Два колы супраць чатырох?

Вадзіцелі любых транспартных сродкаў і пешаходы абавязаны ведаць і выконваць правілы дарожнага руху. Аднак, некаторыя, у прыватнасці, вадзіцелі аўтамабіляў, лічаць, што перавага на дарозе належыць менавіта ім. Як бы імкліва ні ішоў працэс аўтамабілізацыі, веласіпедыстаў менш не становіцца. І, перш чым сесці за руль двухколага сябра, трэба ўспомніць пра правілы дарожнага руху.
З пачатку года на тэрыторыі Брэстчыны адбылося 10 ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў, у якіх 4 чалавекі загінулі, 6 – атрымалі цялесныя пашкоджанні. У кожнай трэцяй аварыі вінаватымі з’яўляюцца самі веласіпедысты.
Да аварый прыводзіць менавіта няведанне элементарных правіл паводзін на дарозе, адсутнасць узаемапавагі і ўзаемаветлівасці паміж усімі ўдзельнікамі дарожнага руху.
Многіх ДТЗ можна было б пазбегнуць, калі б веласіпед своечасова абсталявалі святлоадбівальнымі катафотамі белага колеру — спераду, чырвонага – ззаду. Веласіпедысту неабходна насіць святлоадбівальную камізэльку, дзякуючы якой ён будзе добра бачны ў цёмны час сутак пры бліжнім святле фар аўтамабіля. Часта пры павароце вела-сіпедысты папярэдне не сігналяць рукой, ігнаруюць сігналы святлафора. На жаль, нярэдкія выпадкі, калі яны ездзяць у стане алкагольнага ап’янення, што часта прыводзіць да трагедыі.
Веласіпедыстам, перш чым парушаць правілы дарожнага руху, раю добра падумаць, ці будзе апраўдана гэта рызыка: чаго яны могуць пазбавіцца самі і пазбавіць іншых. Трэба зрабіць выбар на карысць бяспекі, а значыць – здароўя.
Юрый МАЛЕВІЧ, начальнік АДАІ РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *