Спорт без межаў

Масква–Ляхавічы, Санкт-Пецярбург–Ляхавічы. З улікам сучаснасці камунікацыйных шляхоў у азначаных накірунках, маршруты, канешне, не такія ўжо і далёкія. Але і ў гэтым выпадку – нечым трэба было зацікавіць высокапатрабавальных жыхароў дзвюх расійскіх сталіц пусціцца ў такое падарожжа. Не зімовыя краявіды нашых мясцін, не гістарычны да іх інтарэс – хоць і не без гэтага таксама – сталі таму першапрычынай. Расійскі спартыўны дэсант, што на працягу больш як тыдня знаходзіўся ў Ляхавічах, меў канкрэтны прафесійны інтарэс – шляхам удзелу ў сумесным з выхаванцамі-дзюдаістамі мясцовай ДЮСШ і на яе базе вучэбна-трэніровачным зборы — “падцягнуць” сваё спартыўнае майстэрства. Масквічы прыязджалі дзвюма, складзенымі з хлопчыкаў і дзяўчынак 1995–1997 гадоў нараджэння, камандамі, якія прадстаўлялі клубы “Барэц” і шырокавядомы і знакаміты яшчэ з савецкіх часоў “Самба–70”. Піцерскае прадстаўніцтва было колькасна больш сціплым, увогуле ж, у сумесным зборы ўзялі ўдзел больш як 2 дзясяткі юных расійскіх спартсменаў.
Займаліся агульнай і спецыяльнай фізічнай падрыхтоўкай, працавалі над тэхнікай, праводзілі “перакрэсныя” спарынгавыя паядынкі. Шукалі і, думаецца, знаходзілі для сябе нешта новае абодва бакі “працэсу”: і нашы, і госці. Адбываўся абмен вопытам, “фірменнымі” напрацоўкамі на ўзроўні школ і трэнераў. Бясспрэчны факт: нягледзячы на ўніфікаванасць метадаў і методык кожны спецыяліст дзюдо мае ў сваім арсенале нешта сваё, з уласных напрацовак.
У адзін з вольных ад трэніровак дзён намаганнямі аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама была арганізавана экскурсійная паездка ў Нясвіж. Гістарычна багаты, архітэктурна адметны, ціхі горад, па словах удзельнікаў паездкі, гас-цям спадабаўся, выклікаў цікаўнасць.
Дарэчы, разам з трэнерамі-выкладчыкамі некаторых з юных расіян у паездцы суправаджалі і бацькі. Дык вось, у адрозненне ад спартсменаў, якія на працягу збору пражывалі ў спецыяльна прызначаных памяшканнях непасрэдна на базе ДЮСШ, месцам размяшчэння дарослай часткі ра-сійскай дэлегацыі, да задавальнення апошніх, былі абраны аграсядзібы, што знаходзяцца ў вёсцы Набярэжная.
Задаволіла гасцей не толькі гэта, але і ці не ўсё іншае. Харчаванне (яго якасць і цанавая прывабнасць), спартыўная база, агульная атмасфера збору і іншае. Карацей, абяцалі вярнуцца. Улетку і ў больш шырокім складзе ўдзельнікаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *