Патрабуюцца ідэі

У перадапошні красавіцкі дзень у цэнтральнай раённай бібліятэцы праходзіла сустрэча з рэгіянальным каардынатарам праекта  ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” Анатоліем Бялецкім, у якой прынялі ўдзел намеснікі старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба, Дзіяна Трысцень, старшыні сельвыканкамаў, прадстаўнікі сфер адукацыі, аховы здароўя, камунальнай і іншых, індывідуальныя прадпрымальнікі і проста неабыякавыя ляхавічане.
“ЛВ” паведамляў, што наш раён стаў пілотнай тэрыторыяй рэалізацыі праекта ПРААН, які накіраваны на развіццё мясцовых ініцыятыў (з 16 раёнаў Брэсцкай вобласці перамаглі ў першым конкурсе мясцовых ініцыятыў толькі 5). Гэта дае рэгіёну магчымасць увасобіць у жыццё перспектыўныя ідэі, вырашыць некаторыя сацыяльныя задачы і праблемы мясцовага значэння.
Анатолій Бялецкі пакрокава пазнаёміў прысутных з асаблівасцямі далейшага ўдзелу ў мерапрыемствах праекта, з этапамі тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця, паведаміў пра падыходы і ўмовы ўдзелу ў конкурсе мясцовых ініцыятыў, заяўку на ўдзел у якім можа падаць любы жадаючы. Вынікам гэтай маштабнай работы, якая зойме не адзін месяц, павінна стаць фарміраванне прыярытэтаў і стварэнне пашпарта тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця раёна. Магчыма, чыясьці ідэя стане асновай фарміравання нейкай адметнасці Ляхавіччыны, яе адрознення ад іншых адміністрацыйных адзінак.
Анатолій Бялецкі прывёў прыклады паспяховай рэалізацыі падобных праектаў у іншых рэгіёнах.
Удзельнікі семінара-трэнінгу агучвалі праблемы мясцовага значэння, якія патрабуюць, на іх погляд, першачарговага вырашэння. Дарэчы, такія семінары, “круглыя сталы” для павышэння інфармаванасці насельніцтва аб магчымасцях праекта ў раёне плануецца арганізаваць яшчэ. Будзе створана і ініцыятыўная група, кіраўнік якой выбраны падчас сустрэчы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *