Новы год прыйшоў у Ляхавічы спакойна. Амаль што

Апошні дзень снежня па традыцыі заўсёды напоўнены прыемнымі клопатамі перад сустрэчай Новага года. Але не ўсім шчасціць разам з сям’ёй сабрацца за святочным сталом. Некаторыя нашы землякі 1 студзеня знаходзіліся на працоўных месцах – забяспечвалі нам утульнасць, парадак і грамадскую бяспеку. Рэдакцыя “ЛВ” пацікавілася, як сёлета ў іх прайшлі навагоднія святы.

У раёне электрасетак і раёне газазабеспячэння адзначылі, што правялі стары і сустрэлі новы год без здарэнняў – аварыйных выклікаў не паступала. У штатным рэжыме працавалі і дарожнікі.

1 студзеня раніцай давялося тушыць пажар выратавальнікам – гарэў дом у Крывошыне. Калі падраздзяленні РАНС прыбылі на месца, быў знішчаны дах, пашкоджаны перакрыцце і маёмасць дома. Прычына пажару ўстанаўліваецца. Як расказала інспектар РАНС Таццяна Калгушкіна, два месяцы назад па гэтым адрасе ўжо тушылі пажар, які здарыўся з-за курэння ў нецвя-розым стане гаспадара дома.

З раніцы да поўначы 31 снежня супрацоўнікі хуткай дапамогі прынялі 29 выклікаў, 1 студзеня – 28. Усе былі звязаны, як правіла, з абвастрэннем хранічных захворванняў. А вось на другі і трэці дзень новага года зарэгістраваны 4 пераломы і 4 чэрапна-мазгавыя траўмы. Традыцыйна пасля святаў абвастраюцца хваробы страўнікава-кішачнага тракту. У прыёмным пакоі ЦРБ нагадалі, што ў галалёдзіцу трэба быць асабліва асцярожнымі, не спяшацца. Сюды 31 снежня з пераломамі за меддапамогай звярнуліся 2 чалавекі, з 1 па 3 студзеня – яшчэ 10.

Святочная ноч выдалася параўнальна спакойнай для супрацоўнікаў міліцыі – яны неслі службу ў рабочым рэжыме. ДТЗ і іншых здарэнняў не зарэгістравана, паведамілі “ЛВ” у аператыўна-дзяжурнай службе РАУС.

Святы працягваюцца. УУС аблвыканкама нагадвае аб адказнасці за парушэнне грамадскага парадку і неабходнасці захавання правілаў бяспекі пры выкарыстанні піратэхнікі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *