Сацыяльны дабрабыт – аргумент на карысць эканомікі

Ад якасці сяўбы залежыць важкасць будучага коласа. Тэмай размовы намесніка старшыні аблвыканкама Леаніда Цупрыка, старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча, кіраўніка дэпутацкага корпуса Яўгенія Юрлевіча і механізатара СВК «Шлях новы» Генадзія Місько (справа) быў ход пасяўной.

Цэнтрам сусвету для аграрыяў у гэтыя красавіцкія дні з’яўляецца поле. І не толькі для аграрыяў. Адрас, дзе пачынаецца ўраджай-2016, дзе на вачах заараныя гектары ператвараюцца ў хлебную ніву, у раскладзе дня спецыялістаў розных службаў, органаў улады. Арганізацыяй пасяўной у нашым раёне, якасцю і хуткасцю яе правядзення, захаваннем тэхналогіі, вытворчымі ўмовамі для ўдзельнікаў гэтай кампаніі цікавіўся напрыканцы мінулага тыдня намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Леанід Цупрык.
Ён пабываў у тым ліку на палях СВК “Шлях новы”. “40-45 гектараў за светлавы дзень, – прагучала ў адказ на пытанне пра асабістыя тэмпы сяўбы механізатара Генадзія Місько. – Трэба паспець, пакуль не перасохла глеба”. Тысячагектарную ніву адной з самых буйных гаспадарак раёна плануюць засеяць аператыўна, для чаго ёсць усе магчымасці: кадры, тэхніка, паліва і г. д. Пры спрыяльным раскладзе для гэтага спатрэбіцца яшчэ тыдзень.
Леанід Цупрык пытанні пасяўной абмеркаваў са старшынёй райвыканкама Вячаславам Сельмановічам і кіраўніком дэпутацкага корпуса Яўгеніем Юрлевічам.
Рашэннем аблвыканкама Леанід Аляксандравіч замацаваны за нашым і Баранавіцкім раёнамі для аказання садзейнічання ў пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторыі і каардынацыі работы ўсіх арганізацый і службаў раёнаў з абласнымі і рэспубліканскімі.
Размова карэспандэнта “ЛВ” з Леанідам Цупрыкам выйшла за межы аграрнай тэмы і закранула многія іншыя пытанні. Але ўсё ж пачалася з таго, што ў красавіцкіх тэзісах у пасяўной – асобае месца…

– Пра тое, што вясновы дзень год корміць, ведаюць усе. У гэту пару, незалежна ад дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу, папрацаваць трэба ўдарна. Тым больш, што заданне па вытворчасці зерня напружанае. Дарэчы, Брэстчына летась намалаціла без малога паўтара мільёна тон.
Хлебны каравай Ляхавіччыны заважыў каля 84 тысяч тон пры ўраджайнасці звыш  50 цэнтнераў з гектара. Вынік добры, але можа быць яшчэ лепшым. На тутэйшых землях рэальна сабраць 100 тысяч тон. Для гэтага ёсць усе магчымасці і патэнцыял.
Вясновы час важны не толькі для хлебаробаў, але і для жывёлаводаў – на падыходзе сезон вялікага малака. Не менш значны ён для эканомікі і вытворчасці прамысловых прадпрыемстваў, будаўнічых арганізацый. І не толькі таму, што пачаўся ўжо другі квартал года: зараз закладваецца аснова для пяцігадовага развіцця.
Краіна рыхтуецца да V Усебеларускага народнага сходу, які падвядзе вынікі прайшоўшай пяцігодкі і акрэсліць, вызначыць задачы да 2020 года. Гэта датычыць і эканомікі, і вытворчасці, і сацыяльнай сферы. Падкрэслю, тут другарадных пытанняў не бывае, як не бывае другарадных рэгіёнаў і прадпрыемстваў у рэалізацыі дзяржаўных праграм. Маленькі СВК і буйны агракамбінат, кампактнае перапрацоўчае прадпрыемства і маштабны холдынг робяць адну агульную справу. І Ляхавіцкі раён з яго слаўнымі традыцыямі, працавітымі людзьмі і вялікім патэнцыялам не выключэнне. Чаканы вынік прыйдзе тады, калі кожны на сваім месцы будзе сапраўдным гаспадаром, клапатлівым, сумленным, ашчадным, прадбачлівым. Клопат дзяржавы, задача ўлады – стварыць умовы для развіцця і забяспечыць магчымасці для сацыяльнага дабрабыту насельніцтва.
– Леанід Аляксандравіч, у сацыяльным дабрабыце адно з галоўных месцаў адведзена ахове здароўя, стан якой хвалюе ўсіх без выключэння. Пра дасягненні Брэстчыны вядома за межамі вобласці. Наколькі гэтыя дасягненні даступны для жыхароў раёна, і што ў перспектывах раённай медыцыны?
– Красамоўным сведчаннем развіцця аховы здароўя Брэстчыны стала дасягненне лепшых у рэспубліцы дэмаграфічных паказчыкаў. Нашай медыцыне сапраўды ёсць чым ганарыцца – ад добрай базы ўстаноў аховы здароўя, высокатэхналагічных метадаў дыягностыкі і лячэння да высокапрафесіянальных спецыялістаў, якія выконваюць складаныя аперацыі на сэрцы, трансплантацыю нырак, печані, эндапратэзаванне буйных суставаў, перасадку хрусталіка, эндаскапічныя – на шчытападобнай залозе, лёгкіх, органаў брушной поласці. Сярод пацыентаў абласных устаноў аховы здароўя – жыхары ўсіх рэгіёнаў Брэстчыны.
Што датычыць насельніцтва Ляхавіцкага раёна, то, акрамя гэтага, да яго паслуг і медустановы суседніх Баранавічаў. Дарэчы, зусім нядаўна тут адкрыты міжраённы кардыялагічны цэнтр, а трохі раней наваселле справіў гінекалагічны корпус Баранавіцкага радзільнага дома.
Пастаянна ўдасканальваецца база медыцынскіх устаноў, павышаецца ўзровень раённай медыцыны. На Ляхавіччыне за апошнія некалькі гадоў адрамантаваны і мадэрнізаваны хірургічныя блокі цэнтральнай раённай бальніцы, рэнтгенкабінет, па сутнасці пабудавана новая паліклініка, адрамантавана інфекцыйнае аддзяленне. Усё гэта і многае іншае – за бюджэтныя сродкі. У сельскай мясцовасці, часта незалежна ад патрабуемай колькасці насельніцтва, працуюць ФАПы.
Паступова вырашаем праблему недахопу медыцынскіх кадраў. Сітуацыя паляпшаецца за кошт стварэння належных умоў для маладых спецыялістаў. Летась, напрыклад, у раён прыбылі 8 выпускнікоў вышэйшых медыцынскіх устаноў і 15 работнікаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Для замацавання ўрачэбных кадраў райвыканкам забяспечыў іх жылымі памяшканнямі. У гэтым годзе раён прымае 12 урачоў.
– Якія, на вашу думку, складаемыя дэмаграфічнага плюса Брэстчыны?
– Дробязяў у такой жыццесцвярджальнай тэндэнцыі няма. Гэта вынікі дзейснай увагі дзяржавы да сям’і, клопатаў пра здароўе маці і дзіцяці, дзяржаўныя бонусы пры вырашэнні кватэрнага пытання, асабліва для мнагадзетных сем’яў, сямейны капітал, уладкаванне дзіцячых садкоў і ў дзіцячыя садкі, школьная забяспечанасць, аздараўленне рабят і дарослых, фарміраванне здаровага ладу жыцця і стварэнне выдатных умоў для заняткаў фізкультурай і спортам, акцыі ў падтрымку шчаслівага дзяцінства. І яшчэ адзін факт не трэба скідваць з рахункаў: у дзіцячых дамах Брэстчыны ўсё менш выхаванцаў – хлопчыкі і дзяўчынкі, якія засталіся без апекі бацькоў, у большасці выпадкаў знаходзяць новыя, шчаслівыя, сем’і. Дарэчы, і ў Ляхавіцкім раёне ёсць пабудаваныя дзяржавай дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.
Гэтае і многае іншае спрыяе таму, што сем’і ўсё часцей прымаюць рашэнне на карысць павелічэння, і ўсё часцей у іх з’яўляецца трэцяе, чацвёртае дзіця…
– Але ў сельскай мясцовасці, ва ўсякім выпадку ў нашым раёне, насельніцтва старэе, а моладзь часта месцам жыхарства выбірае горад, і, адпаведна, школы становяцца ўсё менш напоўненымі.
– Сапраўды, у раёне сярод самых малаколькасных школ апынуліся Мядзведзіцкая, Свяціцкая і Тальмінавіцкая. Я вывучаў гэту сітуацыю, сустракаўся з бацькамі.  Такая сітуацыя патрабуе аб’яднання школ і арганізацыі падвозу навучэнцаў.
Пры ўсім гэтым адзначу, што ў бюджэце вобласці адным з прыярытэтных артыкулаў расходаў застаецца сістэма адукацыі. Толькі на рамонтна-будаўнічыя работы Ляхавіцкай гімназіі летась скарысталі амаль 850 мільёнаў рублёў, больш мільярда пайшло на рамонт Малагарадзішчанскага ВПК “Дзіцячы сад-сярэдняя школа”. Добраўпарадкуецца тэрыторыя ўстаноў адукацыі, абнаўляецца школьнае абсталяванне, харчаблокі.
– Леанід Аляксандравіч, апошнія некалькі гадоў для нашай краіны багатыя на юбілеі. Адсвяткавалі 70-годдзе вызвалення рэспублікі ад фашысцкіх захопнікаў, 70-годдзе Вялікай Перамогі.
22 чэрвеня споўніцца 75 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. І гэта яшчэ адна нагода ўспомніць пра тых, хто перажыў яе ліхалецце.

– Увага дзяржавы да ветэранаў Вялікай Айчыннай не абмяжоўваецца юбілейнымі датамі. Гэта клопат штодзённы і ўсеагульны. Сёлета на дамах ветэранаў з’яўляюцца шыльды з зорачкамі – ажыццяўляецца патрыятычная акцыя, ініцыятарамі якой з’яўляюцца БРСМ, Беларускі фонд міру і БРПА. Маральная і матэрыяльная падтрымка ветэранаў, клопат пра іх здароўе, бытавыя ўмовы даўно сталі прывычнымі справамі для ўлады, сацыяльнай службы, моладзі, школьнікаў, валанцёраў.
Асаблівая ўвага – месцам воінскай славы і пахавання загінуўшых у барацьбе з фашызмам. Дарэчы, сёлета сродкі ад рэспубліканскага суботніка, які пройдзе   23 красавіка, зноў будуць накіраваны ў тым ліку і на добраўпарадкаванне пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай. Тыя грошы, што застануцца ў распараджэнні Брэсцкага аблвыканкама, будуць накіраваны таксама на будаўніцтва маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці. Дзеля таго, каб памяць пра герояў і пра подзвіг жыла сёння і ў наступных пакаленнях. Каб любіць Радзіму, трэба ведаць і шанаваць яе гісторыю.
– З якім настроем, Леанід Аляксандравіч, вы прыязджаеце ў раён, дзе прайшло дзяцінства, дзе вучыліся, пачыналі працоўную біяграфію?
– Заўсёды цёпла на сэрцы, калі ўжо здалёк убачу абрысы родных мясцін. Люблю ляхавіцкую зямлю і сваіх землякоў, працавітых, дружалюбных, шчырых, таленавітых. Радуюся іх поспехам і адчуваю сябе ў адказе за тое, чым жыве Ляхавіччына. І па закліку сэрца, і па службовых абавязках.
Пахарашэў наш райцэнтр. Рэканструяваны і адрамантаваны, добраўпарадкаваны многія будынкі, вуліцы, скверы. Палепшылася якасць жыцця гараджан і вяскоўцаў. Мясцовая ўлада прыкладае намаганні, каб гэты працэс працягваўся. Зроблена многае, але ёсць над чым працаваць, што ўдасканальваць, у тым ліку – уласнымі рукамі: кожны з жыхароў раёна ў адказе за парадак на сваёй зямлі. Бачу працяг гэтага, таму кожны прыезд у Ляхавічы для мяне – радасны.
– Дзякуй за размову, Леанід Аляксандравіч.

Гутарыла Вольга БАРАДЗІНА.

2 thoughts on “Сацыяльны дабрабыт – аргумент на карысць эканомікі

  • 14/04/2016 в 10:16
    Permalink

    Действительно, сколько всего в нашей стране делается для человека и его нужд, начиная с заботы о здоровье и по созданию надлежащих условий на рабочем месте.
    Не надо далеко ходить и за другими примерами. Посмотрите, как изменились наши Ляховичи — стали более уютными, привлекательными, приветливыми.

  • 14/04/2016 в 21:39
    Permalink

    «Чаканы вынік прыйдзе тады, калі кожны на сваім месцы будзе сапраўдным гаспадаром, клапатлівым, сумленным, ашчадным, прадбачлівым»…
    Резонное замечание — в самую точку. Даже если кому-то кажется, что его работа незаметна и должность незначительна, это не повод работать спустя рукава. Тем более, что условий и возможностей для того, чтобы обеспечить семье нормальную жизнь, сегодня действительно хватает. Нужно их использовать, а не ждать, что кто-то всё сделает за тебя и подаст на блюдечке.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *