ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Сонейка пад накрыўкай

Старэйшаму прадпрыемству раёна – кансерваваму заводу – 66 гадоў. Сёння ў яго асартыменце 120 найменняў прадукцыі: сокі, варэнні, соусы, салаты, абедзенныя нарыхтоўкі. Некаторыя – традыцыйныя для ляхавіцкай вытворчасці – сёння ці не эксклюзіўныя, маецца на ўвазе шчаўе, бярозавік у чыстым выглядзе ці купажыраваны, яблычнае павідла, якое карыстаецца нязменным попытам у пакупнікоў. Начальнік эканамічнага бюро прадпрыемства Вольга Бурак сцвярджае, што кансервы мясцовай вытворчасці паспяхова рэалізуюцца па ўсёй Беларусі, асабліва даспадобы яны жыхарам Віцебшчыны і Магілёўшчыны. Не змяншаюцца аб’ёмы вытворчасці і адгрузкі гатовай прадукцыі.

На карысць яе – вельмі важкія аргументы: выдатныя якасць і смак, прымальныя цэны. Апошняя акалічнасць ва многім фарміруецца параўнальна таннай сыравінай. Гэта дзякуючы падсобнай гаспадарцы адкрытага акцыянернага таварыства, якая не адзін дзясятак гадоў займаецца вырошчваннем зеляніны і гародніны для ўласнай вытворчасці. Красамоўная лічба: амаль тры чвэрці гародніны, што перапрацоўваецца на заводзе, вырашчана на сваёй “падсобцы”.

Ну, а каб сіла сонца і вітамінаў у нарыхтаванай садавіне-гародніне захавалася надалей, кансерваўшчыкі распрацоўваюць новыя рэцэпты, строга захоўваюць тэхналогію вытворчасці, вывучаюць густы пакупнікоў. На прадпрыемстве пабудаваны новы сучасны цэх, які абсталяваны па апошнім слове мадэрнізацыі. Частка прадукцыі сыходзіць менавіта з яго канвеера.

Пра калектыў кансервавага можна расказваць бясконца. Тут выдатныя традыцыі, пачуццё каманды і асабістага саўдзелу ў агульнай справе, гонару за зробленае тымі, хто пачынаў і хто працягвае. Дырэктар прадпрыемства Леанід Лейчанка – унікальны кіраўнік і асоба, і сённяшні дзень завода ў значнай ступені – ягоная рэжысура. Даволі гарманічная і бясстратная. Вытворчасць трывала на плаву.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *