Музычны серпанцін

Вось і прамільгнуў шыкоўнай квеценню апошні месяц вясны. Акордамі справаздачнага канцэрта Навасёлкаўскай школы мастацтваў паставіў ён лірычную майскую кропку. Усе філіялы школы – у Жарабковічах, Начы, Падлессі – старанна рыхтаваліся да гэтай падзеі.
Канцэрт, прысвечаны заканчэнню навучальнага года, мы ладзілі на сцэне Жарабковіцкага СДК. Усе жадаючыя далучыцца да чароўнага свята музыкі сабраліся ва ўпрыгожанай зале. Усхваляваныя вучні, іх бацькі, настаўнікі і госці, радасныя прывітанні і пажаданні стварылі своеасаблівы настрой.
Наша жыццё, як раяль. Белыя клавішы – гэта любоў і шчасце, чорныя – смутак і сум. Каб пачуць сапраўдную музыку жыцця, мы павінны ўмець датыкацца да чорнага і да белага. Самыя тонкія струны душы гледачоў удалося крануць юнаму баяністу Мікіце Судніку, які выканаў любімы ў многіх пакаленняў “Паланэз” Агінскага. А потым гучалі цымбалы ў спрытных руках Ангеліны Шчэрба, заліваліся баяны Кацярыны Ляшко і Дар’і Міхайлавай, Людмілы Карповіч.
Любоў да музыкі выхаванцам школы прывіваюць педагогі Алена Глобаж, Настасся Міхнавец, Людміла Курцова і іншыя. А вынік іх працы прагучаў меладычным серпанцінам, які працягваўся некалькі гадзін, напоўненых прыгажосцю.
Таццяна САЎЧЫК,
дырэктар Навасёлкаўскай
дзіцячай школы мастацтваў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *