Атэлье для аўто /фота/

Дырэктар аўтацэнтра ”Вікторыя” Віктар Шчука на фоне адрэканструяванага аўтамабіля.

— Вялікі дзякуй, Віктар Іванавіч! Нават падумаць не мог, што атрымаецца ўсё так цудоўна. Вельмі рады супрацоўніцтву, – звярнуўся да дырэктара ПУП “Аўтацэнтр “Вікторыя” Віктара Шчукі прадстаўнік агракамбіната “Сноў”, які напачатку сакавіка прыехаў забіраць аўтамабіль з новенькім кузавам.
Яшчэ ў 2012 годзе “Вікторыя” атрымала спецыяльны міжнародны атэстацыйны код, а з ім і права рамантаваць і вырабляць кузавы любога тыпу на аснове шасі МАЗа. З таго часу прадукцыя прадпрыемства паспела сябе добра зарэкамендаваць у розных галінах вытворчасці не толькі на Брэстчыне. Адзін з пастаянных кліентаў – той жа “Сноў”.
За няпоўныя 4 гады некалькі сотняў новых і набыўшых другое жыццё пасля капрамонту кузавоў адправіліся ў розныя прадпрыемствы і арганізацыі Ляхавіцкага раёна, вобласці, краіны і нават замежжа.
На шасі МАЗаў тут робяць сапраўдныя ўсюдыходы, якія выкарыстоўваюцца для вывазу арганікі на палі. СВК “Жарабковічы” заказаў і ўжо эксплуатуе 19 кузаваў, пераробленых з былых прычэпаў для перавозкі семачак сланечнікаў. Зроблены ў “Вікторыі” фургон адправіўся на цукровы завод у Гарадзею, адрамантаваная тэхніка – у Лунінецкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.
У кузаўным атэлье аўтацэнтра навучыліся майстраваць прыстасаванні не толькі да беларускіх МАЗаў, але і да расійскіх КАМАЗаў.
Ліквідуюць паломкі мясцовыя аўтамайстры не толькі на базе аўтацэнтра, рамонтныя брыгады выязджаюць і на прадпрыемствы заказчыкаў. На мінулым тыдні вярнуліся з Пінска, Кобрына, Брэста.
А пачыналася ўсё ў красавіку 2004 года. За 12 гадоў “Вікторыя” ад звычайнага прадпрыемства аўтасэрвісу вырасла практычна да машынабудаўнічага, якое пад заказ канкрэтных спажыўцоў робіць на шасі аўтамабіля самазвалы, лесавозы, ізатэрмічныя фургоны, іншую тэхніку, адказвае і за яе далейшае абслугоўванне.
Дарэчы, аналагічныя аўта-цэнтры ў свой час былі адкрыты ў Бярозе, Пружанах, Пінску, але не вытрымалі канкурэнцыі і спынілі сваё існаванне. А наша “Вікторыя” прадаўжае паспяхова працаваць. Пры гэтым тут нікога не скарацілі, работнікі своечасова атрымліваюць зарплату, плюс – дадатковыя бонусы ў выглядзе даплат за стаж работы на прадпрыемстве, прэміі да святаў і г.д.
– Калектыў невялікі – усяго 16 чалавек. Пра кожнага можна сказаць – прафесіянал. Калі б удалося знайсці яшчэ такіх высакакласных спецыялістаў, работы хапіла б і ім, – гаворыць Віктар Шчука.
Той, хто працуе ў аўтацэнтры, справу ведае. Многаму вучацца самі, але абавязкова штогод праходзяць перанавучанне непасрэдна на мінскім аўтазаводзе. Ад заказчыкаў майстры “Вікторыі” чуюць пра сваю работу нязменна станоўчыя водгукі.
Заснавальнік і дырэктар прадпрыемства, лепшы прадпрымальнік Брэстчыны па выніках мінулых гадоў, лаўрэат абласнога і раённага конкурсаў “Чалавек года” Віктар Шчука з задавальненнем дзеліцца бліжэйшымі планамі, у якіх адкрыццё новага кузаўнога цэха (для гэтага ўжо адрамантавана памяшканне, устаноўлены станкі і прыстасаванні). А калі ўсё пойдзе па плане, то гэтай восенню спраўдзіцца адна з запаветных мар Віктара Іванавіча – першых наведвальнікаў прыме музей рэтра-аўтамабіляў, які размесціцца ў аўтацэнтры. І нават па тых экзэмплярах, якія ёсць у наяўнасці, можна з упэўненасцю сцвярджаць: паглядзець будзе на што.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Майстры кузаўных спраў

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *