Добрая гравійка лепш, чым дрэнны асфальт. Новае жыццё набыла дарога ад Задвор’я да старой Брэст-Маскоўскай

Дрэнная дарога – гэта калі транспарт па ёй не едзе, а скача. Так коратка, іранічна, вобразна, але ж і дакладна-ёміста апісваюць шляхі асаблівай ямістасці. Доўгі час пад гэту характарыстыку поўнасцю падпадаў асфальт, што вёў з Задвор’я ў Набярэжную і далей – да дарогі Бабруйск-Івацэвічы. Глыбокія, з вострымі краямі ямы – адна на адной. Каб не рызыкаваць гумай, падвескай сваіх жалезных коней, аўтамабілісты аддавалі перавагу ўзбочыне.
Так званы ямачны рамонт у якасці лячэбнай працэдуры, што рэгулярна практыкавалі дарожнікі, прыносіў слабы і вельмі кароткі эфект. Пакласці новы асфальт? Найлепшы варыянт, але ж дзе ўзяць непад’ёмныя для раёна і вельмі вялікія для вобласці дзясяткі мільярдаў рублёў?
Пайшлі па альтэрнатыўным варыянце: дарога з першапачаткова асфальтна-бетонным пакрыццём была, па тэрміналогіі дарожнікаў, пераведзена ў дарогу з гравійным пакрыццём. “Перавод” ажыццявіла Ляхавіцкае ДРБУ-200. На ўсё пра ўсё спатрэбілася чатыры дні працы. Пачыналі зранку, а заканчвалі позна ўвечары. Неабходная для работы спецыяльная машына-фрэзер вытворчасці сусветна вядомай амерыканскай кампаніі Caterpillar прыехала з Брэста. Дарагая ва ўсіх сэнсах, яна адна на ўвесь “Брэст-аблдарбуд”. Рабочая шырыня захопу фрэзера – 2,5 метра. На выхадзе з машыны ад цвёрдай стужкі застаецца матэрыял дробнай фракцыі. Колішні асфальт у ім можна і не распазнаць. Далей – работа грэйдара, катка. І, калі ласка, атрымайце “гравійку”. Канешне, могуць быць розныя меркаванні з нагоды такой трансфармацыі. Але ж будзем мець на ўвазе вядомае, якое сцвярджае, што добрая гравійка лепш, чым дрэнны асфальт.
Як паведаміў рэдакцыі начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога, зараз за станам дарогі будзе “сачыць” грэйдар. Ігар Міхайлавіч назваў і кошт пытання: перавод 5,3 кіламетра асфальтавай дарогі ў гравійную абышоўся ў 545 мільёнаў рублёў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

One thought on “Добрая гравійка лепш, чым дрэнны асфальт. Новае жыццё набыла дарога ад Задвор’я да старой Брэст-Маскоўскай

  • 13/04/2016 в 23:29
    Permalink

    Замечательная весеннняя обновка. От качества дороги напрямую зависит не только техническое состояние машины, а и успешность поездки, и настроение и т.д. И транспорт дольше прослужит, и водители и пешеходы будут более вежливы к друг другу

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *