Святло веры, надзеі, любві

Сцяжынка да храма ў кожнага свая: хтосьці з дзяцінства, іншыя ў дарослым узросце – праз жыццёвыя выпрабаванні і сумненні – далучаюцца да святла веры, якая ў трыадзінстве з надзеяй і любоўю накіроўвае да спасціжэння ісціны, вучыць мудрасці быць чалавекам, жыць у згодзе з сумленнем і самім сабою, па запаведзях біблейскіх. І ў думках, і ў памкненнях, і ў справах. Простая формула, ды бывае няпроста ёю кіравацца. А трэба – заўсёды, каб вартасць і годнасць былі не віртуальнымі паняццямі, каб дабрыня не стала кандыдаткай у “Чырвоную кнігу”.

Чалавек Георгій Жытко – гэта добразычлівец, дарадца, інтэлектуал, філосаф, хуткая дапамога ў мінуты, калі балюча, незваротна, горка. Свяшчэннік айцец Георгій – протаіерэй, настаяцель храма Узвіжання Крыжа Гасподня, благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі, кандыдат багаслоўя. Ён побач са сваімі землякамі і ў радасці, і ў горы. З верай у Бога, міласцю Божай, сваю сцяжынку да храма ператварыў у шырокую дарогу – сёння па ёй крочаць многія з нас. І ў Крыжаўзвіжанскую царкву райцэнтра, і ў іншыя праваслаўныя храмы Ляхавіччыны, і, што не менш важна, душы свае аздобілі духоўнасцю.

Ён даўно лічыць сябе ляхавічанінам. Тут яго карані, і сюды, дадому, у тым ліку і намаганнямі Георгія Жытко больш чым праз сем дзесяцігоддзяў, вярнуўся ў родную зямлю загінуўшы напачатку Вялікай Айчыннай пад Кіевам яго дзядзька, радавы Міхаіл Жытко, які ўвесь гэты час лічыўся прапаўшым без вестак… Такі вось факт.

І ў гэтым ён увесь, Георгій Канстанцінавіч, айцец Георгій: моцны духам, настойлівы, паслядоўны, уважлівы, перакананы. Ён разумее і старога, і малога. Ведае і шануе гісторыю. Яго сёння напоўнена многімі добрымі справамі. Ён клапоціцца і пра дзень заўтрашні, намагаецца, каб людзі жылі з Богам у душы.

Душа поўніцца любоўю. Бог ёсць любоў. Светласць веры – радасць надзеі.

Які гэта цуд – жыццё, якая бясконцая навука – быць чалавекам. Пагаварыце з айцом Георгіем, паслухайце-пачуйце яго: мы ўсе – заўсёдныя вучні на шляху да спасціжэння ісціны.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *