Цёплы дом. 29 снежня дзіцячаму дому Страмавусаў з Ляхавіцкага раёна споўніцца 5 гадоў.

Вялікі двухпавярховы катэдж відаць здалёк, як і яго з густам уладкаваная тэрыторыя. Насустрач высыпае ўся вялікая сям’я. Сёння Святлана і Аляксандр Страмавусы – другія бацькі для 5 дзяўчынак і 3 хлопчыкаў, яшчэ адна выхаванка дзіцячага дома сямейнага тыпу часова вучыцца ў Целеханскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце.

У калідоры ўражвае вялікая колькасць верхняга адзення і абутку, акуратна развешаных і расстаўленых па шматлікіх кручках і паліцах, якія, як і многія іншыя зручнасці, майстарскі вырабіў галава дома.

Гаспадыня запрашае ў гасціную – вялікі светлы пакой – любімае месца сям’і. Тут утульна і камфортна. Цэнтр сямейнага сусвету – гарэза Веранічка, яна пастаянна каля дарослых, тут жа круцяцца Саша і Даша. Дарэчы, Даш дзве – адной 11 гадоў, другой – 5. Малодшая вельмі любіць маляваць, старэйшая – рукадзельніца, захапляецца фатаграфаваннем. Жыццярадаснаму Сашку няма калі сумаваць, ён не сядзіць на адным месцы ні хвіліны, да ўсяго ў яго ёсць інтарэс. Яшчэ адзін любімчык старэйшых хлопчыкаў і дзяўчынак – Захар, унук Страмавусаў. А Жэня і Наташа – маміны памочніцы, дапамагаюць даглядаць малодшых.

– Асабліва любіць гаспадарыць  Наташа. Я гатую – яна назірае, а потым дэманструе свае кулінарныя здольнасці. Сёння, напрыклад, будзем рабіць лянівыя варэнікі. Дзяўчынкі ўсе такія майстрыхі! Займаюцца рукадзеллем дома і ў гуртках, – расказвае Святлана Іванаўна.

– Толькі вазьму ў рукі малаток ці адвёртку, Ільюша тут як тут. “Татачка, я табе дапамагу!” гаворыць, – не хавае радасці Аляксандр Іванавіч. Цікавіцца мужчынскімі справамі і Данік. Ён у сям’і нядаўна, але замяшчальных бацькоў называе мамай і татай, як і іншыя рабяты. І гэтым многае сказана пра бацькоўскую працу. Працу, якая доўжыцца кругласутачна.

…6 гадзін раніцы. У доме цішыня. Не спіць мама Света – гатуе сняданак, накрывае на вялікі стол, за якім збіраецца сям’я.  Літаральна праз некалькі хвілін пачынаецца ажыўленне. Здаецца, звычайныя ранішнія клопаты: апрануць, заплесці, накарміць, пажадаць добрага дня. Як сустрэнеш раніцу – з такім настроем пройдзе і дзень, лічыць Святлана Страмавус. Таму стараецца, каб пачатак дня быў радасным.

Сашу, Вераніку і Дашу Аляксандр Іванавіч кожную раніцу адвозіць у дзіцячы сад № 4. Яўгенія, Наталля, Ілья, Дар’я, Данік адпраўляюцца ў школу – вясёлая чарада рабят вылятае каля 7 гадзін раніцы.

… Зноў дом ахутала цішыня. Гаспадыня прыступае да штодзённых абавязкаў: прыбрацца, зварыць абед, тое-сёе падшыць-зашыць. Святлана Іванаўна ўспамінае, як раней гатавала для хлопцаў суп у дзесяцілітровай каструлі. Зараз у сям’і большасць дзяўчынак, таму аб’ём першай стравы зменшыўся да пяці літраў.

На пытанне, ці не пашкадавала пра аднойчы зроблены выбар на карысць замяшчальнага бацькоўства, Святлана Іванаўна адказвае:

– Не пашкадавала і не пашкадую.  12 гадоў, як сталі прыёмнымі бацькамі, днямі нашаму дому сямейнага тыпу споўніцца 5 гадоў. Мой выбар падтрымалі і муж, і дзеці Ганна і Яўгеній, якім на той час было 12 і 16 гадоў. Дачка нават з намі ездзіла ў прытулак.  І сёння яны першыя дарадцы і сябры нашых выхаванцаў. Розныя былі сітуацыі. Часам апускаліся рукі. Кожны са сваім характарам, болем і не самым простым жыццёвым вопытам. Але жаданне быць з імі, даць ім бацькоўскую любоў, навучыць радавацца жыццю заўсёды надавалі і надаюць сілы. Засынаю і прачынаюся з думкамі пра дзяцей. Іх у нас за 5 гадоў было не многа не мала – 18. Трое з нашых выхаванцаў паўналетнія, хтосьці атрымлівае далейшую адукацыю, хтосьці працуе. Але тая нітачка, якая нас парадніла, не рвецца. Нашы хлопчыкі і дзяўчынкі прыязджаюць і тэлефануюць. Трымаем цесную сувязь і з роднымі сённяшніх падапечных, – расказвае Святлана Страмавус.

…Заканчваюцца ўрокі, пачынаюцца заняткі ў гуртках – рабяты прыбягаюць і зноў імчацца па справах. У поўным складзе сям’я збіраецца недзе а шостай гадзіне. Кожны спяшаецца расказаць пра падзеі дня, падзяліцца навінамі і хваляваннямі. Нейкага трэба і паўшчуваць (у вялікай сям’і без дысцыпліны нельга), другога – падбадзёрыць, надаць упэўненасці, а кагосьці, нягледзячы на ўзрост, прытуліць да сэрца. І пачынаецца карусель – выкананне дамашняга задання, вячэра, размова па душах, разнастайныя гульні…

…Дашка расказвае, што на навагоднім ранішніку будзе сняжынкай, хваліцца прыгожай сукенкай. Санька будзе гномікам, і сям’я азадачана пошукам дэталяў касцюма.

А агульнымі клопатамі і праблемамі жывуць Страмавусы. Не ўсё так маляўніча, як здаецца з боку. Але жыццярадаснасць і мудрасць гаспадыні гасціннага дома, залатыя рукі і працавітасць гаспадара развейваюць хмары і нягоды. Нядаўна спаборнічалі ў абласным конкурсе прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу “Мая прыёмная сям’я”, занялі ў ім трэцяе месца.  У лістападзе Святлана была сярод  400 дэлегатаў рэспубліканскага форуму замяшчальных сем’яў.

…Звініць будзільнік. Пачынаецца новы дзень, які прынясе новыя падзеі і сустрэчы. Няхай кожнае дзіця будзе шчаслівым і ў кожнага будзе свой цёплы дом.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *