны на сярэдняе пагалоўе.

Паспяхова развіваецца ў гаспадарцы і малочная галіна. Не першы год прозвішчы тутэйшых аператараў машыннага даення, напрыклад, Ірыны Мельнік – сярод перадавікоў. У сваіх намінацыях лепшымі ў раёне сталі аператары Валерый Собаль, Тамара Куніцкая, Наталля Бярэзіч. У жывёлагадоўчых поспехах – заслуга і галоўнага ветурача “Белпрампрыбора” Яўгенія Філічкіна.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *