Ляхавіцкія зоркі спартыўнага небасхілу.21 мая — Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту

Людміла Пастарнакевіч.

На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў наш зямляк  Андрэй Куркач стаяў на чале ўсіх спартсменаў і фізкультурнікаў раёна. Ён узначальваў камітэт па фізкультуры і спорту райвыканкама з 1969 па 2000 год. У гэты час запаліліся зоркі многіх вядомых спартсменаў-ляхавічан, у поўную сілу раскрыліся педагагічныя і трэнерскія здольнасці Андрэя Барысавіча і ягоных калег.
Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту – нераўнадушны, актыўны, улюбёны ў справу свайго жыцця Куркач падзяліўся ўспамінамі пра тых, з кім давялося працаваць, і пра выхаванцаў, хто праславіў раён спартыўнымі дасягненнямі. Не пра ўсіх, канешне, – іх шмат, але пра найбольш яркіх і настойлівых. Экскурс у спартыўную гісторыю наш гід пачаў  з пасляваеннага  часу.

…Іграў духавы аркестр, людзі радаваліся, моладзь пераадольвала лыжныя дыстанцыі. 21 студзеня 1945 года ў нашым раёне праводзіліся адны з першых пасля вызвалення рэспублікі спартыўных спаборніцтваў – па лыжах. А ў маі гэтага ж года арганізавалі камсамольска-прафсаюзны лёгкаатлетычны крос, у якім удзельнічалі каля 1500 юнакоў і дзяўчат.

Разгарнулася будаўніцтва. Уладкоўваліся прасцейшыя спартпляцоўкі, на змену якім з цягам часу прыйшлі больш грунтоўныя збудаванні.   Надзвычай актыўна развівалася фізкультурна-спартыўнае жыццё раёна ў 60-90-х гадах мінулага стагоддзя. На стадыёны, у спартзалы моладзь ішла ахвотна і масава. Кіраўнікі працоўных калектываў падтрымлівалі ініцыятыву будаўніцтва спартыўных аб’ектаў, і гэта быў правільны падыход, які і сёння не страціў сваёй актуальнасці. У 1964 годзе ў Ляхавічах адкрылася ДЮСШ, з’яўляліся новыя пляцоўкі і залы.

Масавае захапленне спортам вылучала самых таленавітых і здольных. Звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі ішлі да вяршынь спартыўнага майстэрства пад кіраўніцтвам мясцовых трэнераў і педагогаў. Яніна Бурвель з Ляхавіч – першы ў раёне майстар спорту па гандболе, лепшы бамбардзір рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў (1966 г.), удзельніца IV летняй спартакіяды народаў СССР.

Вучаніца Мядзведзіцкай СШ Валянціна Макавецкая была чэмпіёнкай ХІХ Усебеларускай спартакіяды школьнікаў (1965 г.),  членам нацыянальнай каманды БССР і СССР, бронзавым прызёрам першынства Еўропы сярод юніёраў у эстафеце 4х100 м, чэмпіёнкай сельскіх спартыўных гульняў у бегу на   200 м, пераможцай і прызёрам усесаюзных і міжнародных студэнцкіх спаборніцтваў, удзельніцай эстафеты алімпійскага агню ХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў у Маскве, старшым трэнерам нацыянальнай каманды Беларусі па лёгкай атлетыцы (2002-2010 гг.).

Ураджэнцы Ліпска Людміла Пастарнакевіч, Генадзій Валюкевіч, Вячаслаў Дыдышка прымалі ўдзел у VII летняй спартакіядзе народаў СССР у Маскве (1979 г.), дзе Генадзій стаў чэмпіёнам. Валюкевіч – майстар спорту міжнароднага класа, шматразовы чэмпіён, уладальнік Кубка СССР, рэкардсмен свету ў трайным скачку, чэмпіён Еўропы. І сёння ён, хаця жыве ў Расіі, сустракаецца з землякамі. У Ляхавічах штогод праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы на прызы Валюкевіча. Генадзій Іванавіч абавязкова прысутнічае на іх.

Вячаслаў Дыдышка – міжнародны гросмайстар, адзінаццаціразовы чэмпіён Беларусі па шахматах. Вырас у вялікай сям’і. З пяці братоў два – першаразраднікі па шахматах. Падчас дамашніх турніраў старэйшы брат Міхаіл і прывучыў Вячаслава да гэтай гульні інтэлектуалаў. Ён стаў чэмпіёнам, здольнасці якога высока цаніў міжнародны гросмайстар па шахматах Віктар Купрэйчык.

Асобная старонка спартыўнай славы раёна звязана з Людмілай Пастарнакевіч. У 1973 годзе яна стала чэмпіёнкай школьнай спартакіяды раёна ў кіданні кап’я. Неўзабаве была залічана ў Мінскую школу алімпійскага рэзерву, і пачаўся яе зорны шлях. Праз два гады выканала нарматыў майстра спорту міжнароднага класа і ўстанавіла рэкорд свету сярод юніёраў.  Цяпер Людміла Пятроўна працуе дырэктарам рэспубліканскага горналыжнага цэнтра “Сілічы”.

Выпускнік Мядзведзіцкай школы Дзмітрый Лобан праявіў сапраўдны спартыўны і мужчынскі характар: ён стаў бронзавым прызёрам X  зімовых Паралімпійскіх гульняў у Ванкуверы, перамагаў на этапах Кубка свету, чэмпіянаце Еўропы па біятлоне, стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету па лыжных гонках.

Святлана Жыхарава першай з беларускіх гандбалістак стала чэмпіёнкай свету, заваявала высокае званне майстра спорту міжнароднага класа. А пачынала свой спартыўны шлях Святлана ў Ляхавічах. Калі вучылася ў  3 класе СШ № 2, на яе звярнуў увагу трэнер ДЮСШ Рыгор Хіліцкі і запрасіў у секцыю па гандболе. Праз доўгія трэніроўкі, далейшую вучобу ў сталічнай школе спартыўнага профілю яна дайшла да сваіх галоўных перамог і адстойвала гонар краіны на міжнародных спаборніцтвах, дзе і стала чэмпіёнкай свету.

Майстар спорту міжнароднага класа Аляксандр Ждановіч свае першыя дыстанцыі пераадольваў пад кіраўніцтвам трэнера Сцяпана Шкляніка ў Жарабковіцкай СШ. Гэта пасля ён быў удзельнікам чэмпіянатаў свету і Еўропы ў лёгкаатлетычным дзесяцібор’і, сярэбраным прызёрам лёгкаатлетычнага матча СССР – Англія. Цяпер Аляксандр выкладае ў Ваеннай акадэміі г. Мінска.  Дарэчы, першым майстрам спорту ў нашым раёне быў выпускнік СШ № 1 Фёдар Траццяк – у 1964 г. па пажарна-прыкладным спорце.

Ляхавіцкі раён даў краіне 45 майстроў спорту, з іх аднаго заслужанага, 6 майстроў спорту міжнароднага класа. У складзе ўдзельнікаў Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету, Еўропы, СССР, усесаюзных школьных спартакіяд і прызёраў чэмпіянатаў БССР і Рэспублікі Беларусь былі 92 нашых землякі. Прычым 25 з іх – з СШ № 1, 20 – з СШ № 2, 12 – з Ліпскай СШ. Вось такая цікавая арыфметыка.

Вельмі прыемна, што спартыўныя традыцыі ў раёне маюць працяг: моладзь імкнецца ў спартзалы і на спартпляцоўкі, ставіць свае асабістыя рэкорды і не толькі. Але гэта ўжо сённяшні дзень, і яго героі, у тым ліку спартыўныя, навідавоку. Мне ж хацелася прагартаць некалькі старонак спартыўнага летапісу мінулых часоў. Віншую ветэранаў фізкультурна-спартыўнага руху, сённяшніх педагогаў і трэнераў з Днём работнікаў фізічнай культуры і спорту. Усім здароўя, натхнення, радасці і пераканання, што галоўныя рэкорды – наперадзе!

Андрэй КУРКАЧ.

Фота з архіва аўтара.

Трайны скачок Генадзія Валюкевіча.

На дыстанцыі Яніна Бурвель (у цэнтры).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *