Далёкі-блізкі школьны вальс

Ён зноў гучаў для нас, выпускнікоў 1989 года, на вечары сустрэчы ў Мядзведзіцкай СШ. Ні з чым нельга параўнаць тую ўзнёслую душэўную атмасферу, якая панавала ў роднай школе, якую мы пакінулі чвэрць стагоддзя таму.

У Мядзведзічах заўсёды чакаюць і рады былым сваім вучням. Расчулілі цёплыя словы прывітання дырэктара школы Уладзіміра Рачкоўскага. Мы вярнуліся дадому, у шчаслівае юнацтва! Канцэрт-віншаванне, які доўжыўся каля дзвюх гадзін, праляцеў імгненна. Прывітанні вучняў і настаўнікаў перапляліся з выступленнямі выпускнікоў-юбіляраў. Узорны ансамбль песні “Пунсовыя агеньчыкі” Ганчароўскага СДК усім рабіў музычныя падарункі. Шчодрыя апладысменты ”сарвала” мастацкі кіраўнік Аксана Азарчык і малодшая група калектыву, выканаўшы песню “Шчасце кілаграмамі”.

Школа сёлета – імянінніца, адзначыць 145-годдзе. У 2014 годзе яна дасць пуцёўку ў жыццё шасцідзясятаму выпуску. Пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ядвігі Папко плануецца адкрыццё музея гісторыі школы.

Вялікі дзякуй табе, родная школа, вам, паважаныя педагогі і дарагія вучні, за гасціннасць, прыветлівасць, таленавітасць, цеплыню.

Алена САРОКА, Галіна ПІШЧ, Генадзій ДОРУШ

ад імя выпускнікоў 1989 года.

Фота з сайта школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *