З калькулятарам па квартале

Адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. Гэты рабочы сход лічыў і “лячыў” эканоміку: асобных прадпрыемстваў і арганізацый, галін гаспадарання і раёна ў цэлым. Акцэнт – на поспехах і недапрацоўках першага квартала года. Плюс лёгкі маніторынг красавіцкай і часткова майскай работы гаспадарчага комплексу раёна са спробай заглянуць за гарызонт першага паўгоддзя.
Нядрэнна. На такую ацэнку, па меркаванні старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча, спрацавала эканоміка раёна на адрэзку першых трох месяцаў года. Пры гэтым увага была звернута і на неабходнасць карэкціроўкі з мэтай планавага завяршэння паўгоддзя.

У аналогіі з 2015-м, за студзень-сакавік бягучага года прамысловасць раёна спрацавала з прыростам. У грашовым пераразліку прамвытворцы падняліся больш як на 22 працэнты, у натуральным – на 6,1. Першачаргова важна, што на складзе выпушчаная прадукцыя асабліва не залежваецца. Пры нарматыўных 55 прамысловы склад раёна складае ўсяго 30 працэнтаў сярэднямесячных вытворчых аб’ёмаў.
Прафіцытным (калі колькасць вакансій перавышае колькасць прэтэндэнтаў на іх) рынак працы не з’яўляецца, аднак, сітуацыя кантралюецца. А з улікам таго факта, што на працягу мая колькасць прапаноў па працаўладкаванні адчувальна павялічылася, пра становішча на рынку працы можна думаць і гаварыць з аптымізмам.
Раёну патрэбны новыя высокарэнтабельныя вытворчасці. Ці мадэрнізацыя старых з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і, адпаведна, павелічэння заработкаў.
За 3 стартавыя месяцы года на некаторыя з прагнозных лічбаў раён не здолеў выйсці. Менш у параўнанні з леташнім адпушчана на экспарт тавараў і паслуг, зменшыўся рознічны тавараабарот, толькі на 60 працэнтаў ад планавай лічбы выканана пад-радных работ. Што да таварнага экспрарту, то факту “нядоімкі” ёсць, па-першае, абгрунтаванае тлумачэнне і, па-другое, упэўненасць у тым, што па выніках года атрымаецца выйсці, а то і перасягнуць прагноз. З экспартам паслуг перспектыўнай яснасці менш. Справа ў тым, што на 99,5 працэнта экспартныя паслугі раёна залежаць ад транспартных паслуг. Агульнае зніжэнне экспарту пацягнула за сабой і зніжэнне аб’ёмаў экспартных перавозак. Плюс – неабходнасць выканання дадатковых патрабаванняў пры перасячэнні граніцы з Расійскай Федэрацыяй, асобныя іншыя нюансы. Аднак, нягледзячы на ўсе складанасці і “нядоімкі”, экспартна-імпартны баланс складваецца на карысць раёна.
Пошук новых і пашырэнне знешніх рынкаў працягваецца. За 3 месяцы года прадукцыя ляхавіцкіх вытворцаў знаходзіла спажыўцоў у 13 краінах: краіны СНД, у тым ліку Расійская Федэрацыя, на долю якой прыходзіцца 30 працэнтаў ляхавіцкага экспарту, старая і новая Еўропа.
Не трывіяльнай бачыцца сітуацыя з рознічным гандлем. У параўнанні з мінулым годам таварная актыўнасць некалькі зменшылася. Фруктаў, агародніны, свініны, ялавічыны, мяса птушкі, рыбы, круп розных найменняў, масла сметанковага, алею, мінеральнай вады, тавараў нехарчовай групы ў натуральным выражэнні рэалізавана больш леташняга. Статыстыку “сапсаваў” алкаголь: у першым квартале года алкагольных напіткаў было прададзена   на 30 працэнтаў менш, чым за той жа перыяд летась.
Колькасць стратных арганізацый у раёне на працягу месяцаў мянялася. І, добрая навіна, у бок змяншэння: у сакавіку было 6, з завяршэннем мая палова з іх, як прагназуецца, выйдзе на прыбытак. Іменна ў гэтым і заключаецца першая мэта любога камерцыйнага пачынання.
Максімальна танна патраціцца на выраб тавару і як можна больш дорага яго прадаць. Гэтую няхітрую, увогуле, формулу трымае ў галаве кожны вытворца. Калі не браць да ўвагі розныя ўдакладненні і тонкасці – розніца паміж другім і першым складае прыбытак. Калі вы не абсалютны манапаліст, цана на тавар рэгулюецца рынкам. Ні прыбавіць – пакупніка не знойдзецца, ні адняць – можна “напароцца” на антыдэмпінгавыя санкцыі. У такой сітуацыі надзея адзіна на сябе: на ўласныя рэзервы, на магчымасць “уціснуцца” з вытворчымі выдаткамі.Курс на “мінус 25”, простай мовай кажучы на зніжэнне на чвэрць сабекошту прадукцыі, канешне, актуальная для арганізацый і прадпрыемстваў Ляхавіччыны. Рэзервы ёсць, як прагучала падчас пасяджэння.
Акрамя разгляду вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, выканання квартальнага раённага бюджэту, на парадку дня стаяла касавічнае пытанне. Прыняты адпаведныя рашэнні.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *