Студзеньскі агонь

Пажар у Жарабковічах

У мінулую суботу ў цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне пра пажар у Жарабковічах. Калі прыбылі выратавальнікі, гарэў дах дома. На падлозе ў пакоі пажарныя знайшлі нежывой вяскоўку 1932 года нараджэння. Загінуўшая жыла разам з сястрой, гаспадыняй дома, якая на момант узгарання знаходзілася на вуліцы. Прычына пажару высвятляецца. Суседзі характарызуюць сясцёр толькі са станоўчага боку. У доме заўсёды былі парадак і чысціня…

Праз два дні раніцай гарэў дом у Кавалях. Прыехаўшыя на выклік выратавальнікі знайшлі ў адным з пакояў цела мужчыны без прыкмет жыцця. У выніку пажару агнём пашкоджаны ложак і драўляная падлога. Па словах суседзяў, загінуўшы быў схільны да ўжывання алкаголю, многа курыў. Дом не быў абсталяваны АПА. Пажар выявіў знаёмы загінуўшага, калі прыйшоў да яго за інструментам. Папярэдняя прычына трагедыі – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Дарэчы, гэта прычына – адна з асноўных, па якіх людзі гінуць у агні. Летась курэнне ў ложку таксама забрала жыццё чалавека ў нашым раёне. У мінулым годзе па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём было зарэгістравана 11 пажараў (у 2014 – 18). 10 пажараў летась і пазалетась здарыліся з-за эксплуатацыі няспраўнага пячнога ацяплення і цеплагенерыруючых установак. Па прычыне няспраўнасці электраабсталявання было адпаведна 6 і 8 пажараў.

У 2015 годзе на тэрыторыі раёна зарэгістраваны 33 пажары, з пачатку гэтага года – ужо 4. РАНС нагадвае жыхарам раёна пра няўхільнае выкананне правілаў пажарнай бяспекі, у тым ліку пры эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання. Абараніце сябе і маёмасць – устанавіце ў кватэрах і дамах аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

Таццяна КАЛГУШКІНА,

інспектар РАНС.

Фота з архіва РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *