Па-беларуску. З любоўю

Зноў перамога – чарговая, заслужаная. Гімназістка Ніно Квернадзэ ў рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па вучэбных  прадметах, удзельнікаў якога напрыканцы лютага гасцінна сустракаў Магілёў, заваявала дыплом I ступені. Выступленне Ніно ў секцыі “Літаратуразнаўства” з работай “Міфалогія ў беларускіх прыказках” было адзначана кампетэнтным журы найбольшай колькасцю балаў – 44 з 50 магчымых.

Таленавітая і мэтанакіраваная Ніно ведае, чаго хоча ад жыцця. Упэўнена ідзе да сваёй мэты, пераадольваючы прыступку за прыступкай. Яе шлях да мары – работа над сабой. Ініцыятыўная і эрудзіраваная, яшчэ ў пачатковых класах дзяўчынка пачала дэманстраваць свае веды на раённых алімпіядах. За поспехамі – напружаная праца, хваляванні і радасці.

Беларуская мова з вуснаў 11-класніцы гучыць прыгожай і мілагучнай песняй. Неаднойчы нават самае строгае журы адзначала яе ўзорнасць.   Гэтай абаяльнай дзяўчыне, здаецца, па плячы любая справа. Захацела навучыцца іграць на гітары – скончыла школу мастацтваў. І зараз у рэдкія свабодныя мінуты Ніно бярэ гітару.

Сэрца Ніно аддадзена Беларусі і Грузіі. Сінявокая – родны дом, Грузія – радзіма бацькі, там жыве шматлікая радня.   Мама ў Ніно самая добрая і клапатлівая, а бацька – прыклад ва ўсім. Менавіта яго мудрыя настаўленні – яе жыццёвыя прынцыпы: не ленавацца, не апускаць ніколі рукі, мець уласнае меркаванне. У сям’і шануюць і адзначаюць беларускія і грузінскія святы. Дарэчы, імя дзяўчынка атрымала ў гонар бабулі, і азначае яно –  “з любоўю”.   Самае каштоўнае для сям’і Квернадзэ – быць разам, падтрымліваць адзін аднаго і разумець.

– Ніно вельмі добрая, жыццярадасная і адказная, заўсёды імкнецца дапамагчы іншым. Вельмі паважаю яе, люблю і захапляюся, – гаворыць пра сваю вучаніцу настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Святлана Ермаковіч.

Дарэчы, Ніно заўсёды шанцавала на настаўнікаў. Ім яна шчыра за ўсё ўдзячна.  Напрыканцы сакавіка Ніно зноў будзе абараняць гонар раёна на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *