Жалезнае пытанне

На станцыі абязжалезвання ў Ляхавічах.

Якасць вады непакоіла ляхавічан на працягу доўгіх гадоў. Справа ў тым, што ад прыроды нам дасталося павышанае ўтрыманне ў вадзе жалеза. Іржавыя падцёкі на сантэхніцы, посудзе, спецыфічны колер таго, што цякло з кранаў, выклікалі абурэнне людзей, якія тэлефанавалі і пісалі скаргі ў розныя інстанцыі. Па інфармацыі галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ляхавіцкага раёна Віталія Ціханава, у сітуацыі даводзілася разбірацца і санслужбе. Калі тутэйшая лабараторыя мела акрэдытацыю, вада штомесячна правяралася на мікрабіялагічныя паказчыкі, раз у квартал – на хімічныя. У пераважнай большасці выпадкаў пробы не адпавядалі нормам.

Шмат гадоў далей размоў пра будаўніцтва станцыі абязжалезвання справа не ішла. Дзякуючы дзяржаўнай праграме “Чыстая вада”, сітуацыя ўсё ж зрушылася з месца. Згодна праграмы, на Ляхавіччыне пабудавана 5 станцый абязжалезвання. Які эфект ад іх работы – высвятляў карэспандэнт “ЛВ”.

Напрыканцы мінулага года, у рэшце рэшт, пасля доўгіх пераносаў была ўведзена ў эксплуатацыю Ляхавіцкая станцыя абязжалезвання. Падчас першых пробных пускаў стала зразумела – вынік ёсць. Адсутнасць скаргаў гараджан на якасць вады і вынікі даследаванняў на санітарна-хімічныя паказчыкі (у тым ліку – утрыманне жалеза) – таму пацвярджэнне. Як расказала ўрач-гігіеніст райЦГіЭ Яна Санюта, па даных даследаванняў, праведзеных сёлета ў лютым у лабараторыі Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, жалеза ў водаправоднай вадзе ўтрымлівалася 0,1 міліграма на кубічны дэцыметр. Гэты паказчык укладваецца ў норму 0,3 мг/дм3, пры тым, што раней перавышаў норму ў 6-7 разоў.   Адпавядае водаправодная вада хімічным і мікрабіялагічным паказчыкам – гэта таксама пацверджана лабараторна.
Раз у тыдзень пробы вады бяруцца і для лабараторыі, якая дзейнічае ў КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”. Як расказалі ў камунгасе, акрамя жалеза, сучаснае абсталяванне станцыі фільтруе мутнасць і іншыя непатрэбныя ў складзе вады рэчывы. За суткі перапрацоўваецца звыш 2200 кубічных метраў вадкасці. За ходам працэсу сочаць 8 спецыялістаў.
Перад уводам у эксплуатацыю станцыі абязжалезвання былі выкананы работы па аўтаматычнай дыспетчарызацыі артэзіянскіх свідравін, што павінна аблегчыць работу па кантролі за заборам вады са свідравін. Начальнік участка водаправоднай і каналізацыйнай гаспадаркі камунгаса Уладзімір Ракавец тлумачыць прынцып работы станцыі: “Вада са свідравіны па вадаводах падаецца на станцыю абязжалезвання. Тут адбываецца яе ачыстка праз фільтры ад злучэнняў жалеза. Потым яна паступае ў запасна-рэгулюючыя рэзервуары, а адтуль помпамі падаецца ў гарадскую водаправодную сетку. Мы павінны прытрымлівацца тэхналагічнай схемы, згодна якой фільтры абязжалезвання пасля пэўнага тэрміну пастаяннай работы належыць прамываць.Чым больш у вадзе жалеза – тым часцей патрабуецца прамыванне. Для гэтага выкарыстоўваецца ачышчаная вада, якая пасля адстойвання і абззаражання зноў падаецца на станцыю абязжалезвання”.
Тут жа, у адміністрацыйна- бытавым корпусе станцыі праводзіцца і кантроль за якасцю вады: бярэцца вада непасрэдна з артсвідравін, затым фільтраваная вада і з агульнага трубаправода. Лабараторна-вытворчы кантроль ажыццяўляецца па бактэрыялагічным і хімічным складзе, а таксама па арганалептычных паказчыках (пах, смак і г.д.).
Задача, што ставілася да будаўніцтва аб’екта – забеспячэнне спажыўцоў горада якаснай пітной вадой, – паспяхова вырашана. На гэта затрачана больш за 28 мільярдаў рублёў (23,5 мільярда з абласнога, 4,6 мільярда рублёў – з рэспубліканскага бюджэтаў).
Аднак, як зазначыў дырэктар камунгаса Аляксандр Мядзвецкі, станцыя ў Ляхавічах пакуль поўнасцю пытанне не здымае: трэба яшчэ мяняць частку водаправода. Пэўныя праблемы з іржавай вадой перыядычна ўзнікаюць, калі з-за зношанасці водаправоднай сеткі адбываюцца аварыйныя парывы, у горадзе гэта найбольш актуальна для вуліц і завулкаў у раёне райбальніцы, вуліцы 60 гадоў Кастрычніка. Нядаўна знялі такую праблему для жыхароў вуліцы Заходняй – зроблена закальцоўка водаправода.
Нягледзячы на пэўныя нязручнасці, ляхавічанам пашанцавала, чаго не скажаш пра жыхароў некаторых аграгарадкоў і вёсак раёна. Сёлета на справаздачным сходзе СВК “Жарабковічы” тутэйшыя працаўнікі ўздымалі, у тым ліку, воднае пытанне. Якасць вады ў Жарабковічах такая, што ні піць, ні гатаваць стравы, ні мыць у ёй бялізну нельга. І, канешне ж, прапанова прывозіць у аграгарадок пітную ваду ў бочках – не выйсце з сітуацыі і не вырашэнне праблемы. Яна, між іншым, вісіць у паветры не першы год. Мясцовая станцыя абязжалезвання не працуе 6 гадоў – з моманту ўводу. Па даных райЦГіЭ, апошнія пробы вады з артсвідравіны браліся 4 мая мінулага года. У вадзе з артсвідравін утрыманне жалеза складала 2,1 міліграма на кубічны дэцыметр (норма, нагадаем 0,3 мг/ дм3), а пасля праходжання праз станцыю абязжалезвання – 2,2. У пітной водаправоднай вадзе 23 кастрычніка ўтрыманне жалеза перавышала норму больш чым у 7 разоў. Зразумела абурэнне людзей. Навошта было ўкладваць вялікія бюджэтныя грошы, каб пабудаваны даўно аб’ект не эксплуатаваўся па сваім прамым прызначэнні. Дырэктар камунгаса пракаментаваў сітуацыю: “Прайшла экспертызу праектна-каштарысная дакументацыя, выдзелена частка сродкаў з абласнога бюджэту на правядзенне закальцоўкі водаправода ў аграгарадку. Праведзеныя мерапрыемствы дазволяць палепшыць ступень ачысткі вады. Работы плануем правесці за гэты год”.
Дарэчы, калі заяўленая ў Жарабковічах тэхналогія апраўдае сябе і дасць належны эфект, то аналагічныя работы будуць праведзены яшчэ на дзвюх станцыях абязжалезвання, якія таксама знаходзяцца на балансе камунгаса. Пакуль жа пра неэфектыўнасць аналагічнай станцыі ў аграгарадку Ліпск гавораць лабараторныя даследаванні: пасля праходжання праз яе ўтрыманне жалеза ў вадзе склала 6,9 мг/дм3 (на 4.05.2015 г.), у вадзе пітной водаправоднай – 2,6 мг/дм3.
Такі ж стан спраў і са станцыяй абязжалезвання ў аграгарадку Дарава. Вынікі лабараторных даследаванняў на ўтрыманне жалеза ў маі мінулага года наступныя: 7,8 мг/дм3, у кастрычніку – 6,6 мг/дм3.
З улікам грунтоўнага аналізу папярэдняй, распрацавана раённая праграма “Чыстая вада” на бліжэйшую пяцігодку: дасканала акрэслена, у якім стане кожны кіламетр водаправода, дзе і колькі калодзежаў трэба чысціць, дзе трэба зусім убраць, бо няма каму карыстацца. Будуць і далей праводзіцца мерапрыемствы па паляпшэнні якасці вады, якая паступае ў нашы дамы, кватэры, адміністрацыйныя будынкі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *