Адходы патрабуюць абыходжання…

Камітэт дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці прааналізаваў выкананне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі і зрабіў высновы: асобныя суб’екты гаспадарання не надаюць належнай увагі гэтаму пытанню і навядзенню элементарнага парадку на тэрыторыях.

Так, падчас праверак у некаторых сельгасарганізацыях змешаныя адходы будаўніцтва, што засталіся пасля зносу будынкаў, знаходзяцца ў несанкцыянаваных месцах. Пры гэтым, не вядзецца пярвічны ўлік адходаў, не праводзіцца іх інвентарызацыя, не заведзены і не вядуцца кнігі ўліку. Выяўлены таксама факты скажэння даных аб адходах, што падаваліся ў навукова-даследчы цэнтр «Экалогія».

Па выніках праверак да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 6 юрыдычных асоб (штраф склаў 12,6 мільёна рублёў), 8 службовых асоб аштрафаваны на 8,2 мільёна. З мэтай папярэджання ў наступным падобных парушэнняў пра вынікі кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў інфармуюцца мясцовыя выканаўчыя органы.

У наступным годзе КДК сумесна са спецыялістамі абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўзмоцніць кантроль за выкананнем заканадаўства аб абыходжанні з адходамі.

…металічныя –  асаблівага

З улікам таго, што сыравіну для прадпрыемстваў айчыннай металургіі даводзіцца імпартаваць, эфектыўная арганізацыя збору і перапрацоўкі лому і адходаў чорных і каляровых металаў адыгрывае асабліва важную ролю для беларускай эканомікі. На жаль, сітуацыя з іх нарыхтоўкай складваецца не лепшым чынам. Калі летась усе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі вобласці выканалі дзяржзаказ па нарыхтоўцы металалому, то сёлета, як паведаміў  начальнік упраўлення КДК Аляксандр Пузік, асобныя прадпрыемствы, у тым ліку ВУП “Брэстдругчармет”, над вырашэннем пытання працуюць недастаткова эфектыўна: у вобласці нарыхтоўка металалому праводзіцца з адставаннем ад задання, па выніках 9 месяцаў яго недапастаўлена больш як 9000 тон.  Выяўляюцца не адзінкавыя факты непрыняцця кіраўнікамі арганізацый мер па выкананні заканадаўства аб абыходжанні з ломам і адходамі металу. У бягучым годзе пасля маніторынгу КДК на прамысловых прадпрыемствах нарыхтоўчым арганізацыям дадаткова здадзена каля 500 тон лому. Парушэнні парадку ўліку, збору, захавання, транспартавання, нарыхтоўкі чорных і каляровых металаў устаноўлены ў 19 суб’ектаў гаспадарання.

Не абышлося без парушэнняў на Брэстдругчармеце, дзе назіраецца негатыўная дынаміка зніжэння эфектыўнасці работы. Кульгае тут і разліковая дысцыпліна.  Падчас праверкі КДК высветлілася, што не на ўсе нарыхтоўчыя пункты прадпрыемства распаўсюджвалася дзеянне спецыяльнага дазволу па закупцы лому: у 26 вёсках нарыхтоўчыя пункты працавалі без ліцэнзіі, таму іх дзейнасць прыпынена. Матэрыялы праверкі накіраваны ў праваахоўныя органы.

Недахопы ў рабоце па арганізацыі збору металалому прыводзяць да працвітання шэрага бізнесу. Праваахоўныя органы сёлета канфіскавалі з незаконнага абароту амаль 55 тон металалому на суму 360 мільёнаў рублёў. Незаконныя схемы збору і здачы металалому выяўляюцца і спыняюцца, праводзіцца значная прафілактычная работа.

КДК Брэсцкай вобласці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *