Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

Падлескія гісторыі

Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па факце крадзяжу з дома ў Падлессі электрычнага трымера коштам 1,4 мільёна рублёў. Як высветліла следства, 40-гадовы нідзе не працуючы жыхар аграгарадка скарыстаўся ключом, які ляжаў ва ўмоўным месцы… Зламыснік раней судзімы таксама за крадзёж. Падазроны затрыманы. Украдзенае ў яго адабрана. У ходзе далейшага расследавання ўстаноўлена, што гэта ён жа з іншага дома ў Падлессі ўкраў веласіпед.

А 28-гадовая жыхарка Падлесся ў доме сваёй аднавяскоўкі ўкрала грошы, схаваныя пад коўдрай.

Чужы тэлефон лепшы?

18-гадовы жыхар Капыльскага раёна прыехаў у госці да аднакурсніка ў аграгарадок Конькі. І так спадабаўся яму мабільны тэлефон гаспадара, што прыхапіў наварочаны мабільнік коштам 3,7 мільёна рублёў.  На чужы тэлефон паквапіўся і 15-гадовы вучань СШ № 1, які выцягнуў яго з рукзака школьніка ў раздзявалцы каля спартыўнай залы.  Па абодвух фактах узбуджаны крымінальныя справы.

Аўтаўзлом

Ноччу невядомы злодзей разбіў задняе шкло аўтамабіля, які знаходзіўся каля шматкватэрніка па вуліцы Будаўнікоў у райцэнтры, і ўкраў з салона рознай маёмасці амаль на 700 тысяч рублёў. Вядзецца следства.

Засталіся без сукенак

Як паведаміў у рэдакцыю старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РАУС Дзмітрый Грабёнка, на аўтадарозе каля Тальмінавічаў супрацоўнікі АДАІ, групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, інспекцыі МПЗ па Ляхавіцкім раёне затрымалі аўтамабіль, якім кіраваў жыхар горада Старыя Дарогі. У машыне знаходзілася каля 50 жаночых сукенак коштам ад 800 тысяч рублёў кожная, якія перавозіліся без патрэбных дакументаў. Тавар канфіскаваны, праводзіцца праверка.

Са зводкамі РАУС знаёмілася Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *