Я заўсёды твой вучань, родная школа

Успамінаюцца далёкія, але шчаслівыя школьныя гады. Бы ажывае перад вачыма карціна: у клас заходзіць настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мікалай Паўлавіч Юруць, і гучыць такое роднае, такое чароўнае слова. Пасля гэтай сустрэчы я канчаткова вырашыў: стану педагогам, буду выкладаць беларускую мову і літаратуру, як гэта робіць мой настаўнік з Крывошынскай СШ Мікалай Паўлавіч. Менавіта ён абудзіў у маёй душы любоў да матчынай песні, да гісторыі роднай зямлі. Ён і сёння для мяне застаецца вельмі дарагім і мудрым дарадцам.

39-ы год я працую на педагагічнай ніве ў Івацэвіцкім раёне. І ўвесь гэты час у душы жывуць словы майго настаўніка: “Сцяпан, калі хочаш стаць сапраўдным педагогам, вучыся ўсё жыццё. Тады будзеш мець права вучыць іншых”. Гэта парада для мяне – настаўніцкі запавет, якога я прытрымліваюся заўсёды.

Неаднойчы чуў ад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама Святланы Якубоўскай і старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святланы Бялецкай добрыя словы пра сваю родную школу. Даўно збіраўся наведаць яе, такую незабыўную, такую маю. І вось жнівеньскім ранкам разам са сваёй пляменніцай, былой вучаніцай школы, а цяпер настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара Крывошынскай СШ па вучэбнай рабоце Святланай Сапега заходжу ў колішні свой клас. Як жа гэта шчымліва… Тут стаяла мая парта, тут, ля дошкі, мы атрымлівалі свае пяцёркі і не толькі, сюды штодня прыходзілі нашы любімыя настаўнікі, якія ўрок за ўрокам вучылі, падказвалі, выхоўвалі.

Памятаю мудрых і разважлівых дырэктараў Канстанціна Міхайлавіча Кулакова і Леаніда Канстанцінавіча Трухановіча, шчырую добрую ўсмешку самай лепшай настаўніцы рускай мовы і літаратуры Марыі Мікалаеўны Шавель. Вучні бы зачараваныя слухалі настаўніка геаграфіі Івана Захаравіча Якубца, які потым больш за 30 гадоў узначальваў раённы аддзел адукацыі. Былі ў захапленні ад урокаў выкладчыцы нямецкай мовы Зінаіды Іванаўны Русак. А як цікава праходзілі класныя гадзіны і палітінфармацыі пад кіраўніцтвам дарагога чалавека для мяне і маіх аднакласнікаў Веры Сямёнаўны Сабалеўскай, нашай класнай і настаўніцы матэматыкі ў адной асобе. Яна валодала дарам рабіць урокі цікавымі, а складаны матэрыял даступным і зразумелым. Гэта яна навучыла нас цаніць жыццё і час, любіць і шанаваць родную старонку. З ёю нам было добра, утульна і цікава. А якія мудрыя жыццёвыя парады мы атрымлівалі на ўроках настаўніка гісторыі Аляксея Андрэевіча Шавеля!

Хочацца сказаць самыя цёплыя словы і пра першую настаўніцу Ірыну Аляксандраўну Каменюкову.Яна вяла нас у цудоўны свет ведаў, выхоўвала ў душах дабрыню, шчырасць і сумленнасць, была мастацкім кіраўніком лялечнага тэатра, у якім удзельнічалі вучні малодшых і старэйшых класаў. Школьны конюх дзед Міхась запрагаў зімой у сані ці брычку каня і вазіў нас у суседнія вёскі Малышы, Галаўнінцы, Шчэрбава, Бенькаўцы, дзе мы ў клубах ставілі свае спектаклі. О, як гэта было здорава! І зараз помніцца ўсё да драбніц. У 1969 годзе ўдзельнічалі ў раённым конкурсе лялечных тэатраў і занялі другое месца. З якой жа радасцю і задавальненнем вярталіся з Ляхавіч пасля паспяховага выступлення. А на лінейцы дырэктар школы аб’явіў нам падзяку і ўручыў сувеніры.

Добрую памяць пра сябе пакінулі настаўнік фізікі Аляксей Акімавіч Каменюкоў, настаўніца біялогіі Людміла Іванаўна Сазонава, хіміі – Алена Сцяпанаўна Жук. Наша школа славілася спартыўнымі дасягненнямі, і ў гэтым была заслуга фізрука Канстанціна Сцяпанавіча Мажэйкі. Мае аднакласніцы Аня Русакевіч і родная сястрычка Ангеліна Куніцкая былі мацнейшымі лёгкаатлеткамі сярод вучнёўскай моладзі не толькі ў раёне, але і ў вобласці.

Падарункі на святы сваім бацькам мы ніколі не куплялі ў магазінах, а выпільвалі, выточвалі іх у школьнай майстэрні пад кіраўніцтвам настаўніка працы Уладзіміра Аляксеевіча Дубіны. А яшчэ на ўсё жыццё запомніўся палатачны лагер на беразе Шчары, паходы па родным краі, якія арганізоўвалі і праводзілі энтузіясты турыстычна-краязнаўчай работы настаўнік гісторыі Леанід Вікенцьевіч Чаранкевіч і географ Яраслаў Паўлавіч Зубік. Пад іх кіраўніцтвам вучні, у тым ліку і мае аднакласнікі, сабралі багацейшы матэрыял, стварылі цудоўны гісторыка-краязнаўчы музей, слава пра які ў той час ішла па ўсёй вобласці. Гэта яны рыхтавалі нас да турзлётаў, “Зарніцы”. Наша школа неаднойчы абараняла гонар вобласці на рэспубліканскіх турыстычных спаборніцтвах.

Славіўся сваім высокім майстэрствам школьны вучнёўскі хор, якім кіравала Ангеліна Антонаўна Санько – маці вядомага кампазітара і выпускніка Крывошынскай СШ Анатолія Санько.

Нашы педагогі былі сапраўднымі прафесіяналамі, любілі дзяцей і аддавалі сябе рабоце цалкам. Яны засталіся для нас прыкладам і арыенцірам на ўсё жыццё. На жаль, многіх ужо няма сярод нас, але памяць пра іх не згасае.

…Пабываў у роднай школе, сустрэўся з калегамі і яшчэ раз пераканаўся ў тым, што сённяшняе пакаленне педагогаў, якое тут працуе, працягвае і захоўвае традыцыі тых, хто быў да іх. Дарэчы, у настаўніцкім калектыве сёння 10 былых вучняў гэтай СШ. Як прыемна было ўсё гэта ўбачыць! Хачу шчыра пажадаць маім дарагім землякам працягваць шчыраваць на педагагічнай ніве сумленна, як гэта рабілі настаўнікі старэйшага пакалення, як гэта робяць яны.

Сцяпан КУНІЦКІ, выпускнік

Крывошынскай СШ 1973 г.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *